Пасля публікацыі першай часткі нядаўняга дакумента Таварыства Езуса, прысвечанага ўдзелу ў місіі садзейнічання справядлівасці ўсіх тых, хто шукае натхнення ў ігнацыянскай духоўнасці, прапануем другую яго частку. Ігнацыянская сям’я, беручы на сябе місію прымірэння і садзейнічання справядлівасці, кіруючыся абвешчанымі ў лютым 2020 г. чатырма глабальнымі апостальскімі прыярытэтамі, можа ўнесці важны ўклад у палітычнае жыццё.

***

Заклік Папы Францішка практыкаваць нашу веру ў грамадзянскім жыцці глыбока рэзаніруе з ігнацыянскімі каштоўнасцямі: мы імкнемся быць “жанчынамі і мужчынамі для іншых”, асабліва для тых, хто знаходзіцца на ўзбоччы грамадства. 36-я Генеральная кангрэгацыя езуітаў, якая адбылася ў 2016 годзе, заклікала членаў Ордэна і свецкіх супрацоўнікаў працаваць разам на карысць прымірэння і садзейнічання справядлівасці, бо “мы чуем, як Хрыстус зноў кліча нас да служэння справядлівасці і супакою”. Нас натхняюць пакаленні езуітаў, пачынаючы ад святога Ігнацыя і яго першых таварышаў, якія імкнуліся жыць як “сузіральнікі ў дзеянні”, абапіраючыся на сваю веру, каб актыўна ўдзельнічаць у жыцці гэтага свету, а не пакідаць яго. Удзел у грамадскім жыцці, натхнёны гэтымі каштоўнасцямі і нашай верай у Бога, які асабліва клапоціцца пра найбольш патрабуючых, дае магчымасць унесці пазітыўны ўклад у палітыку.

Нашы разважанні аб палітычнай актыўнасці фармуюцца глабальнымі апостальскімі прыярытэтамі (ГАП) – чатырма арыенцірамі для служэння езуітаў. Плён шматгадовага працэсу распазнавання ва ўсім Таварыстве Езуса, пацверджаны Папам Францішкам і абнародаваны Генеральным настаяцелем а. Артура Соса, апостальскія прыярытэты – ​​гэта добрая аснова для разважання і практыкавання нашай веры ў публічнай прасторы.

Вось чатыры глабальныя апостальскія прыярытэты:

  1. Суправаджэнне ў духоўным распазнаванні і духоўных практыкаваннях.
  2. Быць побач з адкінутымі, беднымі, безабароннымі, пакінутымі, якіх грамадства лічыць нявартымі, – у служэнні прымірэнню і справядлівасці.
  3. Клопат аб нашым агульным доме.
  4. Быць спадарожнікамі моладзі на шляху ў будучыню, поўную надзеі.

Пералічаныя прыярытэты даюць зразумець, што яны могуць шмат прапанаваць грамадзянскаму жыццю, і мы будзем звяртацца да іх, каб разважаць аб удзеле ў палітычным працэсе ў ігнацыянскім духу. Няхай яны заахвоцяць да размовы і аднаўлення адданасці да грамадзянскай актыўнасці ў ігнацыянскай сям’і, пачынаючы ад школ, каледжаў і універсітэтаў, заканчваючы парафіямі, сацыяльнымі цэнтрамі і правінцыйнымі ўстановамі, езуіцкімі супольнасцямі і ўсімі іншымі відамі служэння, якія бяруць натхненне ў езуіцкай традыцыі.

Для разважання і абмеркавання:

Што для мяне значыць быць пакліканым публічна перажываць сваю веру?

 

Паводле: https://www.jesuits.org/our-work/justice-and-ecology/take-action-2/civic-engagement/