Гамілія на III Звычайную нядзелю, Год С
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі
Паколькі многія браліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, хто ад пачатку быў відавочцам і слугою слова, вырашыў і я дакладна прайсціся па ўсім ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, найшаноўнейшы Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму ты быў навучаны.
У той час:
Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею і разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. Ён навучаў ва ўсіх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Ён, разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана:
Дух Пана на Мне;
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным,
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана.
Закрыўшы кнігу, Ён аддаў яе слузе і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі.
Лк 1, 1–4; 4, 14–21
Аддаць пашану Божаму слову
Цяжка было б знайсці больш трапныя чытанні, чым сённяшнія, для Нядзелі Божага Слова, якую ўжо ў трэці раз адзначаем у Касцёле дзякуючы таму, што Папа Францішак пажадаў такім чынам ушаноўваць важнасць Святога Пісання ў жыцці Божага народа і кожнага верніка.
«Дзень, прысвечаны Бібліі, не можа быць „раз у год“, але ў кожны дзень года, бо мы павінны абавязкова паглыбляць знаёмства са Святым Пісаннем і Уваскрослым»,
— кажа Папа Францішак у апостальскім лісце Aperuit illis, таму няхай сённяшняя літургічная падзея дапаможа нам усвядоміць, наколькі важна мець штодзённы кантакт з Добрай Навіной — крыніцай надзеі і паўнаты жыцця.
Паўтараючы словы Другога Ватыканскага Сабора, Папа нагадвае аб тым, што разам з Эўхарыстычнай Камуніяй Божае слова з’яўляецца спажыткам душы: «Касцёл заўсёды шанаваў Божае Пісанне, як і само Цела Пана, паколькі, асабліва ў святой Літургіі, ён няспынна бярэ са стала Божага слова і Цела Хрыстовага хлеб жыцця і ўдзяляе яго вернікам» (Dei Verbum, 21).
У падобным духу Бэнэдыкт XVI раней нагадваў у адгартацыі Verbum Domini: «Хрыстус, сапраўды прысутны ў постацях хлеба і віна, аналагічна прысутнічае ў Слове, якое абвяшчаецца ў Літургіі» (п. 56). «Словы Твае, Пане, даюць жыццё вечнае», — парафразуе рэфрэн сённяшняга Псальма вызнанне апостала Пятра Езусу (Ян 6, 63), і менавіта з такой верай нам варта адкрываць Святое Пісанне, дазваляючы Пану сілкаваць нашую душу.
Святое Пісанне — «канал камунікацыі» з Богам
Першае чытанне з кнігі Нээміі апавядае пра надзвычай эмацыйную рэакцыю на словы Пісанняў з боку ізраэльцянаў, якія вярнуліся ў родную зямлю з бабілёнскага выгнання ў VI стагоддзі да нараджэння Хрыстова. Гэты ўрывак апісвае вельмі асаблівую літургію слова, якая адбылася ў Ерузалеме: Божы народ пасля доўгага перапынку збіраецца, каб пачуць Закон, які быў дадзены яму Богам праз Майсея, і гэтае слуханне выклікае слёзы на вачах вернікаў, бо яны нанава адкрываюць для сябе запавет з Богам і сваю ідэнтычнасць — сувязь з Панам. Святары ж заахвочваюць іх да радасці і святкавання з гэтай нагоды, бо праз словы Пісанняў яны маюць магчымасць аднавіць сваё жыццё паводле Божых наказаў, адчуць сябе ўдзельнікамі гісторыі збаўлення.
Варта задацца пытаннем, што перашкаджае нам рэагаваць падобным чынам, што перашкаджае адкрываць для сябе і засвойваць «словы жыцця вечнага» (Ян 6, 63): магчыма, уражанне, што старажытныя аповеды нас не датычацца, што мова складаная і незразумелая, або нашае нежаданне прысвяціць час і высілак, каб заглыбіцца ў біблійны свет, а, можа, проста нявер’е ў прысутнасць Бога ў словах Пісання?
Пан звяртаецца да чалавека разнастайнымі спосабамі — праз прыгажосць стварэння, праз знакі Провіду, праз любоў людзей, — але словы, перададзеныя нам у Пісаннях, з’яўляюцца асаблівым «каналам камунікацыі» Бога з намі.
