Нарадзіўся 8 мая 1521 г. у Галандыі. Насуперак волі бацькоў пачаў вывучаць тэалогію, уступіў у ордэн езуітаў і стаў святаром. Пётр Канізій працаваў і прапаведваў на тэрыторыі Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Чэхіі, Венгрыі і на Сіцыліі. Ён на працягу 13 гадоў кіраваў нямецкай правінцыяй ордэна езуітаў і значна паспрыяў адраджэнню каталіцкай веры ў Германіі пасля перыяду рэфармацыі.
Падчас Трыдэнцкага Сабору (1545 – 1563 гг.) Пётр быў папскім тэолагам. Ён тройчы адмаўляўся стаць біскупам і ў той жа час браў удзел у прыняцці найбольш важных рашэнняў у кіраванні Касцёлам. Сярод шматлікіх кніг, ім напісаных, найбольш папулярным стаў «Катэхізіс» для дзяцей, вучняў і студэнтаў, які яшчэ пры жыцці аўтара быў перакладзены на дванаццаць моваў і меў больш за дзвесце выданняў. Ён заснаваў 18 калегіумаў і напісаў 37 кніг. Апошнім месцам працы Пятра Канізія стаў Фрыбург (Швейцарыя), дзе ён заснаваў езуіцкі калегіум св. Міхала і дзе памёр 21 снежня 1597 г., пакінуўшы пасля сябе непахісную веру і адданасць Каталіцкаму Касцёлу.