“Бо мае думкі – гэта не вашыя думкі, <…> – кажа Пан. Бо як нябёсы ўзвышаюцца над зямлёю, так <…> думкі мае – над думкамі вашымі” (Іс 55, 8-9). Як паралель да гэтых слоў сапраўднымі ў вуснах Бога таксама будуць словы: “Мае прагненні – гэта не вашыя прагненні. Бо як нябёсы ўзвышаюцца над зямлёю, так мае прагненні – над вашымі”.
“Бог прагне сэрцаў, а наш адказ
павінен выяўляцца ва ўчынках”.
Абрагам Джошуа Гешэль
Тоеснасць прагнення і патрабавання Бога
Біблія шмат разоў кажа аб прагненнях Бога: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры, пазнання Бога, а не ўсеспалення” (Ос 6, 6). А Езус скажа вучням: “Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!” (Лк 12, 49), “Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець” (Лк 22, 15). Але яшчэ часцей і выразней Біблія гаворыць аб Божых патрабаваннях да чалавека. “А цяпер, Ізраэль, чаго патрабуе ад Цябе Пан Бог твой, акрамя таго, каб ты баяўся Пана Бога свайго, хадзіў шляхамі Ягонымі і любіў Яго, а таксама каб служыў Пану Богу свайму ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй, каб захоўваў запаведзі Пана і пастановы Ягоныя, якія сёння наказваю табе дзеля твайго дабра” (Дрг 10, 12-13).
Прарок Міхей кажа: “О, чалавек, сказана табе, што ёсць дабром, і чаго патрабуе ад цябе Пан: паступаць справядліва, любіць міласэрнасць і пакорна хадзіць перад тваім Богам” (Міх 6, 8). У Бібліі паняцце “прагненне Бога” тоеснае з Яго патрабаваннямі, наказамі, загадамі, чаканнямі, пажаданнямі – карацей кажучы, мы можам як узаемазаменныя выкарыстоўваць выразы: “Ён прагне”, “чакае”, “наказвае”, “патрабуе” і г.д. Таму пры ўжыванні паняцця “прагненне” ў адносінах да Бога нам трэба быць уважлівымі, каб не прыпісваць Яму нашых чалавечых катэгорый. Усведамленне радыкальнай адрознасці Боскіх жаданняў і нашых – гэта неабходная умова аўтэнтычных адносін паміж чалавекам і Богам.
Нашыя прагненні круцяцца вакол штодзённых патрэбаў, недахопаў, голаду, жаданняў, страхаў, трывог, пагроз, пакутаў. Хто з нас не хоча вызваліцца ад болю, непакою, няўпэўненасці, ад задавольвання голаду і патрэбы ў блізкасці, зычлівасці, чалавечай цеплыні? У псіхатэрапіі цэнтральнае месца займаюць нашыя нястачы, розныя спадзяванні, недаборы і жаданне вызваліцца ад іх. Гэта датычыцца як саматычнай, так і псіхічнай, эмацыйнай, маральнай і духоўнай сфер.
У адносінах да свету прыроды, у тым ліку чалавека, “прага” разумеецца як пачуццё сухасці ў роце і страваводзе тады, калі нам хочацца піць. Псальміст моліцца: “Як лань прагне вады з патоку, так душа мая прагне Цябе, Божа” (Пс 42 (41), 2). Гэтак жа па аналогіі мы выкарыстоўваем паняцце “прагненне” ў дачыненні да Бога. Толькі прагненні Бога ні ў чым не падобныя на нашыя. У Яго няма недахопаў, няма патрэбаў, а Ягоныя вусны ніколі не перасыхаюць.
Першае прагненне Бога
Прагненне Бога адносна чалавека апярэджвае яго існаванне. Бог так прагнуў чалавека, істоты з розумам і свабодай, якая магла б увайсці ў зносіны з Ім, што Ягонае прагненне сталася целам. “Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства”. Так Бог выказаў сваё прагненне, а затым “стварыў <…> чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну” (Быц 1, 26-27). Стварэнне свету, якое папярэднічае стварэнню чалавека, – гэта будаўніцтва дома для яго, віццё яму гнязда.
Так распачалася гісторыя збаўлення, якая уяўляе сабой драматычнае апісанне ўзаемаадносін Бога з чалавекам і чалавека з Богам. Драма – як Бога, так і чалавека – у тым, што чалавек адкідаў Божыя прагненні, супраціўляўся Яго наказам, паварочваўся плячмі да свайго Стварыцеля. Ён кліча чалавека: “Хадзіце кожным шляхам, які Я прызначу для вас <…>. Аднак яны не паслухаліся і не схілілі вуха свайго. Яны пайшлі за сваімі ўласнымі намерамі ва ўпартасці сваіх злых сэрцаў і павярнуліся да Мяне спінамі, а не тварам” (Ер 7, 23-24).
