Гамілія на ХХV Звычайную нядзелю, Год В
Чытанне святога Евангелля паводле Марка
Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне.
Мк 9, 30–37
Быць адкрытымі на таямніцу Пасхі
Тыдзень таму ў Літургіі слова мы пачулі першае прадказанне Хрыстом Ягонай мукі, смерці і ўваскрасення, і вось у гэтую нядзелю ў Евангеллі Пан Езус ужо другі раз кажа апосталам пра тое, што Яго чакае напрыканцы зямнога шляху. І зноў гэтыя словы сустракаюць незразуменне і супраціў вучняў: незразуменне, якое тым больш уражвае, бо адразу пасля прадказання цярпення Пана апосталы спрачаюцца між сабой, хто з іх важнейшы!
Для нас гэта чарговая магчымасць убачыць у вучнях Езуса саміх сябе і прызнаць, што мы таксама «не разумеем, а спытацца ў Яго баімся»: баімся заглыбіцца ў гэтую тэму, бо можам пачуць тое, што не хочам чуць і ведаць, — тое, што лепш выпхнуць за межы свядомасці, бо інакш яно ставіць пад пытанне ўсё нашае прывычнае мысленне.
Між тым, гаворка ідзе пра асноўную праўду нашай веры, пра той таямнічы спосаб, якім Пан збаўляе нас, — і адначасова пра нешта вельмі важнае адносна нашага жыцця.
Евангеліст Марк кажа, што Езус «вучыць» апосталаў, адкрываючы ім сваю будучыню, і бадай што больш, чым адносна любой іншай праўды, тут нам патрэбна гатоўнасць вучыцца, быць гатовымі ўслухацца і прыняць словы Пана, якія нясуць у сабе нябесную мудрасць, як піша апостал Якуб у другім чытанні, аднак для нас гучаць як парадокс. Каб перамагчы зло і смерць, Сын Божы не знішчыць сваіх апанентаў, але дазволіць ім здзекавацца з сябе і забіць — і праз гэта Ён будзе салідарны з мільёнамі тых, хто на працягу тысячагоддзяў не меў сіл абараніць сябе ад жорсткасці катаў, становячыся ахвярамі нянавісці; салідарны з чалавецтвам, якое стала ахвярай заганнага кола зла. Але менавіта такім чынам — не моцай насілля, а моцай любові — Хрыстус адкрые для ўсіх сваіх верных перспектыву ўваскрасення: жыцця ў зусім новай якасці, над якім зло і смерць не будуць мець улады. Гэта місія Божага Сына, дзеля якой Ён стаў часткай чалавечай гісторыі.
Крыніца Пасхальнай надзеі
Было б карысна нам затрымацца на хвіліну і паспрабаваць уявіць, з якім тонам і настроем Езус прадказвае сваю Пасху. Напэўна, Яго словы гучаць сур’ёзна, але ў іх няма лішняга трагізму, бо яны нясуць надзею. Кожную нядзелю мы святкуем гэтую надзею: ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі дзень, прысвечаны Пану, называецца «малой Пасхай», бо кожны раз у гэты дзень мы ўспамінаем уваскрасенне Хрыста. Гэты ўспамін не можа ператварыцца ў нейкі аўтаматызм: вера ва ўваскрасенне Езуса, наша лучнасць з Панам Уваскрослым і вечна жывым разам з верай у наша ўласнае ўваскрашэнне даюць нам радасць і моц, каб сустракаць усе жыццёвыя выклікі.
Але, вяртаючыся ў той момант, калі Хрыстус прадказваў вучням сваю Пасху, спытаемся: што дазваляла Езусу прыняць цярпенне з сэрцам, поўным надзеі? Ці крыніца надзеі Езуса — у тым, што Ён «больш, чым проста чалавек»; у тым, што Ён, Божы Сын, ведаў са стопрацэнтнай упэўненасцю, што Яго прабыванне ў грабніцы будзе доўжыцца толькі дзве ночы, а далей — «хэпі-энд»?..
