Гамілія на III нядзелю Вялікага посту, год B
Чытанне святога Евангелля паводле Яна
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне.
На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць? Езус сказаў ім у адказ: Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе.
І сказалі юдэі: Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?
Казаў жа Ён пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
І калі Ён быў у Ерузалеме на свяце Пасхі, многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае. Але сам Езус не давяраўся ім, бо сам ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.
Ян 2, 13–25
Дэкалог — рэцэпт свабоды, маршрут да Зямлі Абяцанай
Сённяшняе першае чытанне — вельмі добра ўсім нам вядомы яшчэ з дзяцінства (або з катэхетычных заняткаў) тэкст Дзесяці Запаведзяў — Дэкалогу. Варта звярнуць увагу, што ў юдаізме тыя словы, якія ў заходняй хрысціянскай традыцыі мы лічым «уводзінамі» («Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з дому няволі»), з’яўляюцца першым «словам».
Дарэчы, менавіта «словамі», а не «запаведзямі», названы гэты тэкст у Бібліі. Гэты факт нагадвае нам пра тое, што ўсе далейшыя наказы — не нейкі абстрактны кодэкс законаў: яны паходзяць ад Бога, які дае свабоду нявольнікам і рупіцца аб тым, каб выбраны Ім народ заставаўся свабодным, менавіта захоўваючы скіраваныя да яго словы. Як кажа адзін каментатар, тое, што гучыць як «не» у Божых запаведзях, трэба чытаць як «не рабі сабе шкоды…»
Вобразна кажучы, Дэкалог — гэта маршрут да Зямлі Абяцанай, змест якога застаецца актуальным праз вякі, хоць Езус у Казанні на гары паказвае яшчэ больш глыбокі сэнс тых шляхоў, якімі Бог вучыў хадзіць сваіх дзяцей.
Каменныя табліцы з запісанымі на іх Божымі запаведзямі былі акружаныя асаблівай пашанай і захоўваліся ў каўчэгу Запавета, а пазней — у Святым Святых пабудаванай Саламонам ерузалемскай святыні. Гэты храм стаў важным сімвалам веры Ізраэля: адзіная святыня для адзінага Бога, да якой безліч вернікаў на працягу стагоддзяў прыходзіла, каб знайсці Божую прысутнасць. З іншага боку, прарокі не раз крытыкавалі злоўжыванні і фармалізм, звязаныя з храмавым культам, нагадваючы пра патрабаванні справядлівасці і праведнага жыцця як прыярытэце ў параўнанні з рэлігійнымі рытуаламі.
Цела Езуса — новая святыня
Езус, які прыйшоў «не адмяніць Закон, а выканаць» (пар. Мц 5, 17), які ўдзельнічаў у штогадовых пілігрымках у Ерузалем, каб адзначаць юдэйскія святы, не супрацьстаяў Храму як такому. Жэст Хрыста, пра які распавядае сённяшні евангельскі ўрывак, матываваны «руплівасцю аб доме Божым», як тлумачыць евангеліст Ян. Гэта не агрэсіўны, гвалтоўны ўчынак, а «знак», які павінен стаць урокам для прысутных: такімі знакамі ў форме незвычайных дзеянняў карысталіся прарокі, каб прымусіць людзей задумацца і змяніць свае паводзіны, звярнуць увагу на Бога і Ягоныя словы; каб узгадаць пра тое, што і Хто з’яўляецца крыніцай іх сапраўднай свабоды.
З уласцівай яму іроніяй, Ян паказвае, што апаненты Езуса не разумеюць здзейсненага Ім знаку і патрабуюць іншага. У адказ Езус сапраўды кажа пра іншы знак, які таксама застаецца незразуметы на той момант: знак зруйнаванай і ўзведзенай нанава святыні Ягонага цела. Так, як у мінулую нядзелю ў падзеі Перамянення, так і сённяшняя Літургія слова на нашым велікапосным шляху ўказвае на мэту вандроўкі — Пасху Езуса, у якой Ягонае цела будзе знішчана праз ганебную смерць, але менавіта такім чынам сама смерць будзе знішчана, калі Езус уваскрэсне з памерлых.
Ягонае праслаўленае Цела — Уваскрослы і вечна жывы Пан — стане новай і канчатковай святыняй, месцам сустрэчы чалавека з Богам.