Усё, чаго жадае Бог, заўсёды датычыць чалавека, яго існавання, лёсу, сувязі з Ім, адным словам, яго часовага і вечнага шчасця. Істотны змест Божага прагнення адносна чалавека Біблія выяўляе цвёрда, радыкальна і імператыўна: “Сёння я наказваю табе любіць Пана, Бога твайго, і хадзіць Яго шляхамі, выконваць Яго запаведзі, Яго пастановы і Яго законы” (Дрг 30, 16). Гэта галоўнае, нават адзінае, прагненне, таму што змяшчае ўсе іншыя Божыя жаданні, спадзяванні і патрабаванні.
“Shema Israel”
Выбраны народ, які першым у гісторыі пачуў непасрэдна ад Бога, чаго Ён прагне ад чалавека, выдатна зразумеў Яго пасланне. І менавіта таму ў цэнтр свайго штодзённага жыцця: малітвы, працы, адпачынку і ўсіх іншых спраў і заняткаў змясціў Shema Israel: “Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх” (Дрг 6, 4-5).
Бог прадстаўляе сваё самае галоўнае прагненне ў форме – як адзначалася вышэй – імператыву, які, здаецца, цалкам выключае супраціў. У рэальнасці, аднак, не выключае яго. Чалавек, нягледзячы на катэгарычны Божы наказ, застаецца свабодным. Стварыцель не кіруе сваім стварэннем, і чалавек не з’яўляецца марыянеткай у тэатры Бога. Нават калі Бог кажа чалавеку: “Я загадваю табе: будзеш любіць”, то не прымушае яго. Такім чынам, форма катэгарычнага патрабавання не выражае насілля Стварыцеля над свабодай стварэння. Толькі падкрэслівае радыкальныя наступствы адкідання Божага жадання – патрабавання. “Калі тваё сэрца адвернецца, і ты не будзеш слухаць, калі звядуць цябе, і станеш пакланяцца іншым багам, і служыць ім, – я абвяшчаю вам сёння, – то напэўна згінеце. Таму слухай <…> Пана, Бога твайго, каб ты жыў і памнажаўся. А Пан Бог твой благаславіць цябе” (пар. Дрг 30, 16-18).
Бездань кліча бяздонне
Выказанае ў імператыўнай форме прагненне Бога, каб трываць у адносінах любові з чалавекам, знаходзіць у ім моцны рэзананс. Мембрана чалавечага сэрца пачынае моцна трымцець на голас Бога, які кліча любіць Яго ўсёй сутнасцю чалавечага існавання. Чаму? Таму што гэтае прагненне было прышчэплена чалавеку яшчэ да таго, як ён яго дасведчыў. Прагненне і туга Бога за чалавекам адлюстроўваюцца ў тузе чалавека па Богу. Вось у чым сутнасць стварэння чалавека паводле вобразу і падабенству Божаму: “Бездань кліча бяздонне гулам вадаспадаў” (пар. Пс 42 (41), 8).
Тыя, хто са шчырым сэрцам стараюцца любіць Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усім розумам і з усіх сіл, з цягам часу самі адкрываюць у сабе падобную катэгарычнасць і той самы радыкалізм любові, які з’яўляецца адбіткам імператыву Бога: “Наказваю табе, чалавеча, любіць”. Чалавек, які адкрыўся на Божы імператыў, усёй моцай сваёй волі хоча адказаць прагненнем на Прагненне, любоўю на Любоў, патрабаваннем на Патрабаванне.
Бог кажа чалавеку: “Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля? <…> Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе” (Іс 49, 15), а чалавек адказвае: “Слова Твайго не забуду. <…> Ніколі не забуду загады Твае, бо імі Ты ажыўляеш мяне” (Пс 119 (118), 16.93). Неспакой чалавечага сэрца, якое не супакоілася ў сваім Богу, як піша св. Аўгустын у “Споведзі”, з’яўляецца адлюстраваннем “Божага непакою” аб адносінах з чалавекам.
Радыкалізм жадання любіць Бога часам дыктуе містыкам і святым “вар’яцкія выказванні”, як напрыклад, у малітве ананімнага аўтара XVI стагоддзя: “Тое, што прымушае мяне любіць Цябе, Божа, – не неба, якое Ты абяцаў мне, і не жахлівае пекла, якое не стрымлівае мяне ад зневажання Цябе. <…> З любові да Цябе я любіў бы Цябе, нават калі б не было неба, і баяўся б Цябе, нават калі б не было пекла. Ты не павінен мне нічога даваць, каб я Цябе любіў. <…> Любові вымагае ад мяне выгляд Цябе ўкрыжаванага і зняслаўленага, выгляд Твайго параненага цела, знесеныя Табой знявагі і Твая смерць”. Аўтар моліцца такімі словамі, хоць ведае, што неба і пекла існуюць, што ён сам няспынна ўсё атрымлівае ад Бога.
