26 лістапада мы ўспамінаем св. Яна Бэрхманса SJ (1599-1621), студэнта, апекуна міністрантаў.
Ян Бэрхманс нарадзіўся ў 1599 г. у вёсцы Дзіст у Брабанце. З 1612 г. вывучаў класічную літаратуру ў Малінасе. Уступіў у Таварыства Езуса ў 1616 годзе.
У 1618 годзе ён быў накіраваны ў Антвэрпэн, каб пачаць курс філасофіі. Аднак неўзабаве яго адправілі вучыцца ў Рымскі калегіум. “З’явіўся маленькі фламандзец, падобны на анёла”. Так у Рымскім калегіуме казалі пра Яна.
Ідэальнае выкананне сваіх абавязкаў было для яго вышэй за ўсё. Ён быў добрым, услужлівым і пакорным чалавекам. У любы час быў гатовы ўзяць на сябе дадатковыя абавязкі і паслужыць сваім братам-езуітам, асабліва хворым, выконваючы самую няўдзячную працу; акрамя таго, ён любіў прапаведаваць па нядзелях на вуліцах Рыма.
Пастаяннае напружанне і высілкі падарвалі яго здароўе. Ліхаманка і кішэчная інфекцыя не давалі ніякіх шанцаў на выжыванне. У пятніцу, 13 жніўня 1621 года, як толькі развіднела, Ян сціснуў у руцэ крыж разам з ружанцам і Статутам – тры прадметы, якія былі яму даражэй за ўсё (“haec tria mihi carissima”), і папрасіў прачытаць літанію да Найсвяцейшай Панны. Ён прашаптаў: “Найсвяцейшая Панна паннаў, Маці нявінных”, уздыхнуў апошні раз і адышоў у вечнасць.
Яна Бэрхманса пачалі ўшаноўваць святым практычна адразу пасля яго смерці.
Правілы св. Яна Бэрхманса, SJ
- Маё сэрца толькі тады можа жыць бяспечна, калі застанецца ў шчырай і дзіцячай любові да Божай Маці.
- Мала гаварыць, шмат рабіць.
- Надаваць вялікае значэнне маленькім справам.
- Калі я не прыйду да святасці ў маладосці, то ніколі не стану святым.
- Думай пра тое, каб падабацца Пану Богу, а Пан падумае пра цябе.
- Сумленна буду кантраляваць пунктуальнасць ранішняга абуджэння.
- Хто не шануе малітву, не вытрывае ў пабожнасці.
- Што б ты ні рабіў, рабі старанна.
- Цярплівасць – вянок ўсіх цнотаў.
- Ніколі не чыні таго, што табе ў іншых не падабаецца; але тое, што ў іх падабаецца.
Св. Ян Бэрхманс, маліся за нас!