Прапануем вашай увазе інтэрв’ю айца Віктара Жука SJ, апублікаванае ў апошнім красавіцкім нумары часопіса “Ave Maria”.
Наш суразмоўца — айцец езуіт Віктар Жук, родам з Пінска, уступіў у Таварыства Езуса ў 2003 годзе, вывучаў філасофію ў Падуі, на пастырскай практыцы быў у езуіцкай сярэдняй школе ў Мілане; вывучаў тэалогію ў Рыме і ў ЗША, бібліст. У 2015–2019 гг. працаваў у Маскве ў Інстытуце імя св. Тамаша. З ліпеня 2019 г. служыць пробашчам парафіі св. Уладзіслава ў Віцебску.
— Айцец Віктар, напярэдадні Вялікадня мне б хацелася пагаварыць з Вамі пра Уваскрасенне, і я адразу задам галоўнае пытанне: як сучаснаму чалавеку жыць Уваскрасеннем? Пытанне гучыць коратка, і, магчыма, Вы маеце кароткі адказ?
— Не ведаю, ці атрымаецца даць кароткі адказ… Перш за ўсё, жыць Уваскрасеннем — значыць жыць адносінамі з уваскрослым Панам і імкнуцца заўсёды паглыбляць гэтыя адносіны, каб яны былі жывыя, а не фармальныя. Іншымі словамі, трэба жыць адносінамі з Езусам, які пасля свайго ўваскрасення не вярнуўся на Неба ў свой папярэдні стан Божага Сына да ўцелаўлення, нібы знімаючы з сябе чалавечыя шаты, але жыць верай у тое, што Ён сапраўды жывы, хоць і быў забіты, і цяпер існуе ў хвале Божай як наш Пан і Збаўца, які праз Духа Святога дасягае кожнага з нас у любы час і ў кожным месцы. Яшчэ інакш гэта можна выказаць пры дапамозе словаў, якія ў актаве Пасхі мы чытаем у пачатку трэцяга раздзела Паслання да Каласянаў: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу! Калі ж з’явіцца Хрыстус, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале» (Клс 3, 1–4). Вось таму жыць верай ва Уваскрасенне — гэта, як кажа Павел, жыць «у вышынях», звяртаць розум, сэрца і дух да Неба, да Божай рэчаіснасці, адчуваць сябе «грамадзянамі Неба» і адпаведна з такім бачаннем, якое нам дае прыналежнасць да Божай рэчаіснасці, расстаўляць прыярытэты ў жыцці, заўважаць нябачны нашаму фізічнаму зроку аспект, які надае ўсяму сэнс. Вобразна кажучы, усведамляць, што бачная верхняя частка «айсбергу» нашага жыцця зусім невялічкая ў параўнанні з тым, што з’яўляецца поўнай рэчаіснасцю, тым духоўным вымярэннем, якім можам жыць дзякуючы нашай пасхальнай веры. Быць у адносінах з уваскрослым Хрыстом — значыць жыць Духам Святым, Духам уваскрослага Езуса, Ягонай ласкай, бо ласка — гэта і ёсць сам Дух Святы, які дае сябе нам асабіста. Жыць ласкай Божай азначае жыць дарамі Духа Святога, усведамляючы прысутнасць Яго пладоў, уцелаўляючы дары ласкі, якія мы прымаем і з якімі імкнемся супрацоўнічаць.
— Як для Вас асабіста разгортваўся сэнс Уваскрасення на працягу жыцця?
