Гамілія на XIX Звычайную нядзелю, Год B
Чытанне святога Евангелля паводле Яна
Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў «Я хлеб, які сышоў з неба», і казалі: Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа «Я сышоў з неба»?
Езус сказаў ім у адказ: Не абурайцеся між сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец Мой, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У прарокаў напісана: Усе будуць навучаны Богам.
Кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыйдзе да Мяне. Гэта не значыць, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
Я ёсць хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. А гэта – хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто есць яго, не памёр. Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.
Ян 6, 41–51
Пажытак, які ўзмацняе на духу
У першым чытанні сённяшняй Літургіі Слова мы знаходзім прарока Іллю ў найнізейшым, бадай што, пункце траекторыі яго жыцця: ён уцякае ад каралевы Езабэлі, якая пераследуе слугу Бога Ізраэля за тое, што ён знішчыў прарокаў Бааля, яе бога. Ілля напэўна чакаў, што пасля цуду на гары Кармэль сітуацыя ў краіне радыкальна пераменіцца, што ўлада ўжо не будзе больш у руках ідалапаклоннікаў. Але, відавочна, паводле Божага Провіду яшчэ не настаў гэты момант: каралева захоўвае ўладу, а цуд на Кармэлі не толькі яе не пераконвае, але падштурхоўвае да яшчэ большага пераследу тых, хто пакланяўся Ягвэ – “канкурэнту” яе бога Бааля.
Тое расчараванне і ўпадак сіл, якія характарызуюць стан прарока Іллі, напэўна, знаёмыя многім з нас, калі гледзячы на трыумф зла, ілжы, насілля “апускаюцца рукі” і проста не хочацца больш бачыць гэты свет.
Слова Божае ў чарговы раз рэалістычна малюе негатыўны бок рэчаіснасці, у тым ліку рэакцыю “чалавека Божага”, які ў іншых сітуацыях прадстаўлены як узор цвёрдасці і адвагі перад абліччам моцных гэтага свету. (Можам успомніць іншага вялікага прарока – Майсея, які ў моманты слабасці не аднойчы таксама просіць Бога забраць яго жыццё, бо яго старанні весці Ізраэль да свабоды сустракаюць жорсткі супраціў і неразуменне суайчыннікаў…)
Прарок Ілля ў гэтых абставінах атрымлівае нечаканую дапамогу: анёл (памятаем, што ў перакладзе гэта слова азначае проста “пасланнік, вястун”) забяспечвае яго вадой і ежай, якія падтрымліваюць фізічныя сілы прарока. Але, відавочна, прысутнасць Божага вястуна ўзмацняе Іллю не толькі фізічна, але і вяртае духоўныя сілы, каб працягнуць падарожжа і прыйсці на сустрэчу з Панам на гары Горэб.
Хрысціянская традыцыя ўбачыла ў тым хлебе, які падмацаваў Іллю, правобраз іншага Хлеба, пра які мы сёння чуем у Евангеллі. (Можа, цікава тут узгадаць, як у больш сучаснай для нас літаратуры – “Валадары пярсцёнкаў” – вялікі каталіцкі пісьменнік Дж. Р. Толкін робіць алюзію на эўхарыстычны пажытак, калі Фрода і Сэм атрымліваюць ад эльфаў асаблівы хлеб, які іх сілкуе і дазваляе працягваць шлях, каб выканаць іх місію…)
Сапраўдны хлеб з неба
Евангеліст Ян у сённяшнім урыўку працягвае прамову Езуса пасля таго, як Ён накарміў натоўп пяццю хлябамі, і паступова адкрывае сэнс гэтага знаку, удзельнікамі якога сталі суразмоўцы Пана. Ім цяжка зразумець, што Той, хто здолеў даць ім ежу, – больш важны, чым хлеб, якім яны насыціліся. Езус кажа: “Я хлеб, які сышоў з неба”, карыстаючыся сімвалічнай мовай, але адначасова адкрыта ўказваючы на самога сябе як той “дар з неба”, які важнейшы нават ад манны – цудоўнай ежы праайцоў у пустыні падчас падарожжа да Зямлі Абяцанай.
