Сёння распачынаецца юбілейны год, прысвечаны 500-годдзю навяртання св. Ігнацыя Лаёлы. Менавіта 20 мая 1521 г. ён быў паранены ў бітве, і ад гэтага моманту яго жыццё радыкальна змянілася. Разам з езуітам Штэфанам Кіхле ўспомнім, як усё адбылося, а таксама запрашаем паглядзець перакладзены на рускую мову фільм пра жыццё і духоўную спадчыну св. Ігнацыя: https://cutt.ly/bb2qdhM.
***
У маі 1521 года Ініга дэ Лаёла прыняў удзел у ваенным паходзе. Папярэдні кароль Навары Анры д’Альбрэ знайшоў прытулак у Францыі, калі пяць год таму кастыльцы выгналі яго з Навары. Паколькі Карл V адсутнічаў, а ў Кастыліі працягвалася грамадзянская вайна, Францыя вырашыла, што настаў адпаведны час аднавіць растаптаныя правы Анры д’Альбрэ і вярнуць яму каралеўства. Шматлікае французскае войска ўвайшло ў Навару і ўзяло ў аблогу горад Памплону. Абаронцы хацелі здацца без бою па прычыне абсалютнай колькаснай перавагі сіл праціўніка. Аднак Ініга лічыў гэта ганебным, і з невялікай групай сваіх прыхільнікаў перайшоў у недабудаваную крэпасць у верхняй частцы горада, каб уступіць у няроўны бой з французамі. Неўзабаве пасля пачатку бітвы ядро з варожай гарматы трапіла яму ў нагу. Раненне правадыра прывяло да хуткай здачы крэпасці яе абаронцамі. Французы ацанілі мужнасць Ініга і абыйшліся з ім высакародна: яны паклапаціліся аб параненым і даставілі яго ў радавы замак.
Жыццё Ініга было зруйнавана. Прага славы, ваенны гарт і рыцарскае жаданне перамагаць зніклі без следу. Прыдворная і адміністрацыйная кар’ера Ініга абарвалася. Цяжка параненага, змучанага нязносным болем, яго на мулах прывезлі на радзіму, у краіну баскаў.
Для лячэння склікалі лекараў з усёй ваколіцы. Хірургі аднавілі раструшчаныя косці, што ў тагачасных умовах суправаджалася пякельным болем. На працягу некалькіх дзён Ініга быў на мяжы жыцця і смерці. Ён прыняў апошнюю святую Камунію і пачаў маліцца святому Пятру. Нягледзячы на тое, што лекары ўжо не мелі надзеі на лепшае, ён цудоўным чынам вытрываў крызіс і ачуняў. Аднак з прычыны таго, што пасля першай аперацыі брыдка тырчала костка, і адна нага зрабілася карацейшай за другую, ён з-за сваёй пыхі запатрабаваў аперыраваць сябе яшчэ раз і адпіліць тую частку. Гэтая пакута і наступнае выцягванне нагі ён таксама перанёс без ніводнага стогну. Цяпер Ініга пачаў папраўляцца, але да вылячэння было далёка. Перыяд рэабілітацыі цела падвёў яго да непрадбачанага ўнутранага пераварота.
Вымушаны доўгі час заставацца ў ложку, Ініга папрасіў даць яму што-небудзь пачытаць, каб менш нудзіцца. Яго ўлюбёных рыцарскіх раманаў у Лаёле не знайшлося, таму яму далі “Жыццё Хрыста” (“Vita Christi”) Лудольфа Саксонскага і “Залатую легенду” (“Legenda aurea”) дамініканца Якуба Варагінскага – збор жыццяпісаў святых. У перыяд позняга Сярэднявечча гэтыя кнігі духоўна-павучальнага характару былі рэлігійнымі бэстсэлерамі па ўсёй Еўропе. Звяртаючыся да ўяўлення чытача, кнігі падрабязна апісвалі жыццё Езуса і вялікіх хрысціянскіх святых. Асноўнай мэтай аўтараў было закрануць сэрца чытача і садзейнічаць умацаванню жывой веры. У “Апавяданні пілігрыма” дэтальна апісаны ўплыў гэтых кніг на Ігнацыя.
