Гамілія на XХXIII Звычайную нядзелю, Год B

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Езус сказаў сваім вучням: У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.

Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.

Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах.

Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта. Неба і зямля прамінуць, а словы Мае не прамінуць.

А пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец.

Мк 13, 24–32

Мы набліжаемся да канца літургічнага года, і Касцёл у Эўхарыстыі праз слова Божае скіроўвае наш позірк на канец і мэту ўсёй гісторыі.

Сённяшні евангельскі ўрывак — частка больш працяглай прамовы Езуса пра «апошнія часы», у якой Пан прадказвае разбурэнне ерузалемскай святыні (што фактычна адбылося прыкладна праз сорак гадоў і стала вялікай трагедыяй для юдэяў), а таксама войны і іншыя катаклізмы. Такі апакаліптычны тон можа выклікаць трывогу і страх перад будучыняй: ці ж можна спакойна чакаць, калі «надыдзе цяжкі час, якога не было з таго моманту, калі пачалі існаваць народы» (першае чытанне)?..

Насамрэч апісанне трагедый і катаклізмаў у чытаннях сённяшняй Літургіі, як і ў іншых біблійных тэкстах таго ж жанру, адпавядае бедствам, якія, на жаль, з большай ці меншай інтэнсіўнасцю адбываюцца ў кожную эпоху — і, горш за ўсё, таксама ў наш «прагрэсіўны век». Мы бачым навіны пра войны, якія не спыняюцца ў розных частках свету, і пра прыродныя катаклізмы — наступствы драпежнага карыстання рэсурсамі нашай планеты, ствараецца ўражанне, што сапраўды мы жывём «у апошнія часы». Зрэшты, словы Езуса пра тое, што «не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта», можна аднесці да кожнага пакалення.

Менавіта ў такіх сітуацыях эсхаталагічнае пасланне Божага аб’яўлення з’яўляецца для нас крыніцай радыкальнай надзеі: слова Пана не хавае праўды пра трагічную рэчаіснасць зла ў свеце, але адначасова абвяшчае збаўленне для тых, хто гатовы яго прыняць — не на сваіх, а на Божых умовах.

Кажучы пра хаос, які агорне нябесныя свяцілы («зацьміцца сонца, месяц не дасць святла свайго, зоркі будуць падаць з неба…»), Езус спасылаецца на тое, што ў жыцці чалавека служыць арыенцірам у часе і прасторы: у мінулым пазіцыя сонца на небе была адзіным спосабам акрэсліць гадзіну дня, месяц дапамагаў адмерваць тыдні і месяцы, зоркі былі патрэбныя мараходам, каб ведаць кірунак руху скрозь водную стыхію… Сітуацыя, у якой губляюцца арыенціры, калі цяжка зразумець сэнс таго, што адбываецца навокал, калі невядома, куды рухацца далей, магчыма, нават часцей, чым са знешнім светам, здараецца з кожным з нас асабіста. Менавіта такі крытычны стан дае шанц пераасэнсаваць сваё жыццё: прыняць Сына Чалавечага, які прыходзіць (пакуль што) не на аблоках у велічы сваёй славы, а праз слова Евангелля і сведчанне тых, хто прыняў Яго як свайго Збаўцу.

Слова, якое не прамінае

«Неба і зямля прамінуць, а словы Мае не прамінуць», — сцвярджае Езус. Словы Езуса, якія даводзяць да паўнаты ўсе абяцанні, дадзеныя раней Богам чалавеку, — гэта Евангелле, «Добрая Навіна». Яны гучаць для нас не як нейкі бяздушны, фармальны закон, а як заўсёды асабістае запрашэнне ўвайсці ў адносіны з Тым, хто названы «Словам, праз якое ўсё створана» (пар. Ян 1, 1–3), знайсці ў Ім адзіны пэўны арыенцір для свайго жыцця.

Евангелле — гэта праўда і пра тое, што Слова, якое сталася целам у асобе Езуса з Назарэта, было адкінута і жорстка забіта людзьмі, але на гэтым Яго гісторыя не скончылася. Менавіта Пасха Хрыста, Сына Чалавечага і Сына Божага, з’яўляецца адказам Найвышэйшага Бога на ўсё зло і насілле гэтага свету і на кожную нашу асабістую трагедыю.

Калі Езус паміраў на крыжы, зацьмілася сонца і затрэслася зямля (Мц 27, 45.51) — адбылося прадказанае Панам на знак таго, што здарылася найбольшае злачынства ў гісторыі чалавецтва. Але гэтая смерць сталася брамай да цалкам новай надзеі, новага пачатку: уваскрослага жыцця Хрыста, які дзеліцца сваёй перамогай са сваімі братамі ўжо тут, у гэтым жыцці, праз веру, і сустрэне сваіх верных, калі праміне гэта зямное жыццё.

Вось Добрая Навіна, асабліва актуальная для нас: хоць Езус не гарантуе нам жыцця без цярпенняў, але Яго ўваскрасенне пасля мукі дае сэнс нашаму цярпенню.

Павел так выказвае пасхальны парадокс жыцця хрысціяніна: «Як памнажаюцца ў нас цярпенні Хрыстовыя, так памнажаецца праз Хрыста і суцяшэнне нашае» (2 Кар 1, 5). У тым самым урыўку Павел кажа, што суцяшэнне ад Бога — «каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх» (2 Кар 1, 4).

Час нашага жыцця

Тое, што Езус кажа пра канец вякоў, — не «футуралогія»: гэта мае непасрэднае дачыненне да нашага «сёння». Стварыцель сусвету і кожнага з нас, які сустрэне мяне і цябе ў момант смерці і перад чыім судом мы апынемся, у кожны момант нашага існавання звяртаецца да нас, заклікаючы кіравацца Словам Жыцця, дазваляючы такім чынам дакрануцца ўжо цяпер да вечнасці, жыць паводле законаў Божага Валадарства.

Кожны час — καιρός, гэта значыць адпаведны момант, каб быць адкрытымі збаўленню праз Евангелле, каб дзейнічаць у веры, надзеі і любові, каб сведчыць і дзяліцца атрыманым суцяшэннем з тымі, хто яго яшчэ не пазнаў.

Нам важна памятаць пра «апошнія рэчы», бо менавіта з перспектывы канца можна ацаніць сапраўдную мэту і вартасць нейкай справы — у тым ліку чалавечага жыцця. Тое, што праз веру мы ведаем пра нашае канчатковае прызначэнне, не можа не ўплываць на нашыя прыярытэты: на стаўленне да зямных дабротаў, дадзеных як дапамога на шляху да неба, і перадусім да дзяцей Божых — да нашых братоў і сясцёр, побач з якімі мы ідзем да мэты.

Нам цяжка ўявіць, што такое вечнасць, якім будзе існаванне ва «ўваскрашэнні памерлых», бо мы абмежаваныя нашым фізічным досведам у цяперашнім целе. Але верым у абяцанне, што «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (1 Кар 2, 9). Верым таксама, што любоў, якую дае нам Айцец і якой мы дзелімся з бліжнім, — вось наш досвед вечнасці ўжо ў гэтым свеце. Няхай жа ласкай Духа Святога любоў уцелаўляецца ў нашых думках, намерах, словах і ўчынках. Амэн.

Віктар Жук SJ