Вызначэнні і формулы з катэхізіса вельмі дапамагаюць праводзіць катэхетычныя заняткі, але, здараецца, падмяняюць іх. Кароткія адказы ўжо па сваёй сутнасці спрашчаюць справы. Бяздумнае запамінанне “правільных адказаў” вядзе да неразумення зместу і няздатнасці карыстацца імі ў канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Якім жа чынам веды з катэхез аб сакрамэнце пакаяння і паяднання пераходзяць у глыбіню і плённасць нашага навяртання?
Цёплы майскі адвячорак больш за дваццаць гадоў таму. Мы з братам, седзячы ў садзе, адказваем на пытанні катэхізіса: “Якія пяць умоў добрай споведзі?” Адказ: “Рахунак сумлення, жаль за грахі, шчырая споведзь, выкананне прызначанай пакуты… і нешта яшчэ”. “Цвёрдае пастанаўленне выправіцца”, – дадае адзін з нас з задавальненнем, бо ў суперніцтве братоў прыдатнай становіцца любая аказія быць разумнешым за другога. Не мае значэння, што гэтая “разумнасць” бярэцца з адкрытай употай старонкі катэхізіса. Працуючы катэхетам, я часта чуў, як вучні радуюцца таму, што не павінны ў мяне на занятках вучыць напамяць формулы. Думаю, што зубрэнне многім з нас уяўляецца адным з самых нудных (і непатрэбных!) школьных заданняў. І тым не менш, аналізуючы вызначэнні з катэхізісу, можна дайсці да іх сутнасці, але ў той жа час заўважыць, што яны могуць збіць з дарогі…
Ужо сам выраз “умовы добрай споведзі” крыху недакладны. Пасіўнае, безасабовае і, у нейкай ступені, юрыдычнае адценне сэнсу слова “ўмова” паказвае на некаторую неабходнасць, але за ім стаіць прыметнік “добрай”, які сведчыць аб тым, што гэта заахвочванне. Споведзь можа быць добрай, так сабе, а можа быць і дрэннай, але споведзь – гэта споведзь. На працягу многіх гадоў я лічыў, што гэтыя прадпісанні варта выконваць, але яны не абавязковыя для таго, каб сакрамэнт быў сапраўдным. Да абавязковага я дадаў бы толькі шчырасць споведзі і атрыманне адпушчэння грахоў з боку святара. Тым не менш, усе ўмовы споведзі, а дакладней “чыны пэнітэнта”, як называе іх Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, з’яўляюцца неабходнымі элементамі, якія складаюць гэты сакрамэнт. Таму паспрабуем разгледзець іх у храналагічным парадку. Я разглядаю супольна рахунак сумлення і намер выправіцца як элементы жалю за грахі.
Жаль за грахі
Хіба кожны з нас неаднойчы адчуваў маральнае “пахмелле” ці згрызоты сумлення. Як я мог гэта зрабіць? Чаму так адрэагаваў? Што на самай справе я тады думаў? Мы часта пакідаем гэтыя пытанні без адказу, таму што нам балюча, аднак яны могуць стаць пачаткам вельмі добрага рахунку сумлення. Гэтую сітуацыю можна параўнаць з траўмай. Адразу пасля здарэння мы аўтаматычна неяк перавязваем сваю рану. Нам здаецца, што так крыху менш баліць. Аднак праз некаторы час мы павінны паглядзець на яе, ачысціць і вырашыць, ці патрабуе яна дадатковага лячэння, напрыклад, накладання швоў. Часам мы просім кагосьці дапамагчы. Апрацоўка прыносіць дадатковыя пакуты, але з’яўляецца неабходнай для вылячэння.
Рахунак сумлення – гэта агляд і ачышчэнне раны, якую мы нясем унутры, прыгаданне не толькі таго, што адбылося, але і абставін падзеі, уласных матываў. Калі мы змяшчаем гэта ў кантэкст веры, г.зн. нашых адносінаў з Богам і Яго паклікання да жыцця ў любові, то ствараем дасканалую аснову для сакрамэнту пакаяння і паяднання. Рахунак сумлення дазваляе зразумець, хто мы ў вачах Бога. Гэта погляд на сябе як на ўмілаванае дзіця добрага Айца, якое дагэтуль да канца не верыць ў Яго любоў.
Боль, які спадарожнічае працэсу, – гэта жаль за грахі. Яго таксама называюць скрухай. Тое што было, калі грэх нараджаўся: пыха, пажадлівасць, самаўпэўненасць, розныя эмоцыі, – усё рассыпаецца, нібы скрышанае, а застаецца пачуццё нясмаку, пусткі, сораму. Жаль – гэта ўсё ж перадусім агіда ў адносінах да ўчынку, які я здзейсніў. Можа, я б хацеў вярнуць час назад, але не здолею. Магу, аднак, пастанавіць, што больш так рабіць не хачу. Рахунак сумлення ўзмацняе ўва мне гэтую паставу, а часам абуджае яе.
