Гамілія на ХХIX звычайную нядзелю, Год В
Чытанне святога Евангелля паводле Марка
Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім». Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй». Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».
Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. Езус жа паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.
Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.
Мк 10, 35-45
Ведаць, аб чым прасіць Бога
«Хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім», — звяртаюцца да Езуса браты Якуб і Ян.
У нашых малітвах мы маем на ўвазе тое самае, нават калі не выказваем сваё жаданне дакладна ў тых жа словах: хочам, каб Бог выканаў нашыя просьбы; каб зрабіў для нас тое, што мы ўспрымаем як нешта каштоўнае і пажаданае для нас і дарагіх нашаму сэрцу людзей. Здаецца, у гэтым няма ніякай праблемы: Езус неаднойчы вучыць у Евангеллі прасіць Бога з даверам і настойлівасцю, а падчас Апошняй Вячэры дае вялікае, амаль неверагоднае абяцанне: «Прасіце, чаго захочаце, і станецца вам» (Ян 15, 7).
Ці ж гэта не рэцэпт для здзяйснення нашых мараў? Гэта сапраўды так, але пры той умове, што мы ведаем, аб чым прасіць. «Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце…» — удакладняе Езус.
Зрабіць слова Езуса мерай нашых жаданняў: вось выклік для нас.
Сынам Зэбэдэя ў сённяшнім урыўку Пан адказвае: «Не ведаеце, аб чым просіце». Відавочна, у той момант яны яшчэ не ўмеюць ацэньваць свае жаданні паводле таго, чаму іх вучыць Настаўнік.
У чарговы раз у паводзінах апосталаў нам дадзена магчымасць паглядзець на сябе, як у люстэрка. Вымаўляючы у малітве «Ойча наш» кожны раз «будзь воля Твая», ці насамрэч гатовыя мы прыняць з даверам, што воля Айца — адзінае сапраўднае дабро для нас, і дзейнічаць адпаведна з гэтым прыярытэтам?
Педагогіка Езуса
Рэч не ў тым, каб адмаўляцца ад любых сваіх жаданняў: яны з’яўляюцца важнай часткай таго, хто мы ёсць, але яны часта няспелыя, нясталыя і патрабуюць ачышчэння.
У рэакцыі Езуса на просьбу братоў бачна «педагогіка» нашага Пана і Настаўніка: у адрозненне ад іншых вучняў, Ён не абураецца на Яна і Якуба, але выпрабоўвае іхняе жаданне, каб ачысціць яго. «Не ведаеце, аб чым просіце»: у гэтых словах Езуса чуецца не імкненне «вырваць з коранем» амбіцыі вучняў, але запрашэнне да больш глыбокага зразумення, што стаіць за іх жаданнем, каб скіраваць яго ў правільнае рэчышча.
«Чаго я жадаю? Чаго шукаю? Да чаго імкнуся?» — гэтыя пытанні варта задаваць у прысутнасці Пана, шчыра прызнаючы і тое, што мы, хутчэй, хацелі б схаваць ад усіх і нават ад сябе, у тым ліку нашыя амбіцыі, жаданне быць у цэнтры ўвагі, імкненне мець уладу над іншымі і кантраляваць іх.
Гэта неабходны крок перад тым, каб дазволіць Богу ачысціць нашыя жаданні: у іх крыецца нешта добрае — вялікая энергія і матывацыя да дзеяння. Толькі з дапамогай нашага нябеснага Настаўніка мы навучымся скіроўваць яе туды, куды сапраўды варта: каб будаваць разам з Ім Божае Валадарства і ў сваім асабістым жыцці, і ў тых грамадскіх абставінах, у якіх знаходзімся. Гэта «педагогіка выхавання жадання»: нам трэба вучыцца «жадаць правільных рэчаў» — імкнуцца перш за ўсё да тых дароў Духа, якія робяць нас падобнымі да Езуса, нашага Настаўніка і Збаўцы.
