14 лістапада Каталіцкі Касцёл успамінае св. Юзафа (Хасэ) Піньятэлі, іспанскага езуіта, апоры сваіх братоў. Хасэ (Юзаф), які нарадзіўся 27 снежня 1737 года ў Сарагосе, быў нашчадкам старажытнейшых неапалітанскіх і іспанскіх шляхецкіх родаў. Яго маці памерла, калі яму было 4 гады, і ён разам з бацькам пераехаў у Неапаль, дзе жыла яго сястра. Пасля смерці бацькі (Юзаф меў 9 год) вярнуўся ў Іспанію і атрымаў адукацыю з калегіуме езуітаў у Сарагосе. Падчас навучання перанёс туберкулёз, наступствы якога – у выглядзе слабасці арганізму – дакучалі яму ўжо праз усё жыццё. Яго часта ванітавала крывёю.
У 1753 годзе разам са сваім малодшым братам уступіў у навіцыят Таварыства Езуса ў Тарагоне. Пасля святарскага пасвячэння ў 1762 працаваў як настаўнік у пачатковай школе ў Сарагосе і выконваў функцыі капелана ў вязьніцы; з асаблівай руплівасцю займаўся вязьнямі, асуджанымі на смерць. Яго называлі “el Padre de los ahorcados” – “айцом вісельнікаў”.
3 красавіка 1767 г. у Іспаніі быў выдадзены каралеўскі дэкрэт аб ліквідацыі ордэна езуітаў. На наступны дзень пасля абвяшчэння дэкрэта члены Таварыства Езуса са школы ў Сарагосе селі ў падводы і пад канвоем выправіліся ў Тэруэль. 30 красавіка 1767 года езуіты з усёй краіны селі на трынаццаць гандлёвых караблёў і пакінулі Іспанію. З першых жа дзён выгнання Юзаф узяў на сябе ролю, якую будзе далей выконваць усё жыццё: падтрымліваць сваіх сабратоў (правінцыял Арагона перадаў яму свае паўнамоцтвы), служачы ім успамогай і апорай.
У 1803 годзе ён стаў настаяцелем ордэна на тэрыторыі Беларусі, якая была ў складзе Расійскай імперыі. У тым самым годзе Папа выдаў дэкрэт аб аднаўленні ордэна ў Неапалі і на Сіцыліі. Юзаф выправіўся туды, каб наноў арганізаваць езуіцкія супольнасці. Шанаваны і любімы ўсімі за спагаднасць, пакору, высокую культуру і іншыя цноты, памёр у Рыме 15 лістапада 1811 года. Пахаванне было ціхім, бо французскія войскі ўсё яшчэ знаходзіліся ў Рыме. Юзаф Піньятэлі ўвайшоў у гісторыю як чалавек, які бачыў, што свет вакол яго руйнуецца і пагружаецца ў цемру, аднак не толькі не страціў веры, але падтрымаў многіх сваіх сучаснікаў. Ён быў беатыфікаваны Папам Піем XI у 1933 г. і кананізаваны Піем XII у 1954 г.
Святы Юзаф Піньятэлі, маліся за нас!