9 кастрычніка пачалося падарожжа пад назвай “На карысць сінадальнага Касцёла” – двухгадовы працэс мэтанакіраванага ўзаемадзеяння, разважання і распазнавання для ўсяго Каталіцкага Касцёла з мэтай знайсці адказ на пытанне: “Як мы пакліканы Святым Духам быць Касцёлам у трэцім тысячагоддзі?”
Паколькі ўсе кангрэгацыі і асацыяцыі запрашаюцца да актыўнага ўдзелу ў гэтым двухгадовым працэсе слухання і распазнавання, мы можам спытаць, якое дачыненне да сінадальнасці мае традыцыя ігнацыянскай духоўнасці і якія рэсурсы можа ўнесці ў гэты працэс. Па праўдзе кажучы, існуе вельмі шмат шляхоў, праз якія выяўляюцца значныя сувязі паміж ігнацыянскай духоўнасцю і сінадальным “спосабам дзеяння”, аднак цяпер разгледзім толькі тыя, што мы маглі б назваць перадумовамі, напрамкамі, якія мы можам абраць і практыкаваць, распачынаючы гэтае падарожжа.
Перш за ўсё, ігнацыянская духоўнасць прапануе нам разгледзець, дзе мы знаходзім (індывідуальна і калектыўна) прысутнасць Бога ў сваім досведзе, якое значэнне гэта мае для нас і як у выніку мы пакліканы жыць, любіць і працаваць. Возьмем, напрыклад, рахунак сумлення – мы пачынаем малітву з усведамлення, што Бог ёсць з намі, трымае нас у Сваіх далонях і любіць безумоўна.
Сінадальны працэс падразумявае тое ж самае: пачынаючы ўзаемадзейнічаць адзін з адным і ўслухоўвацца ў чужы досвед удзелу, камуніі і місіі ў Касцёле, нам варта рабіць гэта ўважліва, з усведамленнем, што Бог знаходзіцца сярод нас, любіць кожнага і дзейнічае нават у напружанасці, палярнасці і канфліктах, якія мы як Касцёл перажываем. Як эклезіяльная супольнасць (мясцовая парафія, малітоўная група ці ордэн) мы рухаемся ў духу не проста дыялогу, але “трыалогу”. Нашая сустрэча – гэта не толькі “ты і я”, але і Бог, які з намі прабывае, ахінае і натхняе. Таму мы пакліканы выслухаць адзін аднаго, каб адчуць, што значыць быць католікам сёння, і ўспрыняць, што Бог кажа нам не толькі ў непасрэдным вопыце, але і праз другую асобу. Гэта перадумова №1.
Паколькі першы этап сінадальнага працэсу азначае, у першую чаргу, разважанне над уласным досведам і слуханне іншых, можна ўзгадаць другі элемент ігнацыянскай духоўнасці, які, на мой погляд, асабліва актуальны цяпер, у наш палярызаваны час, калі людзям сапраўды вельмі цяжка слухаць тых, хто прытрымліваецца іншага меркавання. Калі Ігнацый рыхтаваў свае рэкамендацыі адносна таго, як духоўны кіраўнік і той, хто выконвае духоўныя практыкаванні, павінны ставіцца адзін да аднаго, ён падкрэсліваў пазітыўны падыход, напоўнены даверам і пашанай.
Гэтая перадумова прадугледжвае, што мы павінны даць суразмоўцу тое, што можна назваць “перавагай сумневу”, а менавіта, у найлепшым святле інтэрпрэтаваць тое, што іншы кажа і чаму. Можна назваць гэта свайго роду “даследаваннем на аснове станоўчай ацэнкі”, якое не робіць хуткіх высноў, але застаецца пазітыўным, адкрытым і цікаўным – наколькі магчыма ў межах разумнага. У выпадку, калі мы не згаджаемся з пачутым або не лічым вартасным, Ігнацый рэкамендуе дадаткова спытаць, што наш суразмоўца мае на ўвазе і як ён разумее сваю інтэнцыю. Калі мы ведаем дакладна, а не толькі паводле свайго меркавання або схільнасці, што іншы чалавек памыляецца, то імкнемся выправіць яго, але ў духу любові. Далей Ігнацый кажа, што калі гэтага недастаткова, каб змяніць погляд іншага чалавека, “трэба шукаць любыя адпаведныя сродкі, з дапамогай якіх зразуметае добра выказванне можна захаваць”. Гэта перадумова №2. Які кантраст з тым, што мы назіраем у грамадстве ў цэлым і ў прасторах сацыяльных сетак!
На маю думку, тое, у якім духу мы слухаем адзін аднаго, будзе вызначаць, ці здольныя мы распазнаць, як Дух Святы прысутнічае ў гісторыях і ракурсах, адрозных ад нашых. Без гатоўнасці ўважліва слухаць адно аднаго, асаблівым чынам тых, якія адчуваюць сябе маргіналізаванымі і адкінутымі Касцёлам, мы не выканаем гэты заклік да сінадальнасці. Але калі ў духу ўразлівасці і адвагі мы ўвойдзем у працэс свабоднымі ад страху, прывязанасці і празмернай прадузятасці, мы разам распазнаем, якую будучыню Бог жадае рэалізаваць праз нас.
Дэвід МакКалум SJ, выканаўчы дырэктар Discerning Leadership Program
Крыніца: Synodality: where is it headed?