Папа Францішак у суботу, 12 сакавіка 2022г., адправіўся ў самае сэрца Рыма – езуіцкі касцёл Найсвяцейшага Імя Езуса, вядомы як Il Gesù, – дзе прыняў удзел у св. Імшы і прапаведаваў з нагоды 400-годдзя кананізацыі заснавальніка ордэна езуітаў.

Святы Айцец прамовіў гамілію на II нядзелю Вялікага посту, тэкст якой мы ніжэй публікуем, дзе разважаў над евангельскім апавяданнем пра Перамяненне Пана. Ён засяродзіўся на чатырох дзеяннях Езуса ў Евангеллі: Езус “узяў” сваіх вучняў з Сабою, Ён “узыйшоў” на гару Ён маліўся, і Ён “застаўся”.

Сённяшняе Евангелле аб Перамяненні Пана прадстаўляе нам чатыры дзеянні Езуса. Нам варта спыніцца на іх, каб у тым, што Ён робіць, знайсці ясныя ўказанні для нашага ўласнага падарожжа як Яго вучняў.

Першым дзеясловам – першым з дзеянняў Езуса – з’яўляецца ўзяць з сабой: Езус, паводле тэксту, “узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба (Лк 9, 28). Гэта Ён распазнае вучняў і прыцягвае нас да сябе: палюбіў нас, выбраў і паклікаў. На пачатку ёсць таямніца ласкі, абрання. Не мы прынялі рашэнне, а Ён паклікаў нас без усялякіх заслуг. Перш чым стаць тымі, хто ўчыніў сваё жыццё дарам, мы атрымалі дармовы дар: дар Божай любові, дадзены задарма. Наш шлях, браты і сёстры, павінен пачынацца кожны дзень з гэтага месца, з першаснай ласкі. Езус зрабіў з намі тое, што і з Пятром, Якубам і Янам: паклікаў нас па імені і ўзяў з сабою. Ён узяў нас за руку. І куды ж Ён хоча нас весці? На сваю святую гару, дзе Ён ужо бачыць нас назаўсёды з Сабою, перамененых Яго любоўю. Менавіта туды вядзе нас ласка, гэтая найважнейшая, першасная ласка. Таму, адчуваючы горыч і расчараванне, адчуваючы сябе прыніжанымі ці незразуметымі, не будзем паддавацца  журбе і настальгіі. Гэта спакусы, якія паралізуюць рух, яны нікуды не вядуць. Наадварот, возьмем жыццё ў свае рукі, пачнём з ласкі, з паклікання… І прымем у дар магчымасць пражываць кожны дзень як частку дарогі, якая вядзе да мэты.

“Ён узяў з сабою Пятра, Якуба і Яна”: Пан бярэ вучняў з сабою, бярэ іх як супольнасць. Нашае пакліканне ўкаранёнае ў камуніі. Каб кожны дзень пачынаць нанова, акрамя таямніцы нашага абрання, мы павінны адчуць ласку прыняцця ў Касцёл, нашую святую іерархічную Маці, і для Касцёла – нашай нявесты. Мы Езусавыя і належым Яму як Таварыства. Будзем жа і надалей прасіць сілы будаваць і падтрымліваць камунію, быць закваскай братэрства для Касцёла і для свету. Мы не салісты, якія хочуць быць пачутымі, а браты, якія хочуць быць у хоры. Няхай жа мы будзем думаць з Касцёлам, адкідаючы спакусу пагоні за асабістым поспехам і дасягненнямі. Не дазволім уцягваць сябе ў клерыкалізм, які нас скоўвае, і ў ідэалогіі, якія нас падзяляюць. Святыя, якіх мы ўспамінаем сёння, былі філярамі супольнасці. Яны нагадваюць нам, што ў небе, нягледзячы на ​​адрозненні ў характарах і светаўспрыманні, мы пакліканы быць разам. І таму, калі мы назаўсёды аб’яднаемся там, наверсе, чаму б не пачаць ужо цяпер, тут, на зямлі? Адкрыемся ж на прыгажосць таго, што Езус узяў нас разам усіх у сабою,  што Езус паклікаў нас. Гэта першы дзеяслоў: узяў.

