Павароты і скрыжаванні на нашым жыццёвы шляху сустракаюцца пастаянна, і мы мусім выбіраць кірунак. Нават бяздзейнасць з’яўляецца рашэннем. На думку святога Ігнацыя Лаёлы, працэс выбару настолькі важны, што трэба сумленна і аддана задзейнічаць усе свае здольнасці і рэсурсы, каб знайсці найлепшае рашэнне, адпаведнае Божай волі. Ён змясціў рэкамендацыі адносна выбару акурат у сярэдзіне сваіх “Духоўных практыкаванняў”, дапамагаючы зрабіць прыняцце рашэнняў глыбокім духоўным досведам. Некаторыя рашэнні з мінулага мы не можам змяніць, нават разумеючы іх памылковасць, аднак, калі ў рэчах зменных штосьці замінала выбіраць шчыра і свабодна, св. Ігнацый заахвочвае адпаведным чынам зрабіць новы выбар, “калі хочам прынесці плады знакамітыя і вельмі мілыя Пану, Богу нашаму” (пар. “Духоўныя практыкаванні”, 174).
Перш, чым разважаць аб варыянтах, св. Ігнацый раіць выразна ўсвядоміць сабе мэту – я жадаю выбраць тое, што паглыбляе адносіны з Богам, служыць людзям і збаўленню маёй душы. Не лішне таксама нагадаць яшчэ аб двух важных рэчах падчас прыняцця рашэння: свабода і вялікая ўвага да сваіх запаветных жаданняў і матываў.
Мой унутраны стан у момант выбару не заўсёды аднолькавы. Па-першае, выбар можа быць відавочным і адназначным. Такое яснае бачанне – Божы дар, якім трэба скарыстацца як мага лепш і не марудзіць з ажыццяўленнем рашэння. Калі я апынаюся ў віры самых розных пачуццяў і памкненняў – гэта другі стан, у якім трэба ўважліва адсачыць свае адчуванні, пастарацца высветліць, што яны значаць, у чым іх духоўны сэнс і якім чынам яны паказваюць правільны (адпаведны Божай волі) кірунак. Трэці стан – эмацыйны спакой, калі выбар становіцца вынікам удумлівага разважання над перавагамі і недахопамі той ці іншай альтэрнатывы.
Калі не атрымалася адразу ўбачыць добрае рашэнне, ігнацыянская духоўнасць прапануе прайсці некалькі этапаў. Спачатку трэба вызначыць, паміж чым і чым я выбіраю. У разлік бяруцца толькі станоўчыя з маральнага пункту гледжання альтэрнатывы. Інакш кажучы, зло не з’яўляецца прадметам выбару, не патрабуе аргументацыі “зрабіць – не зрабіць”. Абраныя альтэрнатывы я стараюся сфармуляваць практычна, каб іх можна было рэальна ажыццявіць, а таксама сабраць неабходную інфармацыю для абгрунтаванага выбару. Дзеяслоў “сфармуляваць” паказвае на сцісласць і канкрэтнасць выразаў: я зраблю / не зраблю штосьці адно, альбо прыму прапанову адну ці другую.
Наступны крок – малітва. Я прашу аб свабодзе і адкрытасці, каб шукаць толькі адну каштоўнасць – хвалу Божую, у якой змяшчаецца і маё сапраўднае дабро. Па сутнасці, гэта досыць “жабрацкая” малітва, бо я ведаю, што не маю столькі свабоды і раўнавагі, столькі любові да Бога, людзей і сябе, каб зрабіць такі выбар. У малітве я магу адважыцца на шчырае прызнанне сваіх абмежаванняў перад Богам: неўпарадкаваныя пачуцці і схільнасці, комплексы, траўмы, перфекцыянізм, зайздрасць, нелюбоў да сябе і да іншых, імкненне да кантролю, улады, рэваншу, камфорту і г.д. Спіс магчымых перашкодаў сапраўды доўгі. Тым не менш, як адзначае св. Ігнацый, Бог дае нам дастаткова яснасці і пазнання, каб зрабіць разважлівы і добры выбар. Нават пад моцным знешнім ці ўнутраным ціскам пэўная невялічкая здольнасць выбіраць застаецца незнішчальнай. Карыснай малітоўнай дапамогай могуць стаць фрагменты Святога Пісання, якія закранаюць менавіта тэмы свабоды, Божай любові, ацалення ад немачаў і зламысных уплываў.
