Гамілія на III Велікодную нядзелю, год B
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі
Вучні Езуса расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як яны пазналі Езуса ў ламанні хлеба.
Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў: Спакой вам.
Устрывожаныя і напалоханыя яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: Чаму засмуціліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: бо дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю. Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.
А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: Ці маеце тут што з’есці? Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.
І сказаў ім: Гэта словы мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах. Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.
І сказаў ім: Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага.
Лк 24, 35–48
Перайсці ад нявер’я да веры
«Гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся!» Зноў мы чуем, як уваскросламу Езусу даводзіцца пераконваць вучняў, што гэта сапраўды Ён — жывы, хоць быў забіты; што Ён той самы, якога яны ведалі раней. Ён не проста дух, які ім з’яўляецца з «замагільнага свету», але ўваскрос у новым, праслаўленым целе.
Так як для апосталаў тады, так і для нас сёння новая рэчаіснасць Уваскрасення пераварочвае наша звыклае бачанне рэчаў, і не дзіўна, што ў чалавеку нараджаецца сумнеў і недавер перад абліччам такой навізны. Але як вучні пераходзяць ад трывогі і страху да радасці — нават калі ўсё яшчэ «дзівяцца і не вераць»; як апостал Тамаш у евангельскім эпізодзе мінулай нядзелі пераходзіць ад нявер’я да вызнання Езуса Панам і Богам, — так і мы сёння маем магчымасць перайсці ад сумневу, нявер’я, абыякавасці да прыняцця ўваскрослага Хрыста як Таго, хто перамяняе гісторыю ўсяго чалавецтва і кожнага з нас.
Асабістая сустрэча з Ім праз веру — вось што прапануе нам Пан зноў і зноў праз пасрэдніцтва свайго Касцёла, супольнасці сваіх сведкаў.
Сённяшні евангельскі ўрывак дапамагае нам зразумець, як гэтая сустрэча адбываецца для нас, якія не былі сярод вучняў у той дзень у Вячэрніку.
Уваскрослы Пан, прысутны ў Целе сваім і ў целе тваім
«Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я,» — кажа Езус, каб дазволіць прысутным пераканацца, што Ён сапраўды мае цела, а не з’яўляецца прывідам.
Часам хрысціяне ўспрымаюць Езуса менавіта як «прывід» з іншага свету, «перажытак мінулага», які не мае нічога супольнага з нашай канкрэтнай — матэрыяльнай — рэчаіснасцю сёння. Божы Сын пакідае нам такі сакрамэнт як памяць Ягонай прысутнасці сярод нас у кожны час і ў кожным месцы, які акурат падкрэслівае Яго матэрыяльнасць: праз Эўхарыстыю Езус матэрыяльна становіцца часткай нашай рэчаіснасці: не толькі знешняй, але і асабістай, цялеснай кожнага з нас у Камуніі.
Так, гэта не звычайная фізічная прысутнасць як кожнай іншай асобы, але сакрамэнтальная прысутнасць у постаці знаку, якая даступная праз веру — але менавіта таму яна больш рэальная ў цэласнай перспектыве нашага жыцця. Нашае цела змяняецца, перамяняецца праз Камунію: боскае ўваходзіць у чалавечае, смяротнае атрымлівае задатак несмяротнага.
Нам варта ў малітве перад Панам затрымацца ў здзіўленні над гэтай таямніцай, не абмяжоўваючы момант эўхарыстычнай сустрэчы з Ім адной-дзвюма хвілінамі непасрэдна пасля Камуніі. Як хрысціяне, як тыя, каго Божы Сын называе сябрамі, мы жывем гэтым дарам, які перамяняе нас не проста «духоўна» ў нейкім адарваным ад матэрыяльнага вымярэння сэнсе, але і фізічна змяняе нашу прысутнасць у гэтым свеце.
Маё ўспрыманне ўласнага цела пасля Камуніі не можа быць тым самым, што да яе; мой дотык, фізічны кантакт з іншай асобай не можа быць той самы; мой позірк, мая пастава слухання бліжняга не будзе той самай, нібыта Езуса няма са мной і ўва мне.