— Пачну з таго, што дзесьці да ўзросту 11–12 гадоў я быў «маленькім атэістам», у тым сэнсе, што, хоць і быў ахрышчаны ў дзяцінстве, не практыкаваў сваю веру да 90-х гадоў, ды і ніхто ў нашай сям’і гэтага не рабіў. І я згадваю адно са сваіх першых пытанняў, якое паўстала падчас разважанняў аб тым, што ёсць веруючыя людзі, якія кажуць, што пасля смерці «нешта ёсць», што жыццё не абмяжоўваецца тым, што мы бачым на зямлі, і вось тады я адчуў, што калі яны маюць рацыю, існаванне гэтай іншай рэчаіснасці вельмі значна змяняе наогул погляд на жыццё і яго сэнс. І потым, калі я ўжо пачаў хадзіць у касцёл і на катэхізацыю, дзе ішла гаворка аб праўдах хрысціянскай веры, якія я паступова прымаў, настаў момант, калі я проста сапраўды паверыў, што Бог ёсць, што Ён звяртаецца да мяне, і я магу звяртацца да Яго. А пазней, ужо на Пасхальнай літургіі ў Велікодную ноч, узнікла асаблівае пачуццё, што адбываецца нешта надзвычай важнае, што мы святкуем тое, што сапраўды змяняе нашае ўспрыманне жыцця. Да таго ж, гэта быў таксама досвед супольнага з Касцёлам удзелу ў святкаванні — разам з іншымі, а не сам па сабе. Калі казаць пра сэнс Уваскрасення асабіста для мяне, то гэта досвед перамогі над грахом і праявамі зла не ўласнай моцай, але менавіта праз моц Езуса, які ўваскрос, перамогшы зло і смерць, і толькі ў адносінах з Ім я, чалавек, атрымліваю магчымасць не заставацца больш пад уладай граху і зла… І хоць у гэтым жыцці мы ніколі не вызвалімся ад спакусаў і слабасцяў, але гэты аспект дзеяння Уваскрослага ў маім жыцці вельмі важны. На працягу маёй тэалагічнай падрыхтоўкі тэма Уваскрасення мяне вельмі цікавіла, асабліва ў кантэксце такога прадмету як эсхаталогія, прадмету пра апошнія рэчы, пра тое, як мы можам разумець вечнасць у святле веры. У Грыгарыянскім універсітэце мне пашанцавала вучыцца ў вельмі добрага прафесара, на занятках якога было сапраўды цікава заглыбляцца ў пытанні таго, як праз наш зямны досвед, нашым абмежаваным розумам і ўспрыманнем мы можам разумець усё, аб чым кажа нашая вера, і як важна, каб яна не была нейкім абстрактным прыняццем, фармальнай верай, а каб на справе ўцелаўлялася ў жыцці. Адным з сур’ёзных адкрыццяў для мяне стала ўсведамленне платанічнага падыходу да разумення душы, які пашыраны сярод хрысціянаў, — калі мы ўспрымаем душу і яе існаванне — вечнае, бясконцае — цалкам адарваным ад цела, нібы жыццё ў целе штучнае і часовае злучэнне, у той час як вера вучыць нас аб уцелаўленні і жыцці ўваскрослага Езуса пасля смерці; гэта значыць, што чалавечая душа непарыўна звязана з нашым існаваннем у целе. Гэтае, нібыта філасофскае пытанне, істотна ўплывае на нашае бачанне значэння цела, у тым ліку ў перспектыве веры. Насамрэч уцелаўленне і ўваскрасенне Езуса сведчаць пра тое, наколькі прыгожая, неймаверная, цудоўная рэчаіснасць цела, якое нам дадзена, і якое прымае на сябе таксама Божы Сын. Для мяне сэнс Уваскрасення — гэта яшчэ і досвед малітвы, жывых адносінаў з Богам. Для мяне як езуіта у гэтым сэнсе вельмі важным этапам былі ігнацыянскія духоўныя практыкаванні, асабліва 30-дзённыя, якія ўпершыню я рабіў у навіцыяце і другі раз не вельмі даўно, падчас трэцяй прабацыі. Адным з этапаў гэтых духоўных практыкаванняў з’яўляецца сузіранне ўваскрослага Езуса. Падчас апошніх практыкаванняў для мяне было вельмі важна наноў адкрыць, наколькі шмат евангельскія аповеды пра ўваскрасенне Пана, сустрэчы Уваскрослага з вучнямі змяшчаюць дэталяў, якія даюць нам убачыць нашае жыццё на зямлі менавіта ў пасхальнай перспектыве. Згадаем, напрыклад, факт пустой магілы, калі вучні шука юць Яго сярод памерлых і чуюць ад анёлаў: «Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых?» Вобраз пустой магілы ў нашым жыцці можа азначаць увесь той досвед смерці, болю, цярпення, усяго, што ёсць супрацьлегласцю жыцця, — нам не варта там шукаць Жывога, Езуса. Прызнаючы той факт, што гэтая магіла пустая, нам трэба рухацца далей, каб сустрэцца з Езусам жывым, а не плакаць над Яго смерцю, якая з’яўляецца толькі этапам, і над нашымі смерцямі, якія таксама — толькі этапы, бо пасля фізічнай смерці і ўсіх нашых «малых смерцяў» уваскрослы Езус дае нам шанец паўставаць зноў, уваскрасаць, ісці далей, сустракаючы Яго жывога. І яшчэ адзін аспект узгадаю з таго, што для мяне было важна адкрыць, — гэта словы Езуса да Марыі Магдалены («Ідзі абвясці братам Маім, што…»), якія сведчаць, што ўваскрослы Езус з’яўляецца нашым братам і Яго Айцец — таксама наш Айцец, і што досвед братэрства з Езусам і братэрства паміж намі — гэта таксама досвед уваскрасення, сустрэчы з уваскрослым Панам.