Другі дзеяслоў: узыходзіць. Езус “узыйшоў на гару” (в. 28). Шлях Езуса – гэта не спуск, а ўзыходжанне. Святло перамянення не даходзіць да раўніны, але патрабуе высілку цяжкай дарогі. Таму, каб пайсці за Езусам, трэба пакінуць раўніны пасрэднасці і розных выгодаў. Адмовіцца ад заспакаяльных звычак, каб распачаць рух зыходу. Сапраўды, пасля ўзыходжання на гару Езус гаворыць з Майсеем і Іллёй менавіта “пра зыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме” (пар. в. 31). Майсей і Ілля ўвайшлі на Сінай або Гарэб пасля двух “зыходаў” у пустыню (пар. Зых 19, 1; 1 Крл 19). Цяпер яны размаўляюць з Езусам пра канчатковы зыход, пра Яго Пасху. Браты, толькі ўзыходжанне крыжа вядзе да мэты славы. Такім ёсць шлях: ад крыжа да славы. Спакуса свету заключаецца ў тым, каб шукаць славы, не праходзячы праз крыж. Мы хацелі б ведаць прамыя і роўныя шляхі, але, каб знайсці святло Езуса, мы павінны пастаянна пераадольваць свае абмежаванні і караскацца за Ім. Пан, як мы чулі, спачатку “вывеў” Абрагама (Быц 15, 5) і цяпер таксама запрашае нас узысці ўгару.

Для нас, езуітаў, выйсце і ўзыходжанне адбываецца пэўным шляхам, добрым сімвалам якога з’яўляецца гара.  У Святым Пісанні вяршыня гары сімвалізуе канец, край, мяжу паміж зямлёй і небам.  І мы пакліканы выйсці і ісці менавіта туды, на мяжу паміж зямлёй і небам, дзе чалавеку нялёгка “стаяць перад” Богам; пакліканы раздзяліць з іншымі няўмелыя пошукі і рэлігійныя сумненні. Там мы павінны быць, і каб асягнуць гэта, мы павінны выйсці і ўзыйсці.  Тады як вораг чалавечай натуры хоча пераканаць нас заўсёды вяртацца да тых самых крокаў, да бяздзейнага паўтарэння, выгоднасці, да таго, што мы ўжо бачылі. Святы Дух прапануе нам адкрытасць, дае супакой, ніколі не пакідаючы нас у спакоі, пасылае вучняў на край свету. Падумаем пра Францішка Ксаверыя.

 І мне прыходзіць у галаву, што для таго, каб прайсці гэты шлях, здзейсніць гэтае падарожжа, трэба змагацца.  Успомнім беднага старога Абрагама: ён аддана змагаўся з драпежнымі птушкамі, якія хацелі з’есці ахвяру (пар. Быц 15, 7-11).  І ён са сваім посахам прагнаў іх.  Бедны стары. Паглядзім на гэта: змагацца, каб абараніць гэты шлях, гэты напрамак, нашае прысвячэнне Пану.

Вучань кожнага часу стаіць на гэтым скрыжаванні. І ён можа паступіць як Пётр, які, калі Езус кажа пра зыход, exodus , кажа: “Добра нам тут быць” (в. 33).  Заўсёды існуе небяспека статычнай, “прыпаркаванай” веры.  Я баюся “прыпаркаванай” веры.  Небяспека ў тым, каб лічыць сябе “прыстойнымі” вучнямі, якія насамрэч не ідуць за Езусам, але застаюцца нерухомымі, пасіўнымі і, не ведаючы гэтага, дрэмлюць і спяць, як тыя трое ў Евангеллі.  У Гетсэмані будуць спаць тыя ж самыя вучні.  Задумаемся ж, браты і сёстры, аб тым, што для паслядоўнікаў Езуса цяпер не час спаць, ап’яняць душу, абязбольваць сябе з дапамогай сучаснага клімату спажывецтва індывідуалізму, паводле якога жыццё добрае тады, калі яно добрае для мяне;  паводле якога мы гаворым і тэарэтызуем, але губляем з-пад увагі цела нашых братоў і сясцёр, канкрэтную рэчаіснасць Евангелля. Трагедыя нашага часу – заплюшчваць вочы на ​​рэальнасць і адварочвацца ад яе. Няхай св. Тэрэза дапаможа нам выйсці з нашых абмежаванняў і падняцца на гару з Езусам, каб усвядоміць, што Ён таксама адкрываецца праз раны нашых братоў, цяжары чалавецтва, праз знакі часу. Не будзем баяцца дакранацца да ран: гэта раны Пана.