Вяртаючыся да параўнанна з перавязваннем раны, трэба памятаць, што часам сур’ёзныя траўмы амаль не баляць (напрыклад, раны галавы). Падобным чынам не ўсе грахі адразу адчуваюцца праз выразныя дакоры сумлення. Таму важна ўглядацца і даследваць іх. Часам эмоцыі, якімі суправаджаецца распазнанне ў сабе таго ці іншага граху, праяўляюцца слаба. У такім выпадку я магу розумам узмацніць у сабе жаль і пастанову выправіцца. Напрыклад, калі, нягледзячы на стомленасць, я вырашыў кіраваць аўтамабілем і праехаў скрыжаванне на чырвонае святло, варта ўсвядоміць, што я насамрэч падвяргаў іншых людзей смяротнай рызыцы. Хоць нічога дрэннага не адбылося, і ў мяне не было намеру нікога пакрыўдзіць, я праявіў вялікую безадказнасць, сеўшы за руль у такім стане.
На гэтым першым этапе сакрамэнту пакаяння вельмі карысна прыслухацца не толькі да ўнутранага голасу сумлення, але і да Божага слова. Можна ўспомніць тут гісторыю пра тое, як прарок Натан паказаў Давіду ягоны грэх (2 Сам, 11-12). Катэхізіс прапануе наступныя фрагменты, якія дапамогуць падрыхтавацца да добрай споведзі:
Мц 5–7 – Казанне на гары,
Рым 12–15 – аб абавязках хрысціянаў,
1 Кар 12–13 – аб харызмах Святога Духа і Касцёле як Целе Хрыста,
Эф 4–6 – аб жыцці ў адпаведнасці з пакліканнем.
Вядома, слуханне Слова патрабуе пакоры і часу. Тым не менш, лепшым рашэннем будзе выдаткаваць час на падрыхтоўку, чым зазнаць спакусу магічнага падыходу да сакрамэнту, напрыклад: “Я выконваю рытуал вызнання грахоў, святар прамаўляе формулу, і я выходжу чысты”.
Вызнанне грахоў і выкананне пакуты
Важны крок у прыняцці адказнасці за свае дзеянні. Гэта прызнанне таго, што я вінаваты ў тым, што пакрыўдзіў сябе і іншых. Адначасова гэта прызнанне растраты Божых дароў, марнавання свайго жыцця. Сіла такога прызнання ў тым, што мы на адным баку з Богам. Ён ніколі не асуджае нас, але ў той жа час паказвае нам, што грэх з’яўляецца перашкодай у нашым ўзрастанні і карыстанні Божай ласкай. Ён дае нам магчымасць перайсці на Яго бок. Ён паказвае нам, што мы з’яўляемся ворагамі саміх сабе, калі грэшым.
Шчырая споведзь нагадвае спатканне з лекарам, якому мы паказваем свае раны і распавядаем пра істотныя абставіны таго, што адбылося. Дзякуючы аповеду лячэнне будзе найбольш эфектыўным. Відавочна, што я адчуваю сорам, калі вызнаю грахі. Вось чаму так важна давяраць, што я ў добрых руках, у руках міласэрнага Айца. Нават калі ў мяне ёсць адчуванне, ідучы да споведзі, нібы я збіраюся на экзекуцыю, то прысуд можа быць толькі адзін – прабачэнне і вылячэнне (няхай нават на дадзены момант тое не заўсёды магчыма). Шчырасць у вызнанні грахоў – выраз пакоры і даверу да Бога. Справа не ў тым, каб апісаць дэталі граху, а ў тым, каб назваць рэчы сваімі імёнамі, не маскіруючы і не прыхарошваючы праўду. Часам святар можа дапамагчы нам назваць гэтую праўду, задаючы якое-небудзь дадатковае пытанне. Як мы адрэагуем, залежыць ад нас. Каб споведзь была сапраўднай, трэба дакладна вызнаць толькі свае грахі. Аднак варта памятаць, што святар сваімі пытаннямі проста хоча дапамагчы нам. Ён можа закрануць нешта цяжкае або нязручнае для нас, але мы заўсёды маем права не абмяркоўваць гэта, калі пытанні непасрэдна не звязаны з грахамі, якія мы вызнаем.
Надыходзіць момант лячэння. Праз адпушчэнне грахоў рана становіцца апрацаванай і перавязанай. Цяпер застаецца прытрымлівацца ўказанняў лекара. Гэта акт сатысфакцыі або пакуты. Часцей за ўсё тут мы засяроджваемся на выкананні прызначанай святаром пакуты. Яна павінна дапамагчы аднавіць духоўнае здароўе. Добра, калі пакута звязана з жыццём пэнітэнта. На споведзі мы таксама можам выказаць святару меркаванне, што пакуту немагчыма выканаць у нашай жыццёвай сітуацыі.
Элементам сатысфакцыі з’яўляецца прыняцце ў пакоры цяжкасцяў і цярпення, з якіх складаецца жыццё. Магчыма, мы крыху забываемся, што нашая штодзённасць – пастаяннае месца перажывання наступстваў нашага і чужога граху, аднак мы можам – ідучы за словамі св. Паўла – кожны дзень перамагаць зло дабром (Рым 12, 14-21). Гэта спосаб штодня практыкаваць збавенную пакуту.