Спачатку Ініга проста назіраў за тым, што адбывалася ў яго душы. Цягам доўгіх гадзінаў летуценняў ён уяўляў, як наследуе подзвігі святых (асабліва яго ўражвалі дзеі святых Францішка і Дамініка), ён адчуваў у сабе здольнасць працягнуць іх справу. Аднак думкі Ініга нярэдка накіроўваліся і на “свецкія рэчы”. Ён уяўляў сабе, “што б учыніў, служачы пэўнай сеньёры”, якія б сродкі выкарыстаў дзеля сустрэчы з ёй, якія словы сказаў бы і якія слаўныя подзвігі здзейсніў бы на яе службе. Ён марыў аб сеньёры вельмі высокага становішча, – магчыма, аб доньі Каталіне Аўстрыйскай. Такімі думкамі Ініга мог суцяшацца даволі працяглы час. Ён кідаўся паміж гэтымі двума ўяўнымі светамі. Далей ён піша: “Тым не менш, была розніца: думаючы аб рэчах зямных, ён адчуваў вялікую асалоду, але калі, стаміўшыся, пакідаў гэтыя думкі, то адчуваў нуду і незадаволенасць. Калі ж ён думаў аб тым, каб босым ісці ў Ерусалім, сілкавацца аднымі травамі і здзяйсняць усе іншыя подзвігі пакаяння, якія, як ён бачыў, рабілі святыя, – то адчуваў сябе суцешаным, задаволеным і радасным, і не толькі калі затрымліваўся на такіх думках, але і калі адхіляў іх”. Аднак Ініга не звяртаў на гэта ўвагу і не вельмі задумваўся аб адрозненнях, пакуль аднойчы ў яго не расплюшчыліся вочы, і тады ён пачаў здзіўляцца гэтай розніцы і разважаць пра яе, спасцігаючы на вопыце, што адны думкі пакідалі яго сумным, а другія – радасным. Пакрысе ён пачаў знаёміцца з разнастайнымі уплывамі духаў: аднаго – д’ябальскага, а другога – Божага”.
Тут ігнацыянскае вучэнне аб “распазнаванні духаў” атрымлівае біяграфічную аснову. Сузіраючы сваё ўнутранае жыццё, а менавіта назіраючы і ўсведамляючы свае пачуцці, Ініга зрабіў такое адкрыццё: розныя ўяўленні выклікаюць розныя наступствы. Што паходзіць ад “добрага духа”, чалавек пазнае па адчуваннях, якія ўзнікаюць пасля тых ці іншых мараў. Захоўваецца радасць і задавальненне ці першае пачуццё саступае месца ўнутранай пустцы, разбітым надзеям.
Ігнацый пайшоў за “добрым духам” і задумаўся аб сваім жыцці. Ён хацеў пераймаць святых: каяцца за сваё мінулае, пасціць, падвяргаць сябе бічаванню, ісці пешкі ў Ерусалім. Жыццё, якое ён вёў да гэтай пары, здавалася яму агідным, і ён цалкам выракся “цялесных спраў”. З вялікай руплівасцю ён пачаў чытаць кнігі аб пабожнасці і рабіць выпіскі, якія занялі каля трох соцень старонак. Пры гэтым яму спатрэбілася ўменне прыгожа пісаць. Ён адчуў у сабе “велізарнае імкненне служыць нашаму Пану”. Разважаючы аб тым, што будзе рабіць пасля свайго вяртання з Ерусаліма, ён думаў аб уступленні ў самы суровы картузіянскі кляштар. Пры тым ён хацеў заставацца невядомым, адмовіцца ад прывілеяў, якія яму давала шляхецкае паходжанне. У той жа час ён трывожыўся, што строгіх умоў будзе недастаткова, каб “практыкавацца ў той нянавісці да сябе, якая ў ім нарадзілася”.
З гэтага апісання бачна, што ў перыяд свайго першага ўнутранага навяртання Ігнацый кінуўся ў небяспечную скрайнасць. Ён пачаў ненавідзець сваё мінулае жыццё і самога сябе. У празмернай аскетычнай стараннасці ён хацеў гвалтам перамагчы тое зло, якое выяўляў у сабе. Яго мэта – наследаваць святых – тлумачылася інфантыльнай схільнасцю атаясамліваць сябе з вялікімі героямі. Па сутнасці, ён перанёс свае былыя рыцарскія ідэалы ў сферу святасці. Жаданне вылучыцца ў ратных подзвігах саступіла месца жаданню мець поспех у аскетычным дзеянні. Ні Езус, ні Бог Айцец яшчэ не мелі належнага месца ў гэтай “духоўнасці”, якая спалучала прагу духоўнай славы з імкненнем да пашаны і пагардай да ўласнага цела. Пазней яму давядзецца пакутліва даходзіць да ўсведамлення аднабаковасці такога запалу. Спачатку Боскае настаўніцтва паставіла перад Ініга, усё яшчэ не асвечаным духоўна, новыя мэты. Праўда, асноўныя накірункі яго далейшага развіцця заставаліся нявызначанымі. Аднак у Бога было шмат планаў адносна гэтага рашуча настаўленага маладога чалавека.