З Евангелля паводле Лукі:
Бaцькi Ягoныя хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. I кaлі Яму былo двaнaццaць гaдoў, яны прыйшлі пaвoдле звычaю ў Ерузaлем на святa. Калі пасля заканчэння дзён свята яны вярталіся, зaстaлoся Дзiця Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi. Думaючы, штo Ён ідзе з падарожнымі, прайшлі дзень дaрoгi і тады пачалі шукaць Ягo мiж свaякaмi i знaёмымi. Не знaйшoўшы, вярнуліся ў Ерузaлем, шукaючы Ягo.
I стaлaся, што пaсля трoх дзён знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх. Усе ж, хто слухaў Ягo, дзівіліся рoзуму i aдкaзaм Ягoным. I, убaчыўшы гэта, здзiвiліся; i скaзaлa Яму Мaці Ягoнaя: Сыне, чаму Ты зрaбiў нaм гэтaк? Вoсь aйцец Твoй i я ў вялікім смутку шукaлі Цябе. I скaзaў iм: Чaгo ж вы Мяне шукaлі? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу мaйму? A яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм.
I пaйшoўшы з iмi, прыйшoў у Нaзaрэт i быў iм паслухмяны. A Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей. (Лк 2, 41–52)
***
Сын Божы і чалавечая сям’я
Сённяшняе свята Святой Сям’і, якое ў гэтым годзе адзначаем адразу пасля Божага Нараджэння, — выдатная нагода для таго, каб, углядаючыся ў сям’ю з Назарэта, бачыць, да чаго варта імкнуцца нашым сем’ям.
Успомнім, што ў Касцёле ідзе Год сям’і: падчас яго Папа Францішак запрасіў разважаць над адгартацыяй Amoris Lætitia — дакументам, прысвечаным «радасці любові, якая жыве ў сем’ях» (AL, 1) і шляхам памнажэння і паглыблення гэтай радасці.
«Цудоўна разважаць над тым фактам, што Божы Сын пажадаў мець патрэбу ў сямейным цяпле як і ўсе дзеці. Менавіта па гэтай прычыне сям’я з Назарэтa з’яўляецца сям’ёй-прыкладам, у якой усе сем’і свету могуць знайсці надзейны арыенцір і натхненне»,
— сказаў Папа, абвяшчаючы Год сям’і.
Напэўна, шмат у каго можа ўзнікнуць спакуса ўспрымаць прыклад Святой Сям’і як недасяжны ідэал, як штосьці занадта «чыстае» і далёкае ад нашай грэшнай і шэрай рэчаіснасці. Таму Папа Францішак вельмі выразна кажа ў Amoris Lætitia пра сужэнства як «працэс будавання з дня ў дзень» (AL, 224), які «праходзіць паволі праз паступовае ўключэнне Божых дароў» (AL, 218) і ў якім немагчыма чакаць дасканаласці «на старце».
Евангельскі ўрывак, прапанаваны нам у сённяшняй Літургіі слова, паказвае, што паміж Юзафам, Марыяй і Езусам узнікалі непаразуменні, што іх сямейны досвед не быў пазбаўлены балючых момантаў. Не маючы, канечне, такога намеру, Езус-падлетак прычыніў боль сваім бацькам, бо не падумаў папярэдзіць пра сваё месцазнаходжанне і вымусіў іх з трывогай шукаць Яго.
Напэўна, шмат каму з бацькоў знаёмая такая сітуацыя! Гэты эпізод сведчыць пра тое, што канфлікты і непаразуменні, хоць і раняць адносіны, пры адпаведным стаўленні бакоў могуць прывесці да больш глыбокай сувязі.
«Пераадолены крызіс не вядзе да менш інтэнсіўных адносінаў, але ўдасканальвае іх»,
— сцвярджае Папа (AL, 234). Нават Езус, Сын Найвышэйшага Бога, меў патрэбу ў тым, каб вучыцца на ўласным досведзе і «ўзрастаць у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і людзей» (Лк 2, 52)!
Сям’я — еднасць у разнастайнасці
Панна Марыя ў апісанай святым Лукой евангельскай падзеі з’яўляецца прыкладам таго, як важна ўмець канструктыўна выказваць свае пачуцці: без крыку і абвінавачванняў, а шчыра дзелячыся тым, што ў нас выклікаюць паводзіны другой асобы.