Затым я збіраю інфармацыю па кожным варыянце выбару; размаўляю з асобамі, якім давяраю і для якіх таксама мае значэнне пошук Божай волі; слухаю меркаванні тых, каго закране маё рашэнне. Варта занатаваць усё ў выглядзе таблічкі і для кожнай альтэрнатывы напісаць перавагі і недахопы, памятаючы, аднак, пра адмысловы крытэрый: знак “плюс” атрымлівае тое, што будзе служыць Богу, бліжнім і майму спраўднаму дабру. Гэта праца для розуму, які ўзважвае, аналізуе, разглядае наступствы і перспектывы. Часам ужо тут, прыслухоўваючыся таксама да свайго жадання і волі, можна вызначыць лепшае рашэнне. Шчыра разважаю, які аргумент з’яўляецца для мяне больш важным і чаму? Які выбар стане наступным крокам на шляху да Бога – для мяне асабіста і для іншых? Што я хачу выбраць?
Затым я прашу Бога праз мае пачуцці даць выразна адчуць, які выбар прыносіць мне суцяшэнне (пад духоўным суцяшэннем св. Ігнацый падразумявае глыбокую радасць, энтузіязм, узрастанне веры, надзеі і любові, адвагі і г.д). Тое, што будзе найлепшым чынам служыць Богу, людзям і майму сапраўднаму “я”, споўніць запаветнае жаданне сэрца і прынясе тым самым унутраны спакой. Адносна якой альтэрнатывы я адчуваю суцяшэнне?
Як было сказана вышэй, бывае так, што ніякай узрушанасці я ў сабе не знаходжу і разлічваю тады толькі на розум. Гэта сітуацыя, калі Бог не дае яўных эмацыйных знакаў, але з даверам чакае, што майго жадання споўніць Яго волю і сумленнага карыстання сваімі натуральнымі здольнасцямі будзе дастаткова, каб прыняць добрае рашэнне.
Асобна св. Ігнацый прапануе спосаб выбару з выкарыстаннем уяўлення. Аднак, спачатку раіць затрымацца і шчыра сабе адказаць на пытанне: любоў, якой я кіруюся ў сваім выбары, з’яўляецца толькі і выключна любоўю да Бога ці тут дамешваецца штосьці іншае? Вядомая ігнацыянская малітва пачынаецца словамі: “Няма нічога больш практычнага, чым знайсці Бога, чым палюбіць незваротна і канчаткова”. Св. Ігнацый прапануе тры вобразы. Я магу ўявіць незнаёмца, якому жадаю дабра і святасці, ён стаіць перад такім жа выбарам, як я, і пытаецца ў мяне парады. Што яму выбраць дзеля большай хвалы Божай і духоўнага ўзрастання? Магчыма, гэта і мне пасуе найлепш? Магу ўявіць сябе ў момант смерці альбо на Апошнім Судзе і з гэтай перспектывы паглядзець на свае сённяшнія ваганні. Якое рашэнне было б найбольш слушным?
Урэшце, я раблю выбар і прашу Бога прыняць яго і “зацвердзіць”, як піша св. Ігнацый. З Божай дапамогай я спадзяюся прыносіць плён і ўдасканальвацца на выбраным шляху. У тым выпадку, калі разумею і адчуваю, што сітуацыя ці маё стаўленне змяніліся, магу наноў распачаць працэс выбару таго, што вядзе да большай хвалы Божай.
Тэрэса Клімовіч
Крыніца: часопіс “Ave Maria” № 12 (321) 2021