Айцец Стэн Свомі, індыйскі езуіт і абаронца правоў пляменных і тубыльскіх супольнасцяў, даслаў ліст, датаваны 15 студзеня 2021 г., каб адзначыць 100 дзён свайго зняволення па непраўдзівым абвінавачванні. У лісце ён распавядае сваім сабратам-езуітам пра салідарнасць з пятнацаццю іншымі праваабаронцамі, якія таксама беспадстаўна пазбаўлены свабоды, і пра цяжкае становішча тысяч індыйцаў, якія выказаліся супраць урада і трапілі ў турму без суда.
У лісце айцец Стэн піша:
“Я глыбока ўдзячны за вялізную салідарнасць, якую выказалі многія за гэтыя 100 дзён майго прабывання за кратамі. Часам навіны пра такую салідарнасць дадаюць мне нязмернай сілы і мужнасці, асабліва калі ў турме адзінай пэўнай рэччу з’яўляецца няўпэўненасць. Жыццё тут ідзе з дня на дзень.
З іншага боку, мы, шаснаццаць супольна абвінавачаных, не змаглі сустрэцца адзін з адным, нягледзячы на тое, што знаходзімся ў адной турме. Але мы ўсё роўна будзем спяваць хорам. Птушка ў клетцы ўсё яшчэ можа спяваць”.
Айцец Свомі сведчыць, што чэрпае сілу ў тысячаў іншых т.зв. “undertrials”, якія знаходзяцца пад вартай у чаканні судовага працэсу.
“Многія з гэтых бедных людзей не ведаюць, якія абвінавачванні ім прад’яўлены, не бачылі сваіх абвінаваўчых актаў і проста застаюцца ў турме на працягу многіх гадоў без юрыдычнай і іншай дапамогі.
У цэлым, узровень жыцця амаль усіх “undertrials” зведзены да мінімуму, незалежна ад таго, багатыя яны ці бедныя. Магчымасць падтрымліваць сувязі між людзьмі нават у такой бядзе прыносіць пачуццё братэрства і камунітарызму”.
У ранейшай перапісцы айцец Стэн таксама напісаў пажаданне на Новы год, якое застаецца актуальным як ніколі.
Няхай Новы год
прынясе новае абуджэнне
ўсім нам.
Няхай новае абуджэнне
запаліць новае полымя
ў нашых сэрцах.
Няхай новае полымя
дапаможа нам адрозніць праўду ад няпраўды
і моцна трымацца праўды.
Няхай Праўда натхняе нас
казаць праўду ўладзе
і быць гатовымі заплаціць цану.
Крыніца: Fr Stan Swamy SJ – ‘A caged bird can still sing’
Кампанія #StandwithStan дамагаецца вызвалення ўсіх шаснаццаці праваабаронцаў. Старонкі Сакратарыята сацыяльнай справядлівасці і экалогіі Social Justice and Ecology Secretariat (SJES) Facebook page » і SJES Twitter page ».