Гэты ўчынак міласэрнасці, аб якім разважае а. Юзэф Аўгустын SJ, успрымаецца адначасова як праяўленне міласэрнасці і цноты. Біблія надае яму вялікую вагу і звязвае з ім вялікія надзеі.
“Шляху сведчанняў Тваіх я радуюся больш за ўсе багацці.” (Пс 119, 14). Настаўленне грэшнікаў бярэ пачатак у Божым Слове. “Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і скажы ім тое, што Я табе наказаў” (Ён 3, 1) – гаворыць Пан Бог прароку Ёне. Езус навучае: “Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам – насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата” (Мц 18, 15). Святы Павел заахвочвае каласянаў: “Настаўляйце адзін аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу” (Клс 3, 16).
1. Настаўленне грэшнікаў – гэта адзін з самых цяжкіх да выканання ўчынкаў міласэрнасці. Сам выраз “настаўленне грэшнікаў” можа ўспрымацца і як праяўленне міласэрнасці і цноты (калі настаўленнем кіруе вера і любоў), і як “грэшная схільнасць”, калі настаўленне іншых выплывае з нецярплівасці, пыхі, зайздрасці, жадання прынізіць іншага, паставіць сябе вышэй, маніпуляваць іншым. Такое настаўленне прыніжае, крыўдзіць, становіцца прычынай канфліктаў, напружання, узаемнай непрыязнасці. Бацька/маці з гневам звяртае ўвагу свайму дзіцяці, пробашч абурана ўшчувае сваіх вернікаў, настаяцель нецярпліва спяшаецца ў вымовай у бок падуладнага, які не паспеў яшчэ і слова прамовіць… – такія паводзіны з’яўляюцца выразам жорсткасці і крыўды, а не ўчынкам міласэрнасці да бліжняга і клопатам пра яго душу. Напамін, які мае рэлігійны змест, а выказваецца з расчараваннем і незадаволенасцю, – гэта грэх, а не праяўленне міласэрнасці.
2. Каб настаўленне мела евангелічны характар (бо пра такое настаўленне ідзе размова), яму павінны спадарожнічаць глыбокая вера, любоў да Бога і да чалавека, усведамленне ўласнай грэшнасці. Гэта грэшнік настаўляе грэшніка. І так ёсць нават тады, калі настаўляе асоба, якая мае ўладу. Не толькі бацька/маці можа настаўляць сваё дзіця, але і дзіця – сваіх бацькоў, не толькі душпастыр – парафіянаў, але і парафіяне – душпастыра, не толькі настаяцель – падуладнага, але і падуладны – настаяцеля. Чым большая адказнасць ускладзена на чалавека, тым мацней ён мае патрэбу ў евангелічным настаўленні. Мы робім учынак міласэрнасці, патрабуючы павагі да сябе і да нашых блізкіх у сітуацыях, калі людзі, што маюць якую-небудзь уладу, ставяцца да нас несправядліва і крыўдзяць нас.
3. Як настаўляць тых, хто “заблукаў” маральна? О! Гэта – вялікае мастацтва. Адказ на гэтае пытанне залежыць ад таго, якія адносіны склаліся паміж тымі, каго настаўляюць і хто настаўляе, ад багацця маральнага і духоўнага вопыту, эмацыянальнай уражлівасці, псіхічнай вынослівасці, наступстваў, да якіх можа прывесці настаўленне. Настаўленне тых, хто грашыць, – гэта ўчынак, які патрабуе вялікай адвагі, асцярожнасці, чыстасці сэрца, мудрасці, унутранай свабоды і веры. Можа настаўляць толькі чалавек вялікай любові да Бога і да бліжняга. Асаблівым чынам гэта датычыцца настаўлення падчас споведзі, духоўнага кіраўніцтва ці спраў манаскай ці святарскай паслухмянасці. Мэта настаўлення як учынку міласэрнасці – клопат пра збаўленне душаў, а не імгненнае вырашэнне канфліктных сітуацый паміж людзьмі. Настаўленню тых, хто грашыць, павінна папярэднічаць малітва. Толькі ў такім выпадку настаўленне будзе праяўленнем пакоры і міласэрнасці.
4. Біблія надае братэрскаму настаўленню вялікую вагу і звязвае з ім вялікія надзеі. “А калі ўпікнеш мудраму, ён зразумее настаўленне” (Прып 19,25), – павучае Кніга Прыпавесцяў. Айцы пустыні вельмі цанілі евангелічныя настаўленні, пра што сведчаць у апафтэгматах: “Адзін брат запытаўся ў старца: чаму маё сэрца жорсткае і няма ў ім боязі Божай? Старац адказаў: “Думаю, калі б чалавек захаваў настаўленні ў сваім сэрцы, то меў бы і боязь”. Некаторыя Айцы пустыні, свядомыя ўласнай грэшнасці, усё ж пазбягалі таго, каб настаўляць іншых. Вось сведчанне аднаго з братоў: “Абба Агатон (Вялікі), убачыўшы, што брат грашыць, вырашыў зганьбаваць яго. Аднак, пачаў настаўляць самога сябе, гаворачы: “Агатоне, не рабі гэтага граху”. Сказаўшы гэта самому сабе, – не зганіў брата.” (“Апафтэгматы Айцоў пустыні”).
На заканчэнне хацеў бы працытаваць павучанне, якое знайшоў у лістах маёй маці Ганны праз 40 гадоў пасля яе смерці. Гэта парады майму старэйшаму брату, які крыху “згубіўся” ў жыцці: “Франю (Франак), маю да цябе – як і да кожнага майго дзіцяці – адну просьбу ў 6 словах: жыві так, каб збавіў сваю душу. Гэта адно-адзінае маё жаданне ў жыцці. Больш нічога не прагну. Аб гэтым няспынна прашу Бога”.
А. Юзэф Аўгустын SJ
Крыніца: To jeden z najtrudniejszych uczynków miłosierdzia
Пераклад Таццяны Фядотавай