— У выразе «жыць Уваскрасеннем», «жыць адносінамі з Уваскрослым» хацелася б затрымацца на слове «жыць». Вядома, што паняцце «жыццё» ўключае ў сябе і разуменне жыцця, інтэлектуальнае пазнанне, але што дае жыццё сэрцу чалавека ў духоўным плане?
— Вельмі добрае пытанне, і каб паспрабаваць на яго адказаць, варта звярнуцца да лексікона евангеліста Яна, для якога жыццё — слова ζωή (zoe) — мае важнае тэалагічнае значэнне. Ян перадае гэтым словам досвед паўнаты жыцця, якая даступная нам менавіта праз уваскрасенне Езуса. Вечнае жыццё для Яна не толькі бясконцае, але менавіта поўнае — жыццё, якое Бог жадае даць чалавеку і якое адкрываецца ў сваёй паўнаце менавіта ва ўваскрасенні Езуса. Да гэтай падзеі мы не можам зразумець і спазнаць, аб чым ідзе гаворка, таму сэнс выразу «жыць па-сапраўднаму» адкрываецца нам толькі ў перспектыве вечнасці, той паўнаты, дзеля якой нас стварае Бог. Толькі ў адносінах з Ім яна можа стаць для нас рэальнай, але гэтая перспектыва духоўнага вымярэння, паўнаты, застаючыся нябачнай і недасяжнай нашаму абмежаванаму ўспрыманню, не адмаўляе таго, што ўключае ў сябе жыццё на зямлі, а хутчэй надае нашаму чалавечаму досведу сапраўдны сэнс. Як кажуць першыя радкі аднаго з дакументаў Другога Ватыканскага Сабору «Gaudium et spes»: «Радасць і надзея, смутак і трывога людзей гэтага часу, асабліва бедных і ўсіх прыгнечаных, з’яўляецца таксама радасцю і надзеяй, смуткам і трывогай Хрыстовых вучняў, і ўсё па-сапраўднаму чалавечае знаходзіць водгук у іх сэрцах». Калі цяпер услухацца ў самае першае слова, gaudium, гэта і ёсць тым, што адкрываецца нам у веры Пасхальнай, і варта адзначыць, што, забываючыся пра яго ў нашым абвяшчэнні Евангелля, мы моцна збядняем правільнае разуменне сутнасці хрысціянства. У апошнія гады гэта падкрэслівае і папа Францішак (узяць хоць бы назвы яго адгартацыі «Evangelii Gaudium» — «Радасць Евангелля», энцыклікі «Amoris laetitia» — «Радасць любові»), зноў і зноў вяртаючыся да праўды, што нашае жыццё ў Богу не можа не прыносіць досведу радасці. Падобны падыход супрацьстаіць бачанню, якое імкнецца толькі забараняць і клапоціцца аб межах, якія пазбаўляюць нас гэтых аспектаў чалавечага жыцця, змушаючы кіравацца толькі страхам граху, бояззю зрабіць нешта неадпаведнае. Тут узгадваецца абвінавачванне ў бок Езуса, якое мы чуем у Евангеллі, калі Ён есць і п’е, і святкуе з грэшнікамі, і таму нібыта злы дух прабывае з Ім. На самай справе гэты свядомы выбар Езуса сведчыць пра тую эсхаталагічную радасць, да якой мы пакліканы, якой у паўнаце будзем жыць у Божым Валадарстве. Праз веру яна нам даступная ўжо ў гэтым жыцці. На такім фоне мы можам лепш зразумець пасхальнае вымярэнне нашага жыцця: жыццё не ёсць толькі бясконцай асалодай, задавальненнем, у ім ёсць цярпенні і боль, бо нашае існаванне закранутае злом, з чаго і вынікае неабходнасць адкуплення. Аднак гэтая неабходнасць мае таксама пазітыўнае вымярэнне, бо збаўленне Божае, якое для нас здзяйсняе Езус, не абмяжоўваецца досведам цярпення і зла, але дазваляе нам святкаваць перамогу над гэтым усім. Як кажа святы Павел: «Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці небяспека, ці меч?.. Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас» (Рым 8, 35–37). Уваскрасенне і вечнае жыццё ў Божай хвале — гэта вяршыня Божай любові да чалавека, і яны неадрыўныя ад ахвяры Езуса за нас.