Неабходным элементам з’яўляецца таксама справядлівая кампенсацыя крыўды. Калі мы ў кагосьці нешта забралі – трэба гэта вярнуць, калі мы камусьці сапсавалі нейкую рэч – трэба яе адрамантаваць, выправіць шкоду. Я думаю, што мы занадта часта вызваляемся ад гэтага абавязку. Атрымалі адпушчэнне грахоў – і ўсё ў парадку. Ці часта мы маем адвагу пасля споведзі пайсці і проста прасіць прабачэння ў тых, каго пакрыўдзілі?
Адбудуй святыню Божую*
У псальме 51 грэшнік моліцца словамі: “Ахвяра Богу – гэта скрушаны дух, не пагарджай, Божа, пакорным і прыгнечаным сэрцам.” Скруха ёсць сутнасцю культу і сустрэчы чалавека з Богам. Пакута стварае прастору для досведу Бога і перамены жыцця.
- Жаль за грахі з пастанаўленнем выправіцца – падмурак, які часам складана акрэсліць, але на яго абапіраецца ўвесь працэс.
- Вызнанне грахоў – сцены будынку. Найбольш бачны яго складнік. Тое, што вызначае прастору навяртання і што мы можам назваць і апісаць.
- Дахам з’яўляецца чын пакаяння – выкананне прызначанай пакуты, што дапаўняе працэс перамены жыцця і з’яўляецца таксама гарантыяй таго, што будынак будзе трывалым.
- Скруха чалавека – ахвяра, мілая Богу.
Божая ласка дазваляе нам узвесці гэтую святыню і яднае паасобныя элементы. Тым самым, тое, што здавалася толькі прыкметай нашай слабасці і смерці (наш грэх), становіцца матэрыялам для пабудовы святыні – месца спаткання Бога, які “ў літасці і міласэрнасці найбольш праяўляе сваю ўсемагутнасць” (калекта XXVI звычайнай нядзелі).
Вядома, добрымі будаўнікамі не нараджаюцца, але становяцца – праз практыку. Аднак не абавязкова чым часцей мы спавядаемся, тым лепш. Вельмі карысна рэгулярна (нават штодня) рабіць рахунак сумлення, глядзець на свае рашэнні, матывацыю і спосабы рэагавання ў розных сітуацыях. Гэта дапамагае нам заўважыць нашы маленькія хібы, якія з’яўляюцца знакамі нездаровага стылю духоўнага жыцця. Такое жыццё ў выпадку цяжкіх раненняў можа вельмі ўскладніць працэс лячэння.
Чэслаў Васілеўскі SJ – езуіт, катэхет, працуе ў парафіі св. Андрэя Баболі ў Варшаве.
* “Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?” (1 Кар 3,16)
Заклік і просьба пэнітэнта / Разважанне
Падрыхтуйся да малітвы. Стань у прысутнасці Пана. Маліся псальмам 51. Няхай словы Давіда стануць тваімі словамі, а яго просьба хай стане тваёй просьбай, яго прызнанне – тваім прызнаннем, яго прагненне – тваім прагненнем…
Кожны пункт разважай некаторы час. Дай словам псальма закрануць тваё сэрца, перш чым перайсці да наступнага пункту.
1. Усведамленне сваёй грахоўнасці
Псальм Давіда, калі прыйшоў да яго прарок Натан пасля граху з Бэтшэбай.
2. Маленне
Змілуйся нада мною, Божа,
у вялікай міласці Тваёй;
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй
знішчы беззаконні мае.
3. Вызнанне
Бо я ведаю беззаконні свае, […]
Табе, Табе аднаму я зграшыў
і зло ўчыніў перад Тваімі вачыма.
4. Прагненне
Акрапі мяне ісопам – і буду чысты,
абмый мяне – і стану бялейшы за снег. […]
Адвярні аблічча сваё ад грахоў маіх
і знішчы ўсе мае правіны.
5. Просьба
Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа,
і аднаві ўва мне трывалы дух.
Не адкінь мяне ад свайго аблічча
і не пазбаў мяне духа Твайго святога.
Вярні мне радасць збаўлення Твайго
і ўмацуй мяне духам прыхільным.
6. Скруха
Бо Ты не прагнеш ахвяры,
усеспаленне, хоць бы даў я, Табе не спадабаецца.
Ахвяра Богу – гэта скрушаны дух,
не пагарджай, Божа, пакорным і прыгнечаным сэрцам.
У сваёй дабрыні будзь ласкавы да Сіёна,
адбудуй муры Ерузалема.
7. Падзяка
Падзякуй Богу, што з любові да чалавека паслаў Сына Свайго Адзінароднага, які збавіў яго ад грахоў, які забірае іх у сакрамэнце пакаяння і паяднання.
На заканчэнне памаліся “Ойча наш”.
Крыніца: MANREZA. Pismo poświęcone duchowości ignacjańskiej. 3/2021 (7).
Выява: Murillo “Вяртанне марнатраўнага сына”