Amoris Lætitia шмат і канкрэтна (асабліва у пп. 136–141) гаворыць пра тое, як можна весці дыялог у сям’і, паважаючы адметнасць іншых членаў і імкнучыся да «еднасці ў разнастайнасці» (AL, 139).
Папа Францішак нагадвае пра важнасць узаемнай ветлівасці, чуласці і пяшчоты, уменне дараваць крыўду — асноватворныя рэчы для будавання адносінаў, пра якія, тым не менш, мы часта забываемся…
Евангеліст Лука раскрывае нам яшчэ адну здольнасць Найсвяцейшай Маці, да якой кожнаму варта імкнуцца: уменне «захоўваць усе гэтыя словы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 51). Гэта шлях да таго, каб «адпускаць кантроль», нібыта мы ўсё ведаем найлепш, і адкрывацца мудрасці Духа Святога, якая непараўнальна больш каштоўная, чым неабходнасць даказаць сваю рацыю.
У першую чаргу наша сэрца павінна «захоўваць» слова Пана — гэта значыць, словы Пісанняў, якія з’яўляюцца для нас крыніцай нябеснай мудрасці. Святы Павел жадае сваім адрасатам, каб яны апрануліся ў «шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць», і перадусім — у «любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці» (Клс 3, 12.14), адначасова ўказваючы, як гэтага дасягнуць: «Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце» (Клс 3, 16). Наш кантакт са словам Божым, не мімаходзь, а праз якасныя рэгулярныя перыяды заглыблення ў яго, — шлях да таго, каб зерне Божага Валадарства прарастала і спела на глебе нашых адносінаў, у першую чаргу з самымі блізкімі людзьмі.
Любоў — повязь дасканаласці праз нашу недасканаласць
Любоў сапраўды ёсць «повяззю дасканаласці», як неаднаразова нагадвае нам Пан праз словы свайго Аб’яўлення.
«Любоў — гэта не толькі пачуццё, але яе трэба разумець у тым сэнсе, які слова „любоў“ мае ў габрэйскай мове, а значыць „рабіць дабро“»,
— вучыць Папа (AL, 94). Варта перачытаць Гімн любові святога Паўла (1 Кар 13) з каментаром Папа Францішка, які асобна заглыбляецца ва ўсе адценні гэтай цноты, пералічаныя апосталам (AL, 90–119), прымяняючы іх да рэчаіснасці сямейнага жыцця.
«Сіла сям’і грунтуецца ў асноўным на тым, што яна здольная любіць і вучыць любові. Незалежна ад таго, як дадзеная сям’я можа быць параненая, яна заўсёды можа развівацца, зыходзячы з любові» (AL, 53). Сямейныя адносіны — гэта прыгода, у якой ніводзін з удзельнікаў не дасканалы і кожны мае патрэбу ў прабачэнні. «Тое, што яго любоў недасканалая, не азначае, што яна фальшывая ці несапраўдная. Яна сапраўдная, але абмежаваная і часовая. Таму калі я патрабую занадта шмат, ён нейкім чынам дасць мне зразумець гэта, паколькі не можа і не згодзіцца граць ролю боскай істоты або абслугоўваць усе мае патрэбы. Любоў суіснуе з недасканаласцю, прабачэннем і можа замаўчаць, сутыкнуўшыся з абмежаваннямі каханай асобы» (AL, 113).
Гаворка не пра «наіўнасць чалавека, які ўдае, што не бачыць цяжкасцяў і слабасцяў іншага чалавека, але гэта глыбіня погляду таго, хто бачыць гэтыя слабасці і памылкі ў шырэйшым кантэксце. Ён памятае, што недахопы — гэта толькі пэўная частка, а не цэлае існаванне іншай асобы.
Непрыемны факт у дадзеных адносінах — гэта не ўсе адносіны.
Таму можна прыняць з прастатой, што мы ўсе спалучаем у сабе святло і цень» (тамсама). Няхай прыклад Святой Сям’і з Назарэта і святло Божага слова вучаць нас памятаць пра тое, што сапраўды галоўнае ў нашых адносінах з самымі блізкімі і ўцелаўляць любоў у канкрэтных жэстах ветлівасці, чуласці, цярплівасці і прабачэння. Амэн.