Гамілія на ІІІ Нядзелю Адвэнту, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Калі Ян навучаў над Ярданам, пыталіся ў яго людзі: Што мы павінны рабіць? Ён сказаў ім у адказ: Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае.

Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: Настаўнік! Што мы павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нічога, што больш за дазволенае вам, не патрабуйце.

Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: А мы што павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю.

Калі ж народ чакаў, і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а мякіну спаліць агнём непагасным.

Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

Лк 3, 10–18

 

Заклік да радасці, нягледзячы на турботы жыцця

«Радуйцеся!» — такі заклік у розных формах зноў і зноў гучыць у сённяшняй літургіі ў гэтую нядзелю, якую і называюць адпаведным словам на лаціне: Gaudete!

Падчас усяго перыяду Адвэнту Касцёл праз Божае слова запрашае вернікаў да надзеі і радаснага чакання спаўнення абяцанняў, дадзеных Богам, але гэтая нядзеля асабліва падкрэслівае вымярэнне радасці, неад’емнае ад нашай веры.

Калі быць шчырымі, часта нам лягчэй знайсці прычыны для смутку, незадавальнення, непакою… Але сярод усіх выпрабаванняў і трывог нашага жыцця маем патрэбу чуць заклік: «Радуйцеся!» Такім чынам не ігнаруюцца шматлікія выклікі рэчаіснасці, у якой нам даводзіцца існаваць, — і асабістыя, і супольныя.

Аднак наша вера становіцца непаўнавартаснай і скажонай, калі яна не прыносіць нам радасці.

Калі чуем узнёслыя, амаль што эйфарычныя фразы сённяшняга першага чытання, варта памятаць, што прарок Сафонія (як і іншыя прарокі) — не рамантык, цалкам адарваны ад жыцця, які не заўважае таго ліхога, чым поўніцца зямля. Адкрываючы папярэднія раздзелы кнігі ягоных прамоваў, знойдзем жорсткія абвінавачванні супраць тых, хто чыніць зло, разам з прадказаннямі трагічных наступстваў беззаконня і адкідання Божага закону выбраным народам. І вось сярод такіх суровых папярэджанняў гучыць шчыры заклік да радасці і весялосці!

Такая нечаканая змена тону прарока — важны ўрок і для нас. Сярод праяваў зла і нясправядлівасці вакол нас, перад якімі часам можам адчуваць сябе бязраднымі, мы чуем словы: «Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць!» (Саф 3, 15)

Прычына сапраўднай радасці

Прычыны для радасці і весялосці — не ў нашых дасягненнях і заслугах, а ў абяцанні, што Бог дзейнічае сярод нас, каб даць нам сваё збаўленне. Прарок кажа, што Пан сам

«будзе вельмі радавацца табе,
узрушаны ў любові сваёй,
будзе цешыцца табою ў весялосці»

(Саф 3, 17).

Радасць самога Бога, «узрушанага ў любові» да свайго стварэння, да нас, Ягоных дзяцей — вось прычына нашай радасці.

Прызнаемся, што гэтая думка можа падацца нам нечаканай і чужой — і тым больш варта над ёй затрымацца ў асабістым малітоўным разважанні перад Панам. Кожны з нас мае больш ці менш багаты досвед радасці ў сваім жыцці, і нам варта вучыцца бачыць розніцу паміж прамінальным пачуццём ад матэрыяльных задавальненняў ці нават нашых дасягненняў, якое хутка праходзіць, і трывалай радасцю, якая мае глыбокую крыніцу, бо заснаваная не на мімалётных рэчах, а на тым, хто мы ёсць перад Богам.

Калі пасля сваёй першай місіі вучні вяртаюцца да Езуса і радасна расказваюць пра свае поспехі, Ён кажа ім: «Не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах» (Лк 10, 20). Працягваючы аповед, евангеліст раскрывае нам момант радасці самога Езуса, які ўсклікае: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям» (Лк 10, 21).

