У Сусветны дзень хворых прапануем разважанні Бэт Ноб аб міласэрным служэнні Езуса хворым людзям, якія церпяць не толькі фізічна, але і духоўна.
Не варта недаацэньваць боль, які нам прычынілі.
Мы жывём у зраненым свеце, і ўсе носім пэўную колькасць фізічных, эмацыйных і духоўных ранаў. Іншыя людзі міжволі праецыруюць на нас сваю зламанасць. Мы, у сваю чаргу, часта несвядома, а часам і наўмысна, пераносім свой боль на іншых.
Як часта мы адмаўляемся ад прапаноў аб дапамозе і не прызнаём, што патрабуем яе! “Гэта не так кепска. Я ў парадку. Не хвалюйся за мяне”.
Жыццё крохкае. Вашае жыццё крохкае. Лёгка разгледзець крохкасць нованароджанага дзіцяці, старэнькай бабулі, хворага на рак. Жыццё крохкае ва ўсіх, і гэта яшчэ адзін спосаб сказаць, што мы няспынна патрабуем Божай ласкі і міласэрнасці. Бывае, нас спакушае думка, што мы можам пераадолець сваю зламанасць настойлівай рашучасцю і сілай волі. Рана ці позна нас расчаруюць уласныя абмежаванні альбо няздольнасць іншага чалавека апраўдаць нашыя чаканні.
Міласэрнасць паказвае шлях у глыбіню, дзе Езус хоча вылечыць нас.
Служэнне Езуса хворым
Пісанне раскрывае найбольш значныя праявы міласэрнасці ў аздараўляльным служэнні Езуса. Думаю, евангельскія аповеды прапануюць толькі невялічкі агляд незлічоных сітуацый, на якія Езус паўплываў падчас свайго зямнога жыцця. Гэтыя гісторыі з’яўляюцца надзвычайнай крыніцай суцяшэння для тых, хто мае патрэбу ў фізічным аздараўленні, а таксама выяўляюць нашу патрэбу ачуняць і духоўна, незалежна ад таго, адчуваем мы сябе здранцвелымі, як паралітык, адкінутымі людзьмі, як пракажоны, ці церпім ад працяглай хваробы, як згорбленая жанчына.
У Евангеллі паводле Марка – Мк 5, 21-43 – Езуса спыняе адзін з кіраўнікоў сінагогі і просіць як найхутчэй прыйсці, каб вылечыць яго дачку. Пакуль яны прабіваюцца праз натоўп, жанчына, якая пакутуе ад крывацёку, заўважае Езуса, які ідзе непадалёк. Жанчына цягнецца да краю Яго плашча з надзеяй: “Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею”. Езус вылечвае жанчыну, і ў гэты ж час прыходзіць вестка, што дзіця памерла. Езус настойвае на тым, каб яны працягвалі шлях, і, увайшоўшы ў дом, Ён уваскрашае дзяўчынку.
Дзве неймаверныя гісторыі спляліся ў адну! У абодвух выпадках вялікае значэнне мае міласэрнасць Езуса: яна ахінае бацьку, які наўпрост просіць выратаваць дзіця, і жанчыну, якая з пачуццём нявартасці, але прагнучы выздаравець, патаемна набліжаецца да Езуса. Вылячэнне жанчыны з крывацёкам завяршаецца гісторыяй дзяўчынкі, якая вярнулася да жыцця. Гісторыя аздараўлення ўнутры гісторыі аздараўлення.
Якая неверагодная метафара нашага жыцця! Глыбокія раны гояцца знутры. Сапраўднае ацаленне адбываецца, калі мы дазваляем міласэрнасці Езуса ўвайсці ў самыя глыбокія пласты параненасці ўнутры нас.
Магчыма, мы заўважалі ў сабе і ў іншых штосьці падобнае:
- як злосць на калегу выкарыстоўваецца для маскіроўкі канфлікту, які адбываецца дома;
- як празмернае эга прыкрывае асабістую няўпэўненасць і страх, што не апраўдаеш чаканняў;
- як прыбягаеш да тонкага сарказму і прыніжальных каментарыяў, калі на самой справе зайздросціш чужому поспеху;
- як пачынаецца распаўсюджванне плётак і перанос віны на іншых, каб пазбегнуць цяжкай, але неабходнай працы асабістага прабачэння;
- як фізічны боль, якім суправаджаецца чалавечае сталенне, пераходзіць у сумневы ва ўласнай годнасці і ў падтрымцы іншых.
Міласэрнасць сустракае нас у нашым болю
Езус бачыць увесь наш боль вачыма міласэрнасці, якая сапраўды з’яўляецца “матчынай любоўю” і жыццядайным спачуваннем. Езус хоча дасягнуць самой глыбіні нашага болю. Ён бачыць пад паверхняй крыніцу нашых крыўдаў і траўмаў, выяўляючы сапраўды істотныя патрэбы, нават калі яны на паверхні маскіруюцца шнарамі.
Ці магу я ў гэты час прынесці ўласную зламанасць і грахоўнасць перад аблічча Бога? Ці магу дазволіць Езусу ўвайсці ў маю параненасць і вылечыць мяне знутры?
Калі іншы мяне крыўдзіць, ці магу я ўбачыць у ім патрабуючага і зламанага чалавека? Ці магу я глядзець вачыма спачування і міласэрнасці, як гэта робіць Езус?
Чаму так важная міласэрнасць?
Месцы, дзе мы найбольш патрабуем ацалення, тыя месцы, дзе мы наймацней пакрыўджаныя, маюць большы патэнцыял дасведчыць прысутнасць Хрыста. Міласэрнасць дае нам сілу дапусціць Езуса ў гэтыя месцы. Няхай жа Ён ідзе туды разам з намі.
Фрагменты Святога Пісання для малітвы:
Мацвей 8, 1-4 (Аздараўленне пракажонага)
Марк 2, 1-12 (Аздараўленне паралізаванага)
Лука 13, 10-17 (Аздараўленне згорбленай жанчыны)
Дзеі Апосталаў 3, 1-10 (Аздараўленне кульгавага)
Псальм 71 (70) (Малітва аб абароне і дапамозе на працягу ўсяго жыцця)
Бэт Ноб (Beth Knobbe ) – пісьменніца, спікер, жыве ў Чыкага, ЗША. Атрымала ступень магістра тэалогіі ў Каталіцкім тэалагічным саюзе і працуе ў Службе каталіцкай дапамогі, імкнучыся заахвоціць католікаў да жыцця верай у салідарнасці з беднымі па ўсім свеце. Больш на яе сайце www.bethknobbe.com
Крыніца перакладу: http://beckyeldredge.com/jesus-the-healer/