11 мая ў Рыме адбылася прэзентацыя кнігі генеральнага настаяцеля езуітаў айца Артура Сосы SJ пад назвай “У дарозе з Ігнацыем” („En camino con Ignacio”).
Айцец Генерал адмыслова падрыхтаваў яе да пачатку юбілейнага ігнацыянскага года і заклікае сваіх сабратоў і тых, каму блізкі дух Ігнацыя, падумаць аб розных актуальных аспектах сённяшняй сітуацыі ў Касцёле, над якімі ён разважае ў размовах, што сталі асновай для гэтага выдання. Айцец Соса пачынае кнігу сваім уласным сведчаннем і распавядае, якое значэнне для яго мае кіраванне Ордэнам, як ён перажывае цяжкую сітуацыю свайго роднага краю – Венесуэлы, якія адносіны ў яго склаліся з Папам Францішкам. Кніга створана ў супрацоўніцтве з іспанскім журналістам Дарыё Менорам (карэспандэнтам газеты “El Correo”, часопіса “Vida Nueva”).
У сваім вельмі асабістым сведчанні а. Соса сярод іншага піша: “Гісторыя св. Ігнацыя адлюстравалася ў маім жыцці. Спачатку ён рашуча імкнуўся дасягнуць поспеху пры двары і меў планы на будучыню. Баявое раненне ўсё змяніла, даўшы яму час паразважаць і ўбачыць, што Бог хоча для яго зусім іншага. Па-свойму і ў розныя перыяды жыцця падобныя перамены адбываліся і са мной, калі я вучыўся слухаць, як Бог гаворыць са мной. На самай справе, у часы пандэміі гэта адбываецца са мноствам людзей вакол нас, бо яны сутыкаюцца з абмежаваннямі сваіх жыццёвых планаў”.
Гэтую кнігу варта прачытаць не толькі езуітам, але і ўсім, хто адчувае лучнасць з ігнацыянскай духоўнасцю. Яна можа быць карыснай падмогай для разважанняў аб жыцці падчас імклівых зменаў і нечаканых выклікаў, якія часта перайначваюць усё нашае жыццё, прымушаюць змяніць нашыя планы. Гэтая кніга – запрашэнне да асабістага навяртання, да высілку на духоўным шляху.
На дадзены момант кніга выдадзена на іспанскай, англійскай, французскай, італьянскай і партугальскай мовах. Неўзабаве яна з’явіцца і на польскай мове. На гэтай старонцы можна знайсці спіс выдавецтваў у розных краінах і рэгіёнах свету.
А. Артура Соса SJ і журналіст Дарыё Менор, сааўтар кнігі.
Крыніцы: jesuits.global, jezuici.pl