Суразмоўцы Езуса добра ведаюць, што “не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Друг 8, 3): то бок ведаюць, што, акрамя фізічнага, існуе іншы “голад”, які неабходна наталіць, каб жыць па-сапраўднаму, а не толькі як жывёла. У традыцыі Святога Пісання Ізраэля ўжо існавала разуменне, што словы Пана – “саладзейшыя за мёд і сок сотавы”, што закон Пана “ўмацоўвае душу і прасвятляе вочы” (пар. Пс 19/18, 9-11). Прароку Эзэхіэлю Бог наказвае ўчыніць сімвалічны жэст – з’есці світак з напісанымі на ім словамі Пана, каб пранікнуцца імі, прыняць у глыбіні тое пасланне, якое прарок павінен быў данесці да Ізраэля (пар. Эзх 3, 1-3).
Але сімвалізм пажытку для душы ў вуснах Езуса набывае зусім новы сэнс: хлебам, якім павінны сілкавацца людзі, ёсць Ён сам, Яго асоба, Ягонае жыццё, адданае “дзеля жыцця свету”. Толькі гэты “хлеб” – крыніца жыцця вечнага.
“Хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае”, тлумачыць Хрыстус, і праз гэтыя словы Чацвёртага Евангелля нам адкрываецца сапраўдны сэнс вечнасці: гаворка не пра тое, што адбываецца з чалавекам пасля адыходу з гэтага свету, а пра існаванне, якое становіцца рэчаіснасцю ўжо ў гэтым свеце – дзякуючы веры ў Божага Сына – і якое будзе доўжыцца ў праслаўленым стане пасля фізічнай смерці.
Дазволіць Богу вучыць і карміць нас
Каб спазнаць гэту канчатковую і поўную праўду пра лёс чалавека, трэба быць “навучанымі Богам”, кажа Езус. Зямнога розуму недастаткова, каб зразумець тое, «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека» (1 Кар 2, 9).
Нам неабходна дазволіць Айцу “прыцягнуць нас”: адчуць тую далікатную, але адначасова найважнейшую для нашага лёсу “сілу прыцягнення”. Гэтая сіла – сувязь веры; падобна гравітацыі, яна дазваляе нам цвёрда стаяць і ўпэўнена рухацца ў свеце. (Прыгадаем, што ў габрэйскай мове дзеяслоў “верыць” этымалагічна звязаны са словам “стаяць, мець цвёрдую аснову пад нагамі”.) Праз гэту нябачную, але рэальную сувязь Айцец няспынна запрашае нас усвядоміць той дар, якім сілкуецца наша існаванне.
Ва ўлонні маці ўсе нашы патрэбы задавальняліся непасрэдна ад яе цела, а калі прыходзім на гэты свет, спачатку атрымліваем ежу таксама з цела маці – праз яе малако; потым жа вучымся самастойна “карміць сябе”, праз гэта ўпадаючы ў ілюзію самадастатковасці: насамрэч мы ніколі не перастаём жыць дзякуючы дару, і Эўхарыстыя – гэта кульмінацыя Божага дару, які дае нам Айцец у сваім Сыне.
Айцец праз Духа Святога вучыць нас прыйсці да Езуса: у Ім убачыць той вобраз Сына, паводле якога мы створаны; убачыць таксама наша канчатковае прызначэнне ў Божай хвале дзякуючы ўваскрасенню.
Жыццё Езуса, Яго збаўчая смерць і ўваскрасенне, хоць і адбываюцца ў гісторыі, – не проста гістарычная падзея мінулага. Пасхальнае існаванне Хрыста – уцелаўлёная любоў, якая перамагла смерць, – становіцца даступным тым, хто верыць у Яго, у кожную эпоху і ў кожным месцы праз Сакрамэнт ламанага хлеба: у простай форме пасілку, у якім заключаны і дар зямлі, сонца, вады, і праца чалавечых рук – плён супрацоўніцтва са Стварыцелем, які даручыў чалавеку клопат пра зямны сад; Сакрамэнт хлеба, перамененага моцай Духа Святога ў Плоць Уцелаўлёнай Любові.
Дазволім сёння Айцу праз наш удзел у гэтым Сакрамэнце накарміць нас тым дарам, які напаўняе нас вечным – сапраўдным – жыццём: жыццём, якое ўцелаўляе любоў.
а. Віктар Жук SJ