Свядома ці, найчасцей, несвядома цела для нас — гэта або цяжар, крыніца болю і дыскамфорту (і мы не ўмеем «прыслухоўвацца» да яго, а замест гэтага «пхаем» у яго і розныя стымулянты і проста надмерную колькасць ежы), або сродак атрымліваць задавальненне у розных выглядах, кампенсуючы праз цялеснае недахоп сапраўднай любові ў нашым жыцці. Наша сустрэча з уваскрослым Езусам, які існуе не проста як «дух», але і ў целе, аздараўляе нашу цялеснасць і дазваляе ўжо ў гэтым зямным жыцці адчуць пробліскі той хвалы, якая — у цялеснай форме — чакае і нас у паўсюдным уваскрасенні.
Божы Сын прамаўляе праз Пісанні
«Гэта словы мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі», кажа Езус, адкрываючы розум вучняў, каб яны разумелі Пісанне. Словы Езуса — вось яшчэ адно неабходнае вымярэнне нашай жывой сустрэчы з Ім, неаддзельнае ад веры ў тое, што сёння Пан, які ўваскрос ў целе, скіроўвае да нас гэтыя словы. «Нябачны Бог у сваёй бязмернай любові звяртаецца да людзей як да сяброў і гаворыць з імі, каб запрасіць да супольнасці з Ім і прыняць у яе» (Dei Verbum, 2). Калі я слухаю, чытаю, разважаю тыя словы, якія Пан пакінуў як запавет з Ім, яны становяцца «светачам для маёй нагі і святлом на маёй сцежцы» (пар. Пс 119 (118), 105).
Варта ўсвядоміць вось якую праўду: чалавечае жыццё — гэта гісторыя, якая становіцца аповедам, і тое, як кожны ўспрымае і інтэрпрэтуе для сябе гэту гісторыю, залежыць ад таго «мета-наратыву» (то бок таго аповеду, які ўключае ў сябе ўсе іншыя гісторыі і стварае «рамкі» для інтэрпрэтацыі), які чуе і ў які верыць. (Тут можна ўспомніць, напрыклад, мета-наратыў камуністычнай ідэалогіі з імкненнем да «лепшай будучыні», дзеля якой можна і нават трэба прыносіць у ахвяру жыццё асобнага чалавека, з наступствамі, якія дагэтуль прысутнічаюць у пэўным менталітэце).
Святое Пісанне, якое пачынаецца апісаннем стварэння ўсяго існага і заканчваецца вобразам Нябеснага Ерузалема, а паміж гэтым пачаткам і канцом апавядае пра адносіны чалавецтва і Бога як гісторыю збаўлення — вось ключ для ўспрымання чалавечага лёсу ў сапраўдным святле.
Кульмінацыя гэтай гісторыі — Уцелаўленне і Пасха Божага Сына, які адкрывае кожнаму чалавеку паўнату жыцця ў Богу праз прабачэнне правінаў. Таму нам, вучням Хрыста, неабходна штодзённа дазваляць Яму звяртацца да нас у Ягоным слове: перш за ўсё ў слове Евангелля, якое найлепш набліжае нам Яго асобу, але таксама і ў іншых словах, якія адлюстроўваюць прыгоду адносінаў чалавека з Богам з усімі яе ўзлётамі і падзеннямі. Менавіта там мы знойдзем надзею і для нашай супольнай гісторыі: праз цярпенне мы прыйдзем да ўваскрасення, да новага жыцця.
Сябры Бога праз любоў
«Хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая», кажа святы Ян у сённяшнім другім чытанні, нагадваючы ў сваім звычайным стылі пра найважнейшую мэту і крытэрый аўтэнтычнасці жыцця чалавека: любоў.
«Мы пазналі Езуса, калі захоўваем Ягоныя запаведзі»: вось яшчэ адзін спосаб сказаць, што мы сапраўды сустрэлі жывога Хрыста і прынялі Ягонага Духа, які робіць нас здольнымі быць паслухмянымі Божаму Слову і быць падобнымі да Божага Сына ў гэтым свеце праз дзейсную любоў. «Вы сябры Мае, калі робіце тое, што наказваю вам», дадае Езус (Ян 15, 14).
Сёння Ён аднаўляе запрашэнне сяброўства, скіраванае асабіста да мяне і цябе, — запрашэнне, якое адзінае з’яўляецца крыніцай сапраўднага супакою і радасці.
Няхай у адказ з нашага боку прагучыць шчырае і шчодрае «Так, Езу, Пан мой і Бог мой!»
Віктар Жук SJ