Калі Божыя дзеці ў прастаце адкрываюцца на Божае аб’яўленне, на пасланне любові нябеснага Айца — гэта радасць для Божага Сына. Няхай мы вернемся да гэтай крыніцы аўтэнтычнай, непадробнай радасці, якая не пакідае нясмаку пасля сябе, як многія іншыя пацехі, але напаўняе і жывіць нас знутры. Нам трэба прызвычаіцца да «смаку» гэтай чыстай радасці, які можа «перабівацца» нашымі прывычнымі сродкамі пошуку задавальнення (гэта як адмовіцца ад цукру ў якаснай гарбаце, каб адчуць яе сапраўдны смак — спачатку нібыта чагосьці не хапае, але з часам вучышся цаніць аўтэнтычнае).

Што рабіць?

Глыбокая духоўная радасць заўсёды з’яўляецца свабодным Божым дарам, які, тым не меш, патрабуе з нашага боку ўмення прыняць яго і ўтрымаць. «Ворагі» сапраўднай радасці — усе тыя падробкі і сурагаты, на якія больш ці менш свядома мы пагаджаемся ў пошуку задавальнення, насамрэч шукаючы безумоўную любоў і прыняцце, якіх не знойдзем нідзе, акрамя як у Божых абдымках. Гаворка, канешне, не пра тое, каб у аскетычным парыве адмаўляцца ад любых «зямных радасцяў», але каб умець іх суаднесці з Крыніцай усяго добрага, а таксама надаваць ім адпаведную вагу.

У гэтым жа ключы — як складнікі «рэцэпту» глыбокай, доўгатрывалай радасці ў душы — можам успрыняць словы Яна Хрысціцеля ў сённяшнім евангельскім урыўку.

«Што мы павінны рабіць?» — пытаюцца людзі, якія пачулі яго заклік да навяртання. Адказ Яна насамрэч вельмі просты: ён кажа пра элементарную салідарнасць, справядлівасць, адмову ад насілля, карупцыі і злоўжывання ўладай.

«Што я павінен рабіць?» — кожнаму з нас варта таксама задаць гэтае пытанне і прымяніць да сябе ўказанні Яна, прымаючы перад Богам канкрэтныя рашэнні, каб у маім жыцці ўцелаўлялася салідарнасць, справядлівасць, сумленнасць, адмова ад насілля. Калі ж мы ігнаруем гэты фундаментальны заклік прадвесніка Езуса, закрываемся ад трывалага супакою і радасці.

«Добрая Навіна» Яна Хрысціцеля ўключае ў сябе напамін пра неабходнасць ачышчэння «гумна» і спалення той «мякіны» нашага жыцця, якая замінае нам жыць годна. Варта пачуць у такіх не вельмі лагодных словах Яна менавіта «Добрую Навіну», а не штосьці «нязручнае»: параду якая адпавядае нашым сілам і дазваляе нам узрастаць у чалавечнасці — а праз гэта і ў падабенстве да Бога.

Ян Хрысціцель у Чацвёртым Евангеллі называе сябе «сябрам Жаніха», які «слухае Яго і радуецца голасу Жаніха. Гэтая радасць мая поўная. Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым» (Ян 3, 29–30).

Вось яшчэ адзін — насамрэч, ключавы — складнік да рэцэпту сапраўднай радасці: слухаць голас Таго, каму Ян прыйшоў падрыхтаваць шлях, быць Ягоным сябрам, убачыць сваё існаванне ў больш шырокай перспектыве, чым пошук задавальнення ці рэалізацыя асабістых мэтаў.

Побач з Езусам, які спасылае мне дар Духа Святога, у «камандзе» з Ім, маё жыццё набывае зусім іншую вартасць, іншы смак; атрымлівае вогненны запал, які перамагае страх і дробязнасць, адначасова саграючы іншых і даючы ім святло. Няхай праз гэты дар Духа мы сёння напоўнімся Evangelii gaudium — «радасцю Евангелля», жывучы ім і становячыся ягонымі сведкамі. Амэн.

Віктар Жук SJ

Фота: Юрый Сідун