У дзень, калі пасля святкавання нараджэння Божага Сына Касцёл успамінае першага мучаніка Стэфана, узгадаем іншага мучаніка – езуіта Станіслава Міхальскага, які загінуў дакладна 70 год таму, у свята Божага Нараджэння ў 1950 г. у Вішневе каля Валожына, стаўшы ахвярай насілля з боку прадстаўнікоў камуністычнай улады.
Вось што расказвае кс. Артур Ляшнеўскі, салезіянін:
“У вёсцы Вішнева на Валожыншчыне, дзе карані маёй сям’і, да 1950 г. працаваў а. Станіслаў Міхальскі SJ. Гэта быў цудоўны, святы святар. Ведаю аб гэтым, бо мая бабуля і прабабуля апавядалі пра яго і маліліся да яго як да мучаніка. Ведаючы пра небяспеку смерці, ён не кінуў Вішнева (хоць другі сабрат, які быў у Вішнева, з’ехаў). Быў вялікім пакутнікам камуністаў, якія здзекваліся над ім у брутальны спосаб і давялі яго да мучаніцкай смерці.
Дзякуючы гэтаму езуіту, якога ніколі не бачыў, я адчуў пакліканне. Бабуля з дзяцінства пасля Імшы вадзіла да яго на магілу і казала маліцца ў інтэнцыі новых пакліканняў. Калі я падрос, то запытаўся, чаму мы гэта робім на магіле гэтага святара? Яна сказала, што калі мы былі шляхцічамі, наш маёнтак “Шыльвы Бор” канфіскавалі камуністы. Нас аб’явілі кулакамі, прадзеда збілі да смерці і ён памёр. Прабабуля з 8 дзецьмі без нічога засталася жыць у склепе – адзінай будове, якую не забралі. У тую зіму а. Станіслаў хадзіў па калядзе і збіраў сродкі на рамонт даху касцёла, які зацякаў. Ведаючы маю сям’ю, зайшоў і да нас. Убачыў беднату і дзяцей сірот. Пасля каляды прабабуля пачала здымаць белы абрус са стала, а пад абрусом а. Станіслаў заставіў усе грошы, што назбіраў на дах… Да гэтых грашэй ён не прызнаўся і сказаў, што калі Бог іх даў, то купіце каровы і збожжа. Дзякуючы гэтым грашам, як са слязьмі казала прабабуля, мы з голаду не памерлі, бо на гэта яна рыхтавала дзяцей…
Бабуля распавядала, як здзекваліся камуністы над святаром: зімой яго заганялі у возера ля касцёла, і не дазвалялі выходзіць, урываліся падчас Імшы, выхватвалі келіх, налівалі ў яго самагонку – лілі ў горла і прымушалі танцаваць у арнаце… 24.12.1950 а. Станіслава моцна збілі камсамольцы ў касцёле, б’ючы палкамі па жываце. Ён канаў усю вігілійную ноч. Апоўначы яго выставілі ў акно плябаніі, ля якой маліліся людзі. Ён з апошніх сіл благаславіў і наказаў на яго магіле прасіць аб новыя пакліканні. Так на магіле езуіта я і распазнаў свой шлях…
Мае продкі і я лічым яго святым! На малітоўніках маёй бабулі, яе сястры і іх маці была наклеена фотакартачка з кс. Станіславам у труне, пасля малітваў яны яе цалавалі і казалі, што гэты святар святы! Яго магіла – гэта месца малітвы.”
У адным са сваіх лістоў да іншага езуіта, яго выкладчыка ў семінырыі ў мінулым, на пачатку 1946 г. а. Станіслаў шчыра піша, што вельмі хацеў бы быць у супольнасці разам з сабратамі, але адначасова просіць, каб мог застацца ў Вішневе і там несці святарскае служэнне, хоць умовы сапраўды вельмі цяжкія, бо інакш мноства асобаў будуць пакінутыя без святара. Будучы мучанік піша, што хоча наследаваць Добрага Пастыра, які аддае жыццё за сваіх авечак.
Вось дадатковые біяграфічныя звесткі пра а. Станіслава Міхальскага (1.05.1912-25.12.1950): нарадзіўся ў в. Мэлнін, павет Срэм, Познаньскае ваяводства (Польшча), у сям’і Юзэфа і Юзэфы. У 1926 г. пасля заканчэння 5-класнай пачатковай школы у мястэчку Дольск Срэмскі павет, паступіў у сярэднюю школу ў в. Люблінцы. Уступіў да Таварыства Езуса ў 1928 г. З 1930 г. у Пінску (тады Польшча) вучыўся ў калегіі, якую скончыў, атрымаўшы атэстат зрэласці 12.05.1935 г.
1.09.1935 – 30.05.1938 – дух. семінарыя ў Кракаве, філасофскі ф-т; 1.09.1938-27.09.1944 дух.семінарыя ў Вільні, тэалогія. 24.03.1942 разам з іншымі духоўнымі асобамі арыштаваны немцамі і быў у турме на Лукішках да 30.10.1942, калі без суда разам з іншымі дух.асобамі вывезены немцамі на зямельныя работы ў інтэрніраваны лагер пад Коўна, Літва. У 1944 г. 9.07 выйшаў з лагера, калі армія СССР ныбліжалася да Коўна, і пасля перахода фронта 5.08.1944 вярнуўся ў Вільню, дзе рыхтаваўся да апошніх экзаменаў па тэалогіі. Пасвячэнне ў Вільні 3.10.1944, абп Ялбжыкоўскі. 1944-15.04.1945 – вікарый у Вішневе, з 1945 пробашч там жа, а пазней – і ў Багданаве. Загінуў 25.12.1950 г., пахаваны пры касцёле ў Вішневе.
Асаблівая падзяка кс. Артуру Ляшнеўскаму SDB за пераказанае сведчанне пра а. Станіслава Міхальскага і фотаздымкі, а таксама Раі Зянюк з Інстытута гісторыі Акадэміі Навук за біяграфічныя звесткі пра а. Міхальскага.