Менавіта гэты «знак» — аснова нашай веры. Знак не з’яўляецца «доказам», які безумоўна пераконвае чалавека, навязвае сябе і прымушае скарыцца. Знак пакідае прастору для свабоднага прыняцця ў духу веры, свабоднага адказу і дзеянняў у адпаведнасці з тым, што нам адкрываецца. І сёння гэты знак зноў з’яўлены нам, каб стаць ключом для ўспрымання ўсёй рэчаіснасці.
«Вы — будоўля Божая»
Яшчэ раз узгадаем прынцып нашага збаўлення ў Езусе Хрысце: тое, кім Хрыстус з’яўляецца паводле сваёй Боскай прыроды, мы прадвызначаны стаць паводле ласкі. Уваскрослы Езус — святыня жыццядайнай Божай прысутнасці, крыніца Духа Святога. Але «ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?» — кажа апостал Павел карынцянам (1 Кар 3, 16). «Святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы», — выразна дадае ён у наступным вершы. Паводле вобразу нашага Збаўцы кожны з нас, ахрышчаны ў веры ў Ягоную збаўчую смерць і пераможнае ўваскрасенне, становіцца месцам святой Божай прысутнасці.
Але так, як некалі ерузалемскі храм, гэтая святыня таксама можа стаць «домам гандлю»: калі жывыя адносіны з Богам Айцом «у духу і ісціне» ператвараюцца ў фармальны «абмен» нібыта з працадаўцом, а малітва становіцца паўтарэннем заезджаных фраз; калі ў прыярытэце — мой дробязны інтарэс, чарговы «гаджэт», выгода і задавальненне; калі праўда, справядлівасць і сумленнасць робяцца другаснымі і «рэлятыўнымі»; калі высокія патрабаванні самаахвярнай любові паводле ўзору Настаўніка здаюцца недарэчнымі «ў нашым складаным свеце»…
Тады Езус прыходзіць з «бічом з вяровак», поўны «руплівасці аб доме Божым» — той унікальнай святыні, якой з’яўляемся ты і я, і пераварочвае той парадак, да якога мы надта лёгка прызвычайваемся — найчасцей паволі, і таму незаўважальна.
Езус дзейнічае не з агрэсіяй, хоць і настойліва — Ён ніколі не супрацьстаіць чалавеку, а таму злу, якое скажае нашу годнасць і якое заўсёды шукае сабе апраўдання, то бок імкнецца стаць нормай. Спосаб дзеяння Езуса з намі — «знак», запрашэнне, а не прымус, таму ад нас залежыць, ці пасля такой «эскапады», калі «ўсё заціхне», мы здолеем супрацьстаяць спакусе вярнуцца да таго, як было раней, ці выберам замест гэтага пакінуць усё і пайсці за Ім, дзень пры дні.
Члены Цела Хрыста
Існуе яшчэ адно вымярэнне ў той новай рэчаіснасці, якую стварае Езус, адбудоўваючы святыню свайго цела ва ўваскрасенні. Кожны з нас з’яўляецца «будоўляй Божай» (1 Кар 3, 9), але адначасова «ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела» — адзінае цела Хрыста, у якім усе мы — члены (пар. 1 Кар 12, 12-13).
Езус аддае жыццё, каб «рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно» (Ян 11, 52), і ў кожнай Эўхарыстыі мы адзначаем не толькі нашу асабістую камунію, асабістую частку ў справе збаўлення, але і нашу еднасць як адзінага Цела, у якім не можам існаваць самі, без прысутнасці іншых. «Калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены» (1 Кар 12, 26).
Хрыстус, наша святыня, «вуглавы камень» Божай будоўлі, заклікае нас да салідарнасці з іншымі «жывымі камянямі», якія разам з намі складаюць Яго містычнае Цела.
Няхай на нашым шляху да святкавання Пасхі Езуса мы дазволім Яму ўвайсці ў наш дом, каб Ён «навёў там парадак», і няхай як члены Ягонага Цела — Касцёла — будзем салідарнымі асабліва з тымі Ягонымі членамі, якія сёння церпяць. Амэн.
Віктар Жук SJ
На фота – інтэр’ер катэдральнага касцёла Хрыста-Святла, г. Окленд, ЗША