Адкрыццё Божага патрабавання як шанца
Адзначаныя праметэйскім мысленнем пра чалавека, яго веліч, яго правы і неабмежаваную свабоду, мы неахвотна слухаем сёння аб Божых патрабаваннях. Імператыўны спосаб выказвання, якім карыстаецца Біблія, раздражняе сучаснага чалавека. Чаму? Таму што прымушае быць рэалістам у ацэнцы свайго чалавечага стану, які ён баналізуе або спрабуе не заўважаць, уцягваючыся ў спажывецтва. Імператыўныя жаданні-патрабаванні Бога нагадваюць чалавеку аб хісткасці яго стану, аб межах яго зямнога існавання, поўнай непрадказальнасці яго лёсу, цалкавітай залежнасці ад тысячы невядомых яму фактараў. “Хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць бы локаць?” (Лк 12, 25) Ніхто.
Чым заканчваецца гэты напышлівы і наіўны падыход да жыцця, адсутнасць усялякай рэфлексіі, закрытасць на любую праяву трансцэндэнтнасці, заглушанне голасу сумлення? “Знешне homo sapiens здаецца задаволеным і моцным; унутрана ён бедны, патрабуючы, безабаронны, на мяжы адчаю, лёгка становіцца ахвярай фізічных і душэўных пакутаў. Зазірні пад паверхню, і дакранешся да смутку, няшчасця, няпэўнасці, страху і болю. (…) Задаволенасць сабой спараджае бяссэнс і роспач. Самазадаволенасць – опіум дурняў”, – піша Абрагам Джошуа Гешэль у сваёй кнізе “Хто такі чалавек”. Імператыўны Божы заклік мае абудзіць і вывесці чалавека з атупення, аднавіць ягоную чуйнасць да Божага патрабавання, упісанага ў чалавечае сумленне. “Умець пачуць патрабаванне неабходна, каб быць чалавекам”. Галоўнае пытанне чалавека не: “Хто я?”, а “Што ад мяне патрабуецца?” Без усведамлення “ўнутранага патрабавання” чалавек духоўна пусты і ніколі не даведаецца, кім ён ёсць на самай справе. “Чалавек – істота, схільная падпарадкоўвацца загадам, якая знаходзіць сэнс, калі адчувае патрабаванне. Неразуменне таго, што ад нас патрабуецца, з’яўляецца крыніцай непакою. Прыняцце экзістэнцыяльнага доўгу з’яўляецца перадумовай псіхічнага здароўя”, – адзначае А.Дж. Гешэль.
Голас сумлення
Характарыстыка “патрабавання”, упісанага ў чалавечае сэрца, якое А.Дж. Гешэль прадстаўляе ў сваёй антрапалогіі, тоеснае паняццю “сумлення”. У апісанні сумлення Касцёл паказвае на ўнутраны закон, які гучыць у сэрцы загадам, заклікам, патрабаваннем, але разам з тым унутраным прагненнем, тугой па Богу і яго запаведзях. Для праведніка Божы закон – асалода і радасць: “Шляху сведчанняў Тваіх я радуюся больш за ўсе багацці. Радуюся Тваім наказам, слова Твайго не забуду” (Пс 119, 14.16). Чалавек хоча рабіць тое, што наказвае яму сумленне, і прагне Божага Голасу як у сітуацыі, калі Бог ухваляе яго ўчынкі, так і тады, калі за іх дакарае. Колькі разоў на рэкалекцыях я быў сведкам глыбокіх перажыванняў людзей, якія праз малітву адкрывалі сваю крывадушнасць, адчувалі сябе прыніжанымі гэтым фактам, але ў той жа час адчувалі глыбокую радасць, што цяпер яны могуць жыць у духу праўды, якая набліжае іх да Пана. Яны спазналі праўдзівасць слоў: “Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны, <…> здольнае судзіць думкі і намеры сэрца” (Гбр 4, 12).
Імператыў сумлення: “будзеш любіць дабро” і “будзеш ненавідзець зло” сустракаюцца ў сэрцы чалавека. І хоць чалавек гэтага не накладае на сябе сам, тым не менш цешыцца ім і прагне быць яму паслухмяным. Голас сумлення, голас Божага закону, – ідэнтычны з Shema Israel. Голас сумлення заклікае да пільнасці там, дзе існуе пагроза вернасці Богу і Яго запаведзям. Паслухмянасць голасу сумлення – бяспечны шлях да Бога. Гэты голас ніколі не змаўкае, чуйны нястомна, з’яўляецца знакам любячай прысутнасці Пана. Ён суправаджае чалавека ўдзень і ўначы, сярод падзення і перамогі, прыніжэння і славы, слабасці і сілы.
Юзэф Аўгустын SJ – рэкалекцыяніст, духоўны кіраўнік, аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па духоўнасці і хрысціянскай педагогіцы, прафесар Акадэміі Ignatianium у Кракаве. Ён быў сузаснавальнікам і галоўным рэдактарам штоквартальніка “Życie Duchowe” (2001–2014) і “Pastores” (1998–2002).
Крыніца: “Głębia, która przyzywa głębię”. Józef Augustyn SJ. MANREZA. Pismo poświęcone duchowości ignacjańskiej. 1/2022 (9).