Інтэнцыяй Папы Францішка на красавік 2021 г. стала малітва за асноўныя правы чалавека: “Молімся за людзей, якія рызыкуюць сваім жыццём, змагаючыся за асноўныя правы там, дзе пануюць дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы, а таксама ў дэмакратычных краінах, якія перажываюць крызіс”.
З часоў Папы Яна XXIII (60-я гады ХХ ст.) правы чалавека займаюць цэнтральнае месца ў каталіцкім сацыяльным вучэнні і практыцы. Аднак падыход Касцёла да правоў чалавека часта адрозніваецца ад свецкага падыходу.
Па-першае, Касцёл падкрэслівае паўсядзённыя правы. Калі святы Ян XXIII пералічыў асноўныя правы ў сваёй энцыкліцы “Pacem in terris” 1963 года, ён пачаў з таго, што сёння лічыцца эканамічным правам. “Чалавек мае права на жыццё, – напісаў ён, – на асабістую недатыкальнасць і на сродкі, неабходныя дзеля годнага ладу жыцця, у прыватнасці, на ежу, адзенне, жыллё, медыцынскае абслугоўванне, адпачынак і неабходныя сацыяльныя паслугі ” (PT, 11). Сёння Папа Францішак робіць тое самае, падкрэсліваючы, між іншым, права на працу, жыллё, зямлю і харчовую бяспеку – па-іспанску гэта гучыць як tierra, techo y trabajo. Якое вялікае значэнне яны маюць падчас пандэміі COVID-19!
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла будуе правы чалавека – эканамічныя і іншыя – на годнасці чалавечай асобы. Усе правы пераплеценыя між сабой, і ўсе яны спрыяюць цэласнаму чалавечаму развіццю – усебаковаму развіццю кожнай асобы ва ўсіх аспектах жыцця ад пачатку да канца, уключна з будучымі пакаленнямі. Свабода – вось што звязвае іх: людзі павінны мець свабоду станавіцца актыўнымі агентамі ўласнага развіцця і клопату пра наш агульны дом.
Другая рыса каталіцкай перспектывы: фундаментальныя правы не з’яўляюцца ўсяго толькі індывідуальнымі. Яны заўсёды грунтуюцца на агульным дабры, а не на задавальненні індывідуальных жаданняў. Такім чынам, каталіцкае сацыяльнае вучэнне не мае нічога агульнага з лібертарыянскімі ідэалогіямі. У энцыкліцы “Fratelli tutti” Папа Францішак кажа аб “тэндэнцыі патрабаваць для сябе ўсё больш і больш індывідуальных правоў, – адчуваю спакусу сказаць індывідуалістычных – у якой хаваецца канцэпцыя чалавечай асобы, адарванай ад усялякага сацыяльнага і антрапалагічнага кантэксту, амаль як “манада” (monás), якая становіцца ўсё больш неадчувальнай […]. Калі права кожнага чалавека гарманічна не падпарадкоўваецца большаму дабру, то яно ў выніку разумеецца як права без абмежаванняў і, такім чынам, становіцца крыніцай канфліктаў і гвалту” (FT, 111). Фактычна, заўважае ён,” індывідуалізм не робіць нас больш свабоднымі, роўнымі, братэрскімі. Сума індывідуальных выгод не можа стварыць лепшы свет для ўсяго чалавецтва. Таксама яна не можа выратаваць нас ад шматлікіх няшчасцяў, якія становяцца усё больш і больш глабальнымі” (FT, 105).
Па-трэцяе, наш каталіцкі падыход звязвае асноўныя правы з асноўнымі абавязкамі. Святы Ян XXIII разглядаў іх як два бакі аднаго медаля: “У чалавечым грамадстве кожнаму натуральнаму праву аднаго чалавека адпавядае абавязак іншых людзей, а менавіта, абавязак прызнаваць і шанаваць гэтае права […]. Такім чынам, тых людзей, якія прэтэндуюць на ўласныя правы і адначасова альбо зусім забываюцца на свае абавязкі, альбо выконваюць іх нядбала, варта параўнаць з тымі, хто адной рукой узводзіць будынак, а другой яго руйнуе” (PT, 30). Хоць гэтая ўзаемнасць правоў і абавязкаў павінна прысутнічаць між людзьмі, яна ўключае і дзяржаву з яе станоўчым уплывам на карысць прамоцыі агульнага дабра і актуалізацыі правоў чалавека. Сучасная дзяржава ад імя ўсіх нас павінна забяспечваць кожнаму члену грамадства рэальнае “права на сацыяльнае забяспячэнне ў выпадку хваробы, непрацаздольнасці, удаўства, старасці, беспрацоўя альбо пазбаўлення не па ўласнай віне сродкаў да існавання” (PT, 11).
Дзякуй Богу, ёсць адважныя мужчыны і жанчыны, юныя і пажылыя людзі разам, якія змагаюцца за абарону і пашырэнне фундаментальных правоў чалавека ўсюды, дзе б яны сёння не апынуліся пад пагрозай. Мы молімся, каб Бог благаславіў, абараніў і ўмацаваў абаронцаў правоў сярод нас!
Кард. Майкл Чэрны SJ
Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека
Рым, снежань 2020 г.
https://www.messenger.ie
Фота: Vatican Media/CNA