Гамілія на ІV Нядзелю Адвэнту, Год C
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.
Лк 1, 39–45
У апошнюю нядзелю перад святамі Божага Нараджэння чуем у Евангеллі словы Альжбеты, якія паўтараем кожны раз у малітве «Вітай, Марыя»: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі, і благаслаўлёны плод улоння Твайго!»
Благаслаўленне Марыі назаўсёды звязана з Яе новаю роллю: Яна стала Маці Божага Сына, які прыходзіць у гэты свет, каб адкрыць чалавецтву бязмежнасць Божай любові. Евангелле паказвае нам Марыю, якая не «спачывае на лаўрах», карыстаючыся сваім новым «асаблівым статусам», але адпраўляецца ў падарожжа, каб наведаць сваячку Альжбету, якая ўжо на шостым месяцы цяжарнасці.
Марыя не марнуе часу, а праяўляе ініцыятыву, каб дапамагчы старэйшай жанчыне: нават проста сваёй прысутнасцю і магчымасцю падзяліць і радасць, і хваляванне. Яна адпраўляецца «з паспешлівасцю», удакладняе евангеліст Лука, што таксама можна перакласці «з руплівасцю, запалам, энтузіязмам», і таму ў гэтым эпізодзе, які так часта сузіраем у малітве Ружанца, Марыя прадстае для нас не толькі як прыклад паслухмянасці Богу, але і як узор ініцыятывы і дзеяння.
Для таго, каб вырушыць у далёкі шлях, Марыі дастаткова намёку ад анёла.
Якая жа каштоўная ў тых складаных абставінах, у якіх нам даводзіцца жыць, шчырая і бескарыслівая падтрымка адно аднаго, здольнасць убачыць патрэбу іншай асобы і не застацца абыякавымі!
У нашым жыцці мы таксама атрымліваем «падказкі» — ад анёлаў ці не, — дзякуючы якім даведваемся аб пэўных сітуацыях, якія патрабуюць нашай прысутнасці і дапамогі, і тады ад нашай свабоднай і творчай ініцыятывы залежыць дзейнічаць: знайсці час, дамовіцца, ісці, тэлефанаваць, паслаць паштоўку зняволеным, правесці час з церпячымі, старымі, самотнымі… Гэта выдатныя нагоды, каб уцелаўляць нашу веру ў канкрэтных дзеяннях любові: жыць благаслаўленнем, якое, падобна Марыі, звязвае нашу тоеснасць з Тым, чыё імя мы носім як хрысціяне.
Слова, якое імкнецца стаць целам у нас
«Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам»: гэтыя словы Альжбеты добра было б таксама трымаць у памяці кожны раз, калі звяртаемся ў малітвах да Маці Божага Сына, якую Ён пакінуў нам як нашу Маці. Гэта тое шчасце, якога Найсвяцейшая Панна жадае для кожнага свайго дзіцяці.
Калі мы ўслухоўваемся ў Божае слова, прымаючы з верай і надзеяй Ягонае абяцанне, для нас адкрываецца шлях шчасця, якое пераўзыходзіць любое зямное чаканне.
Шлях не без выклікаў і не без цяжкасцяў, бо мы з’яўляемся часткай глыбока параненага свету, але яны не павінны адабраць у нас пасхальную радасць веры ў канчатковую перамогу Любові.
Дух Святы натхняе Альжбету на радаснае здзіўленне: «Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?» Варта прыгадаць тут словы прапаведніка Папскага дома кардынала Раньеро Канталямэсы, які ў гэтым Адвэнце заклікаў да адкрыцця менавіта здзіўлення як рысы нашай веры: здзіўлення, якое не ўспрымае тое, што ёсць, як «само сабой зразумелае», але дапамагае адкрыць веліч Божага дару ў сваім жыцці. Гэтае радаснае здзіўленне Божай шчодрасці працягваецца потым у песні праслаўлення на вуснах Марыі, якую знаходзім у Евангеллі непасрэдна пасля сённяшняга ўрыўка.
Сцэна сустрэчы дзвюх цяжарных жанчын асаблівым чынам нагадвае пра галоўную прычыну для захаплення: дар чалавечага жыцця. І Марыя, і Альжбета носяць пад сэрцам новае жыццё дзякуючы асабліваму ўмяшальніцтву Бога, і такім чынам Евангелле нагадвае нам, што Бог з’яўляецца канчатковай крыніцай і аўтарам жыцця; што Бог прысутнічае ў кожным новым жыцці, якое прыходзіць у гэты свет. І таму «нашыя дзеці» не толькі нашыя, але перш за ўсё гэта дзеці Божыя; Бог мае для кожнага абяцанне і задуму, як меў і для Яна Хрысціцеля, і для Езуса.
Самае важнае для нас саміх і самае дарагое, што можам зрабіць для іншага чалавека, гэта дапамагчы адкрыць гэтую задуму і рэалізаваць яе.
Гэта сапраўды святая задача — супрацоўнічаць з Богам, які дае жыццё, вызваляючы месца ў сваім жыцці для новага чалавека: як у фізічным, так і ў больш шырокім экзістэнцыяльным сэнсе.
Тыя з нас, хто атрымаў ласку мацярынства ці айцоўства, добра ведаюць, што гэтая святая справа патрабуе таксама нямала ахвяраў і бяссоных начэй, каб не проста даць фізічнае жыццё дзіцяці, але таксама выхаваць яго ў чалавечнасці і веры. Але такі высокі кошт робіць місію бацькоў яшчэ больш годнай і высакароднай.
Быць часткай Божай сям’і
Сцэна адведзінаў Альжбеты Марыяй мае моцны «сямейны акцэнт»: евангеліст Лука паведамляе пра сувязі сваяцтва паміж імі і адпаведна паміж Езусам і Ягоным будучым прадвеснікам. Але для евангеліста карціна насамрэч нашмат шырэйшая: з самага пачатку Лука адкрывае сваім адрасатам перспектыву стаць часткай Божай сям’і. Пацверджанне гэтаму мы знаходзім пазней у Евангеллі, калі Езус сцвярджае: «Маці Мая і браты Мае — гэты тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго» (Лк 8, 21).
Мы сапраўды запрошаны быць часткай Божай сям’і.
Як ва ўлонні Марыі Слова сталася Целам, так Яно жадае ўцелавіцца ў нас: у нашых рашэннях, думках, словах, учынках, перамяняючы наша існаванне ў хвалу дзяцей Божых.
Дух Святы, які ўнікальным чынам дзейнічае ў Марыі, дадзены таксама і нам у той меры, у якой мы гатовыя Яго прыняць.
Як казаў у сваёй каляднай гаміліі манах трапіст Крысцьен дэ Шэржэ з манастыра ў Тыбірыне (у Алжыры), выкрадзены і забіты мусульманскімі баевікамі разам з іншымі шасцю сабратамі (іх гісторыя распавядаецца ў вядомым фільме «Пра людзей і багоў»): «Кожны з нас пакліканы нарадзіць Божае дзіця — тое Божае дзіця, якім з’яўляецца».
Няхай святкаванне Божага Нараджэння, да якога мы рыхтуемся, дапаможа нам менавіта ў гэтым святле ўспрымаць сваё жыццё.
Віктар Жук SJ