Учора, 15 лютага 2021 года, у бальніцы ў Варшаве памёр айцец Казімір Жыліс SJ. Шмат год ён працаваў на тэрыторыі Савецкага Саюза, а пазней – у Беларусі. У апошнія гады жыцця нёс служэнне ў Санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве.
Айцец Казімір Жыліс SJ (Kazimieras Žilys SJ) нарадзіўся 4 сакавіка 1945 года ў вёсцы Лігінішкіс у Літве ў сям’і Юзафа і Веранікі з дому Краўялітэ. У яго быў старэйшы на два гады брат Ёнас. Сярэднюю школу скончыў у 1963 годзе ў Куклішкес і затым працягваў адукацыю ў Вільні у галіне грамадзянскага будаўніцтва. У 1965 годзе быў прызваны на ваенную службу ў Савецкую армію, якую праходзіў у вайсковай частцы ў Новасібірску. Там ён таксама вучыўся ў сярэдняй школе. У 1968 г. пачаў працаваць кранаўшчыком у Каўнасе.
Праз год распачаў святарскую фармацыю ў Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Каўнасе, а ў навіцыят Таварыства Езуса ўступіў 15 ліпеня 1972 года ў Біюцішкіс, калі езуіты ў Літве яшчэ не дзейнічалі адкрыта. Першыя манаскія абяцанні склаў 12 снежня 1972 года, святарскае пасвячэнне атрымаў 17 красавіка 1973 года ў Каўнасе праз рукі біскупа Юзафа Лабунаса. Наступны год працаваў у парафіі св. Роха ў горадзе Езнас (1973-1974), а затым як вікарый у парафіях у Даўгаі (1974), Алітусе (1974-1976) і як пробашч у вёсцы Перлоя. У 1978 годзе быў скіраваны на працу ва Украіну, у Вінніцу, дзе тры гады быў пробашчам парафіі. У 1981 годзе вярнуўся ў Літву, а з 6 кастрычніка 1981 года стаў пробашчам у Індуры на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, дзе працаваў да 2000 года. У 1992 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў а. Жыліса ў Далас (ЗША) на двухгадовае навучанне дзеля працы на тэлебачанні.
Затым у Ястшэмбей Гуры а. Жыліс прайшоў сваю трэцюю прабацыю і 4 сакавіка 2002 года склаў урачыстую манаскую прафесію чатырох абяцанняў у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне на рукі а. Ежы Карпінскага SJ. У 200-20116 гадах у гэтай катэдры служыў як вікарый і развіваў душпастырства трэзвасці. Звыш таго, кіраваў тэлевізійнай студыяй Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама быў душпастырам літоўцаў у Гродне і капеланам Гродзенскай турмы і папраўчай калоніі ў Навагрудку. Ён першым пачаў захоўваць на відэакасетах значныя падзеі Касцёла ў Беларусі. У Польшчу ён прыехаў у 2016 годзе, каб прайсці курс лячэння і дапамагаць у парафіяльнай працы пры Санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве. Адначасова ахінаў душпастырскай апекай літоўцаў, якія жылі ў Варшаве. Ад ліпеня 2020 года адносіўся да Правінцыі Велькапольска-Мазавецкай Таварыства Езуса. Размаўляў на літоўскай, рускай, польскай, украінскай, беларускай і англійскай мовах. Граў на аргане, фартэпіяне і акардэоне. Аўтар выдадзенай у Польшчы кнігі “Podpolnicy” (“Падпольшчыкі”) прысвяціў яму раздзел пад назвай “Святара бачылі ўпершыню ў жыцці”. Гродзенцы называлі яго “нязломным прапаведнікам праўды, аўтарытэтам для вязьняў, нястомным спаведніком”, якога заўсёды можна было застаць у канфесіянале. Для многіх ён застанецца чалавекам-легендай, які змагаўся з атэізмам і не вагаўся называць грэх грахом. Адыйшоў да Пана 15 лютага 2021 года, на 75-м годзе жыцця, 48-м годзе манаскага паклікання і 47 годзе святарства.
Паводле jezuici.pl