У нядзелю 23 студзеня Папа Францішак звярнуў увагу вернікаў на прыклад і евангельскае сведчанне чатырох новых благаслаўлёных, мучанікаў за веру часоў грамадзянскай вайны ў Сальвадоры.
49-гадовы езуіт, ксёндз Руціліа Грандэ Гарсія, 72-гадовы катэхет Мануэль Саларсана і 17-гадовы Нэльсан Руціліа Лемус былі забіты 12 сакавіка 1977 года, а 57-гадовы францішканін, айцец Косма Спэсота – 14 чэрвеня 1980 года. Гэтыя два святары і два свецкія вернікі сталі першымі благаслаўлёнымі ў 2022 годзе. Іх урачыстая беатыфікацыя адбылася 22 студзеня ў Сан-Сальвадоры.
“Яны стаялі на баку бедных, даючы сведчанне Евангелля ў праўдзе і справядлівасці аж да аддання жыцця. Няхай іх гераічны прыклад абудзіць ва ўсіх прагненне быць адважнымі ў будаванні братэрства і супакою”, – сказаў Францішак пасля малітвы Анёл Панскі, якая 24 студзеня 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.
Новыя благаслаўлёныя аддалі жыццё за веру падчас грамадзянскай вайны ў Сальвадоры, якая працягвалася з 1979 па 1992 год паміж уладамі краіны, якія падтрымлівалі ўльтраправыя “эскадроны смерці”, і марксісцкімі сіламі, аб’яднанымі ў Фронт нацыянальнага вызвалення.
Ксёндз Руціліа Грандэ Гарсія быў пробашчам у невялікім мястэчку. Ён рупліва клапаціўся пра бедных парафіян, у духу рашэнняў Другога Ватыканскага Сабору заахвочваў свецкіх да актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла і грамадства, і без страху выкрываў злоўжыванні мясцовых ваенных і мясцовых алігархаў, за што неаднаразова атрымліваў пагрозы фізічнай расправы.
12 сакавіка 1977 года аўтамабіль, на якім ён вяртаўся з мястэчка Сан-Хасэ, дзе праводзіў цэлебрацыі ў гонар святога Юзафа, быў абстраляны з кулямёта. Разам з ім у машыне былі Мануэль Саларсана, Нэльсан Лемус і трое дзяцей. Святар і свецкія вернікі загінулі, а дзеці здолелі выжыць. Ксёндз Гарсія быў сябрам іншага сальвадорскага мучаніка – арцыбіскупа Оскара Рамэра, які быў забіты падчас святой Імшы ў 1980 годзе за тое, што бараніў бедных і ахвяр пераследу. Францішак, будучы святаром, таксама сябраваў з ім.
Яшчэ адзін новы благаслаўлёны, айцец Косма Спэсота, паходзіў з Італіі. У 1950 годзе прыбыў у Сальвадор у якасці місіянера. Падчас грамадзянскай вайны ён выступаў за дыялог і прымірэнне, выкрываў злачынствы вайсковай хунты і сіл, якія падтрымлівае яе. Таксама атрымліваў пагрозы фізічнай расправы. Быў застрэлены 14 чэрвеня 1980 года ў касцёле, у той момант калі рыхтаваўся да нядзельнай святой Імшы. Перад смерцю ён паспеў прыняць святую Камунію і прабачыць сваіх забойцаў.
Крыніца: vaticannews.va/