— Магчыма, гэта будзе выглядаць крокам убок, але ў сувязі з сучаснасцю мне прыгадваюцца словы Хрыста: «Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго» (Мц 10, 39). Тут найбольш актуальная для нас другая частка, бо вельмі шмат нашых людзей перажывае страты апошняга года, і асабліва апошніх месяцаў. Хтосьці траціць жыццё менавіта ў гэты час, змагаючыся з хваробай, знаходзячыся ў ізаляцыі, у зняволенні, праз штодзённае аддаванне сіл і часу іншым людзям. У чым надзея тых, хто сапраўды траціць жыццё дзеля Хрыста і Божага Валадарства? Што значыць «знойдзе жыццё»? Калі і як, на Вашу думку?
— Гэтае пытанне зусім не з’яўляецца крокам убок, а якраз ілюстрацыяй таго, як Пасхальная таямніца не застаецца абстрактным догматам веры, а разгортваецца ў рэчаіснасці нашага жыцця. Такі балючы досвед і пандэміі, і яе наступстваў, і несправядлівасці, цярпенняў, гвалту, зняволенняў, сведкамі ці нават ахвярамі якіх мы становімся. Гэта ўсё было б невыносна, калі б у нас не было хрысціянскай Пасхальнай надзеі, якая не датычыць проста ўзнагароды, у тым сэнсе, што тут трэба крыху пацярпець, а потым затое атрымаеш у разы больш, але надзеі на тое, што, злучаючы наш досвед цярпенняў, смерці з Хрыстовым крыжом, — асабліва тады, калі ў звычайным чалавечым разуменні нібыта няма ніякага сэнсу і надзеі, — мы насамрэч давяраемся Богу, як гэта зрабіў Езус, давяраемся Богу, які з пылу стварае новае жыццё. Гэтае падабенства да Езуса з’яўляецца для хрысціянаў наогул мэтай і крытэрыем ацэнкі жыцця, дзе сапраўдны сэнс раскрываецца не ў тым, каб браць як мага больш для сябе, але каб аддаваць. Маецца на ўвазе не проста праз смерць аддаць Богу сваё жыццё, а тое, што кожны дзень мы пакліканыя аддаваць у Божыя рукі сваё жыццё, у любові аддаваць яго Божым дзецям і, вось такім чынам аддаючы, насамрэч набываць вялікае багацце, «багацець у Бога», як кажа евангеліст Лука. Паўтаруся: асновай для гэтай надзеі з’яўляецца Пасхальная таямніца. Езус дазволіў сябе забіць, аддаючы сваё жыццё дзеля таго, каб мы мелі жыццё, каб сваёй смерцю перамагчы смерць, і гэта заўсёды будзе парадоксам для звычайнага чалавечага разумення. Праз нашую жывую сувязь з Езусам мы ўдзельнічаем у Ягонай перамозе, нават калі «ў моманце» яна не адчуваецца як перамога. Зрэшты, і для Езуса не адчувалася. У канчатковым сэнсе знайсці жыццё азначае знайсці яго ў вечнасці, аднак, калі мы больш шырока паглядзім на прыклады таго, як чалавек можа траціць яго, мне здаецца, трэба ўзгадаць вельмі важную ролю хрысціянскай супольнасці, Касцёла, які пакліканы стаць тым месцам дзе людзі могуць наноў знайсці сваё жыццё, дзе яны могуць сапраўды перажыць уваскрасенне пасля сваіх вялікіх і малых смерцяў. Мы як хрысціяне, супольнасць веруючых у Езуса ўваскрослага, пакліканы стаць тым месцам, дзе людзі знаходзяць сведчанне пра гэтую надзею, і таксама ствараць канкрэтныя абставіны, у якіх яны здолелі б пасля досведу цярпенняў, паразы адчуць, што ёсць новае жыццё. І хрысціяне ў гэтым сэнсе з’яўляюцца сапраўды alter Christus — тымі, хто пакліканы быць тварам, рукамі, вуснамі, нагамі Езуса.