Добрая Навіна Езуса для ўбогіх сэрцам
У сённяшнім евангельскім урыўку Езус таксама ўдзельнічае ў літургіі слова ў назарэцкай сінагозе і менавіта радкамі Святога Пісання тлумачыць сваё пасланніцтва: словы прарока Ісаі Ён адносіць да сябе, сцвярджаючы, што намашчаны Духам, каб «абвяшчаць добрую навіну ўбогім», несці ацаленне і вызваленне. «Добрая навіна» — пераклад грэчаскага слова «Евангелле»: пасланне Езуса з’яўляецца сапраўднай (ці, можа, лепш сказаць адзінай сапраўднай) добрай навіной, якая не губляе сваёй навізны, бо абвяшчае вечную праўду пра тое, хто мы ёсць, куды ідзем і як нам трапіць да мэты.
Сучасныя тэхналогіі камунікацыі даюць доступ адным клікам да навінаў з усіх куткоў свету і з усіх магчымых і немагчымых сфераў, і ў пэўнай меры гэта дапамагае нам у жыцці і дзейнасці. Але такая інфармаванасць пакідае пустой душу, бо «словы чалавечыя», калі ў іх адсутнічае слова Божае, не ў стане насыціць глыбіню сэрца, створанага, каб быць у камуніі з Богам.
Хрыстус, следам за Ісаям, удакладняе, што адрасат Яго добрай навіны — убогія, і гэтае ўдакладненне актуальна сёння, як тады ў Назарэце.
Калі з усімі нашымі багатымі сродкамі камунікацыі і іншымі тэхналагічнымі прыладамі дабрабыту мы не ўмеем прызнаць сваёй беднасці перад Богам, тады не зможам пачуць і прыняць Евангелле Хрыста. Калі не ўсведамляем сваёй слепаты і несвабоды, тады Езус не зможа прынесці нам святло і вызваленне. Калі ж адчуем глыбока ўнутры голад Божай праўды і няздольнасць збавіць саміх сябе ад нашай загубленасці, тады адкрываемся на Слова, якое становіцца Целам дзеля нас у асобе Езуса Хрыста, Сына Божага і Сына Чалавечага, каб адкрыць нам усю праўду пра нас і прывесці да Айца. Тады і ў нашым «сёння» спаўняюцца словы Пісання, якія гучаць для нас праз Біблію і праз абвяшчэнне Добрай Навіны ў супольнасці Хрыстовых вучняў.
Станавіцца пасрэднікамі слова Жыцця
Вяртаючыся да самага пачатку сённяшняга евангельскага чытання, даведваемся ад Лукі, аўтара не толькі аднаго з Евангелляў, але і Дзеяў Апосталаў, пра яго матывацыю напісаць аповед пра жыццё Езуса і пра першыя гады дзейнасці Касцёла. Ён жадае, каб яго адрасат Тэафіл «пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны» (Лк 1, 4).
Гэтае пажаданне евангеліста можам аднесці і да сябе: так, як Тэафіл, мы ўжо шмат чаму навучаныя, але нам неабходна паўтараць і вяртацца зноў да тых словаў, якія адкрываюць нам праўду, каб яны ажывалі і ў нашай памяці, і — што больш важна — у нашых рашэннях і паводзінах.
Лука, спасылаючыся на іншых «слугаў слова», сам становіцца служыцелем таго слова, якое нясе надзею і вечную мудрасць.
Тут крыецца запрашэнне і для кожнага з нас станавіцца пасрэднікамі для тых словаў, у якіх заключана любоў і праўда.
Словы, якіх так шмат у нашым жыцці, могуць быць праваднікамі мудрасці і любові або ператварацца ў сродак насілля і зла. Каб несці ў гэты свет сведчанне перамогі дабра і святла над злом і цемрай, нам трэба ў першую чаргу напоўніцца словамі Евангелля Умілаванага Сына Божага, бо «вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца» (Мц 12, 34).
«Ведаць Пісанне» азначае не проста спасцігнуць розумам змест, але дазволіць, каб праз асабістую малітву і разважанне Божае слова трапіла ў глыбіню нашай істоты, стала асновай нашага ўспрымання і ўсіх жыццёвых рашэнняў. Такім чынам мы станем «тэафіламі» — тымі, хто любяць Бога, або інакш перакладаючы — сябрамі Бога. Няхай сёння і штодзённа мы з пашанай і трымценнем будзем адкрывацца для слова збаўлення, якое няспынна праз Святыя Пісанні скіроўвае да нас Пан. Амэн.
Віктар Жук SJ