3 чэрвеня 2021г., менш чым праз два тыдні пасля афіцыйнага пачатку Юбілейнага Ігнацыянскага года ў Памплоне і ў свеце, Расійскі Дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбурзе адкрыў выставу пад назвай «Ad maiorem Dei gloriam! Дзеля большай хвалы Божай! Да юбілейных урачыстасцяў Ордэна езуітаў». Выстава прысвечана жыццю і апостальскай дзейнасці Таварыства Езуса ў гісторыі і ў цяперашні час, ад яго слаўных дзён у Расійскай імперыі да сённяшняй больш сціплай прысутнасці.
Рэпартаж з Санкт-Пецярбурга а. Янеза Севера SJ
Экспазіцыя і адпаведны ёй каталог прадстаўляюць багаты асартымент касцёльных артэфактаў, літаграфій, фотаздымкаў і відэа, якія знаходзіліся на складах музея яшчэ з савецкіх часоў, калі музей называўся “Дзяржаўным музеем атэізму і рэлігіі”.
Асаблівай увагі заслугоўваюць шматлікія кнігі і выданні, якія належалі калегіумам езуітаў у Полацку, Вільні і іншых гарадах Расійскай імперыі ў перыяд касацыі Таварыства Езуса аж да выгнання езуітаў з Расіі ў 1815 годзе. Наведвальнікі выставы могуць убачыць больш за 200 карцін, якія ў выглядзе каляровых адбіткаў і на лічбавых дысплеях прадстаўляюць апошнія 30 гадоў дзейнасці Таварыства ў Расіі як “Незалежным рэгіёне Таварыства Езуса”.
Вялікую цікаўнасць выклікаюць сучасныя езуіты: Папа Францішак; Кардынал Сігітас Тамкявічус SJ з Літвы, які шмат гадоў правёў у Сібіры як палітвязень; біскуп Юзаф Верт SJ – адзін з першых трох біскупаў, пасвечаных у 1991 годзе пасля аднаўлення афіцыйных структур Касцёла ў тагачасным Савецкім Саюзе; і ўжо памерлы Мігель Аранц SJ, які ў Расіі добра вядомы сваімі творамі і супрацоўніцтвам з Ленінградскай праваслаўнай акадэміяй у савецкі час і лічыцца сусветна вядомым экспертам па літургіі ўсходняга абраду.
Выстава будзе працаваць да 12 верасня 2021 года.
Тэкст і фота: Янез Север SJ
Крыніца: jezuici.pl