Езус падняўся на гару, як кажа Евангелле, “каб памаліцца” (в. 28).  Вось і трэці дзеяслоў – маліцца.  “І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся” (в. 29).  Перамяненне нараджаецца з малітвы.  Спытаем сябе, – хтосьці, магчыма, пасля многіх гадоў служэння, – чым з’яўляецца для нас малітва сёння? Што такое сёння для мяне малітва?  Можа, сіла звычкі і пэўная рытуальнасць пераканалі мяне, што малітва не змяняе чалавека і гісторыю. Тым часам малітва пераўтварае рэчаіснасць, з’яўляецца актыўнай місіяй, пастаянным заступніцтвам. Гэта не аддаленасць ад свету, але перамена свету.  Маліцца – значыць данесці Богу біцце сэрца сённяшніх падзей, каб святло Яго позірку пралівалася на гісторыю. Чым для нас сёння ёсць малітва?

Сёння нам будзе карысна спытаць сябе, ці пагружае нас малітва ў гэтыя перамены, ці пралівае яна новае святло на людзей, ці змяняе сітуацыі.  Бо калі малітва жывая, яна “адчыняе нутро”, ажыўляе агонь місіі, распальвае радасць, пастаянна правакуе нас узрушыцца балесным крыкам свету.  Спытаем сябе: у якой меры ў нашую малітву ўвайшла цяперашняя вайна?  Падумаем таксама пра малітву св. Філіпа Нэры, якая распаліла яго сэрца і прымусіла адчыніць дзверы для хлопчыкаў з вуліцы.  Або св.  Ізыдора, які маліўся на палях і прыносіў у малітве працу па гаспадарцы.

Узяць кожны дзень нашае асабістае пакліканне і супольную гісторыю; узыходзіць да вышыняў, вызначаных нам Богам, выходзячы ад сябе; маліцца за перамену свету, у які мы занураныя. 

Нарэшце, ёсць чацвёрты дзеяслоў, які з’яўляецца ў апошнім вершы сённяшняга Евангелля: “Езус апынуўся адзін” (в. 36). Ён застаўся, калі ўсё мінула, і толькі рэхам гучаў “запавет” Айца: “Яго слухайце” (в. 35). Евангелле заканчваецца вяртаннем да самага важнага. Часта ў Касцёле і ў свеце, як у духоўнасці, так і ў грамадстве, мы адчуваем спакусу зрабіць многія другасныя патрэбы першачарговымі. Кожны новы дзень нараджае спакусу зрабіць так шмат другасных патрэб першачарговымі. Іншымі словамі, мы рызыкуем засяродзіцца на звычаях, завядзёнках і традыцыях, якія прывязваюць нашы сэрцы да таго, што прамінае, і прымушаюць забыцца на тое, што трывае. Якой важнай з’яўляецца праца над сэрцам, каб яно магло адрозніваць тое, што Божае і трывалае, ад таго, што належыць свету і прамінае!

Дарагія браты і сёстры, няхай святы Ігнацый дапаможа нам берагчы распазнаванне, нашую каштоўную спадчыну, скарб, заўсёды актуальны, каб перадаваць яго Касцёлу і свету. Распазнаванне дазваляе нам “У Хрысце ўбачыць усё па-новаму”. Для нас і для Касцёла вельмі важна, каб, як пісаў Пётр Фабэр, “усё дабро, якое можна зрабіць, падумаць або арганізаваць, чынілася ў добрым духу, а не ў злым” (Memorial, Paris 1959, n. 51).

Амэн.

Крыніцы: тэкст гаміліі – vatican.va, фота – Vatican Media/vaticannews.va.