Больш правільна будзе сцвердзіць, што Езус ведаў: Ён — Умілаваны Сын Айца, і Айцец Яго ніколі не пакіне; разам з Айцом Ён зможа прайсці праз тыя выпрабаванні, якія Яго чакалі.
У адрозненне ад апосталаў, якія баяцца спытацца Настаўніка і паставіць пад сумнеў свае ідэі пра Божы спосаб дзеяння, Езус заўсёды знаходзіўся ў дыялогу з Айцом, услухоўваючыся ў Яго волю (якая не адбірае свабоды ні Божага Сына, ні нашай, а наадварот дазваляе нашай свабодзе раскрыцца ва ўсёй яе паўнаце). Менавіта свядомасць любові Айца дазволіла Езусу, Сыну Чалавечаму, прыняць цярпенні і ахвяраваць сваё жыццё, каб атрымаць яго зноў.
Жыць любоўю, як дзеці
Езус ставіць перад вучнямі дзіця і, абняўшы, запрашае іх прыняць яго. Такім чынам Пан звяртае ўвагу на тое, што ад самага світання нашага жыцця мы маем патрэбу ў любові, прыняцці, пяшчоце, клопаце іншых. Гэтая патрэба асабліва відавочная, калі мы малыя, а дарослыя клапоцяцца пра нас, але насамрэч мы ніколі не перастаём быць дзецьмі, ніколі не перастаём мець патрэбу ў любові.
Езус не «саромеўся» таго, што Ён — Сын, які жыве любоўю Айца, і ў гэтым Ён, паводле чыйго сыноўняга вобразу мы створаныя, адкрывае нашу найглыбейшую сутнасць.
Мы існуем дзякуючы любові. Нашы бацькі ў першую чаргу, а потым і іншыя значныя асобы павінны быць для нас вобразам Божай любові, але чалавечая любоў заўсёды недасканалая, і толькі ў Богу мы знаходзім любоў дасканалую, якая не ставіць нам ніякіх умоваў і схіляецца, каб абняць нас у нашай крохкасці, як гэта робіць Езус з дзіцем.
Калі мы не ўсведамляем нашай патрэбы ў любові, калі гэтая патрэба не задавальняецца, мы пачынаем шукаць яе сурагатаў — напрыклад, доказаў, што мы лепшыя і важнейшыя за іншых, як гэта робяць вучні ў сённяшнім Евангеллі, і менавіта такім чынам стараемся «апраўдаць» сваё існаванне. Зайздрасць, сварлівасць, прагнасць, пра якія кажа апостал Якуб у другім чытанні, — вось «плады» такой жыццёвай устаноўкі, якая змушае нас бачыць сваю годнасць не ў тым, што мы любімыя чыстай і міласэрнай любоўю, а ў дасягненнях і дабротах гэтага свету, якія прамінаюць. Калі ж усведамляем, якую вялікую любоў мае да нас Бог — Айцец, Сын і Дух Святы, — тады самі становімся здольнымі любіць і служыць іншым, як гэта рабіў Езус.
Служэнне — гэта любоў у дзеянні; любоў, якая ўцелаўляецца ў канкрэтных жэстах клопату пра іншую асобу, якую Пан паставіў на маім шляху, у першую чаргу — тую, якая знаходзіцца ў патрэбе і ў якой мяне чакае сам Езус.
Дзеля гэтага мы пасланыя ў гэты свет: так, як наш Пан, мы пакліканыя рэалізаваць нашу місію, жывучы любоўю Айца і дзелячыся гэтай любоўю. Так мы ўжо ў гэтым жыцці пазнаём, што значыць быць уваскрослымі разам з Езусам. Няхай такім чынам Дух Святы дзейнічае ў нас сёння і кожны дзень. Амэн.
Віктар Жук SJ