Больш за тое: прыклад святых і вялікіх людзей, якія пакінулі ў гэтым свеце трывалы пазітыўны след, паказвае нам, што не трэба баяцца быць «людзьмі вялікіх жаданняў», дазволіць Богу запальваць у нас высокія памкненні, нават калі па дарозе яны будуць знаходзіць новыя формы і ў канчатковым выніку прывядуць не зусім туды, як нам ўяўляецца.
Улада дзеля служэння
Езус бачыць усю глыбіню сэрца чалавека і — як відаць з таго, што кажа далей — разумее, што ў просьбе Яна і Якуба схавана затоенае жаданне ўлады.
Улада сама па сабе не з’яўляецца чымсьці дрэнным: у адносінах паміж людзьмі ў малым ці вялікім маштабе — у сям’і, у працы, у грамадстве — яе вартасць акрэсліваецца тым, дзеля чаго яна выкарыстоўваецца.
Прызначэнне ўлады ў тым, каб рабіць дабро іншым, клапоцячыся пра іх патрэбы паводле нашых магчымасцяў.
Як сцвярджае Езус, напэўна не без болю, у гэтым свеце тыя, хто мае ўладу, часта выкарыстоўваюць яе дзеля сваіх інтарэсаў і проста дзеля таго, каб паказаць сваю ўяўную перавагу над іншымі. (Варта памятаць, што такім чынам часта дзейнічае механізм кампенсацыі: чалавек імкнецца кампенсаваць недахоп любові ці прыніжэнне, якое спазнаў у дзяцінстве…) Езус жа ў чарговы раз нагадвае пра сапраўдную веліч паводле крытэрыяў Божага Валадарства: вялікі той, хто ўмее выкарыстаць дадзеную яму ўладу дзеля служэння, уцелаўляючы запаведзь любові ў канкрэтных абставінах. Наш Збаўца сам дае нам прыклад гэтай велічы: Ён прыйшоў, каб «аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».
Варта звярнуць увагу на тое, што сённяшні евангельскі эпізод адбываецца пасля трэцяга (і апошняга) прадказання Езусам сваёй мукі, смерці і ўваскрасення. Прароцтва Ісаі з сённяшняга першага чытання прадказвае гэтую ахвяру: Слуга Ягвэ «апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны» і такім чынам «убачыць вечнае патомства». Пасхальная падзея, якая адбылася ў жыцці Езуса, знаходзіцца ў цэнтры нашай веры: мы з’яўляемся «патомствам», нашчадкамі дару жыцця нашага Збаўцы, аддадзенага за нас.
Юдэі лічылі сябе «сынамі айца Абрагама» (пар. Ян 8, 39), то бок нашчадкамі таго, хто першы паверыў у Божае абяцанне і вырушыў ва ўказаны Богам шлях. Нам, хрысціянам, варта памятаць, чыім патомствам мы з’яўляемся: сувязь з Хрыстом акрэслівае нас больш, чым прыналежнасць да нашай сям’і, народу ці культуры.
Пасхальны парадокс немагчыма выкрасліць і з нашай асабістай гісторыі: мы «аддаём» сваё жыццё дзень пры дні, хочам мы таго ці не, але ад нас залежыць, дзеля чаго мы яго аддаём: дзеля ілюзорнай пагоні за ўладай і кантролем, кампенсацыйнага задавальнення нашых амбіцый і капрызаў ці дзеля любові, якая ўцеляўляецца ў служэнні і робіць нас падобнымі да Таго, хто палюбіў нас да канца.
Езус не патрабуе ад нас немагчымага, бо ўмее «спачуваць слабасцям нашым», як кажа сёння другое чытанне, але Ён таксама адкрывае вучням сваё гарачае жаданне, «каб і вы былі там, дзе Я» (Ян 14, 3), каб мы дасягнулі Ягонай славы, не перажываючы, ці будзем мець найбольш прэстыжныя месцы, а давяраючы, што не будзем расчараваныя ў камуніі з Ім. Няхай Ён сёння вядзе нас шляхам да сваёй славы ў адзінстве з Айцом і Духам.
Амэн.
Віктар Жук SJ