— Мы часта чуем, што Уваскрасенне — гэта аснова нашай веры, але як пазбегнуць такога, так бы мовіць, «гістарычнага падыходу» як да падзеі, якую дастаткова прыняць як факт і пакінуць на перыферыі свядомасці і свайго жыцця?
— Для нас важна, каб вера не была фармальным прыняццем догматаў веры, але каб у жывых адносінах мы адчувалі наступствы ўваскрасення Езуса, якое з’яўляецца не проста гістарычнай падзеяй, абмежаванай часам, але падзеяй, у якой праяўляецца ўся глыбіня Божай моцы, якая дасягае чалавека ва ўсялякі час, у любым месцы. Як зрабіць, каб падзея Уваскрасення няспынна актуалізавалася, увасаблялася ў нашым жыцці? Трэба зрабіць яе досведам веры, у святле якой кожны дзень нашага жыцця — гэта досвед Пасхі Езуса. Мы паміраем у часе, бо фізічна набліжаемся да сваёй смерці кожны дзень і не ведаем, калі настане сам момант смерці. Аднак, у іншым сэнсе, кожны дзень мы таксама паміраем для сваіх чаканняў, для сваіх амбіцый, жаданняў, занадта чалавечых. Кожны дзень мы так ці інакш становімся ахвярамі болю і цярпенняў, і менавіта гэты досвед мы пакліканыя аддаваць Богу, дазволіць, каб ён стаўся месцам нашай Пасхі, месцам Пераходу ад смерці да жыцця. Усе нашыя малыя смерці, расчараванні, здрады, нашы грахі, якія з’яўляюцца прычынаю смерці духоўнай, — усё гэта мы пакліканы зрабіць даступным для дзеяння Божай адкупленчай моцы, каб гэта стала досведам нашага збаўлення, якое заўсёды Пасхальнае, заўсёды азначае Пераход ад смерці да новага жыцця. Больш канкрэтна, праз прызму ігнацыянскай духоўнасці, дадам некалькі словаў аб тым, што святы Ігнацый у духоўных практыкаваннях называе досведам суцяшэння, і што мы называем пладом дзеяння Духа Святога ў нашым жыцці. Суцяшэнне азначае не толькі радасць, але любую праяву веры, надзеі, любові, усё, што з’яўляецца дзеяннем Духа Святога, чым, у сваю чаргу, сведчыць аб прысутнасці і дзеянні ўваскрослага Езуса ў нашым жыцці. Досвед Духа заўсёды з’яўляецца досведам уваскрослага Пана, таму перадусім варта ўмець заўважаць Божую прысутнасць і дзеянне, што, несумненна, з’яўляецца крыніцаю ўдзячнасці і праслаўлення Бога і дапамагае нам адкрывацца на новы досвед гэтай ласкі, суцяшэння, прысутнасці, якая дазваляе нам сапраўды жыць больш поўна і быць сведкамі Уваскрасення.
— Дзякуй за цікавую размову!
Размаўляла Тэрэса Клімовіч
Крыніца: часопіс “Ave Maria” №3 (313) красавік 2021г.
Фота з Пасхальнай вігіліі ў парафіі св. Уладзіслава ў Віцебску.