Альберта Уртада Кручага (Alberto Hurtado Cruchaga), 1901-1952, святы, прэзбітэр. Заснаваў “Дом Хрыста” (“Hogar de Cristo”) для пакінутых і беспрытульных дзяцей. У далейшым гэтая дабрачынная дзейнасць пашырылася: з’явіліся майстэрні, прытулкі для дарослых і іншыя справы міласэрнасці. Акрамя таго, св. Уртада заснаваў чылійскую асацыяцыю прафсаюзаў і часопіс “Менсахе” (“Mensaje”). Памёр у Сант’яга-дэ-Чылі 18 жніўня 1952 г., беатыфікаваны Янам Паўлам II 16 кастрычніка 1994 г. Кананізаваны 23 кастрычніка 2005 г.
Альберта нарадзіўся ў Чылі, у горадзе Вінья-дэль-Мар, 22 Студзень 1901 г. Ён страціў бацьку ва ўзросце чатырох гадоў. Маці была вымушана прадаць усю іх сціплую маёмасць, каб расплаціцца з пазыкамі. Альберта разам са сваім братам быў вымушаны туліцца ў сваякоў, пераязджаючы з адной сям’і ў іншую. З ранняга дзяцінства ад ведаў, што такое беднасць, што значыць не мець дома і разлічваць толькі на ласку навакольных.
Юнага Альберта паслалі вучыцца ў езуіцкі калегіум у Сант’яга. Там ён стаў сябрам арганізацыі «Салідарнасць Нашай Пані», жыва цікавіўся беднымі і праводзіў амаль усю нядзелю з імі ў самым бедным раёне горада.
Заканчваючы школу ў 1917 г., Альберта хацеў стаць езуітам, але яму параілі адкласці рэалізацыю мары, каб паклапаціцца пра сваю маці і брата. Ён рабіў гэта, працуючы вечарамі, днём жа ён вывучаў права ў Каталіцкім Універсітэце. Ён захаваў і ў гэты перыяд ранейші клопат пра бедных, наведваючы іх кожную нядзелю. Яго вучобы была перапыненая абавязковай вайсковай службай, але пасля яе заканчэння ён паспяхова абараніўся ў жніўні 1923 г.
14 жніўня 1923 г. Уртада ўступіў у навіцыят Таварыства Езуса ў Чылане. У 1925 ён перамясціўся ў Кардобу (Аргенціна), дзе вывучаў гуманітарныя навукі. У 1927 быў адпраўлены ў Іспанію на вывучэнне філасофіі і тэалогіі.
Аднак у 1931 годзе езуіты былі выгнаныя з Іспаніі, і ён скончыў адукацыю ў Бельгіі, у Лювайне. Атрымаў святарскае пасвячэнне 24 жніўня 1933 г., а ў 1935 стаў доктарам педагогікі і псіхалогіі. Скончыўшы трэцюю прабацыю ў Дронгене (Бельгія), ён вярнуўся ў Чылі ў 1936 г. На сваёй радзіме ён прыступіў да выкладання каталіцкага веравучэння ў калегіуме св. Ігнацыя і педагогікі ў Каталіцкім Універсітэце ў Сант’яга. Яму было даручана студэнцкая «Салідарнасць Нашай Пані», і ён задзейнічаў яе ўдзельнікаў у выкладанні катэхізіса бедным. Ён часта прапаноўваў духоўныя практыкаванні або духоўнае кіраўніцтва маладым людзям, дапамог некалькім з іх выбраць шлях святарскага паклікання і ўнёс выдатны ўклад у выхаванне многіх свецкіх.
У 1941 а. Уртада апублікаваў сваю знакамітую кнігу «Ці каталіцкая краіна Чылі?» У тым жа годзе яго папрасілі ўзяць на сябе абавязкі асістэнта Маладзёжнага Руху Каталіцкай Акцыі ў архідыяцэзіі Сант’яга, а пазней – ва ўсёй краіне. Ён выконваў сваю ролю з выключным духам ініцыятывы, прысвячэння і ахвярнасці.
У кастрычніку 1944 г., даючы духоўныя практыкаванні, ён адчуў неабходнасць заклікаць слухачоў звярнуць свой позірк на беднякоў горада, асабліва на беспрытульных дзяцей і бяздомных па вуліцах Сант’яга. Гэты кліч знайшоў хуткі і шчодры водгук. Так пачалася справа, дзякуючы якой асабліва добра вядомы а. Уртада – “Дом Хрыста” (El Hogar de Cristo), дабрачынная ініцыятыва, якая дае бяздомным не проста памяшканне, а хатнюю атмасферу.
Сродкамі дабрачынцаў і пры актыўным супрацоўніцтве свецкіх а. Уртада адкрыў першы дом для дзяцей, пазней пачалі працаваць дом для жанчын і дом для мужчын. Бедныя сустракаліся з цёплым прыёмам у Доме Хрыста. Дамы множыліся і раслі, у некаторых адкрыліся рэабілітацыйныя цэнтры, у іншых – рамесныя школы, і гэтак далей. І ўсё засноўвалася і натхнялася хрысціянскімі каштоўнасцямі.
У 1945 Уртада наведаў Злучаныя Штаты, каб пазнаёміцца з рухам “Boys Town” (Горад хлопчыкаў) і разгледзець магчымасць яго адаптацыі ў Чылі. Апошнія шэсць гадоў свайго жыцця ён прысвяціў распрацоўцы розных формаў, у якіх Дом Хрыста можа існаваць і функцыянаваць.
У 1947 а. Уртада заснаваў Чылійскую Прафсаюзную Асацыяцыю (ASICH) для дапамогі працоўнаму руху, натхнёную сацыяльным вучэннем Касцёла.
У 1947-1950 гг. а. Уртада напісаў тры важных працы: аб прафсаюзах, аб сацыяльным гуманізме і аб хрысціянскім сацыяльным ладзе. У 1951 ён заснаваў “Mensaje”, цяпер шырока вядомы езуіцкі часопіс, прысвечаны тлумачэнню дактрыны Касцёла.
Рак падстраўнікавай залозы за лічаныя месяцы падтачыў яго жыццё. Пакутуючы ад жудасных боляў, ён па-ранейшаму часта паўтараў сваю любімую фразу: “Я задаволены, Пане”.
Завяршыўшы сваё жыццё, прысвечанае рэалізацыі Хрыстовай любові да бедных, а. Уртада адыйшоў да Пана 18 жніўня 1952 г. Усе вышэйапісанае а. Уртада здзейсніў на працягу ўсяго пятнаццаці гадоў – з моманту вяртання ў Чылі пасля трэцяй прабацыі да смерці. Яго апостальства было жывым выразам асабістай любові да Хрыста, да бедных і пакінутых дзяцей. Ён адзначаўся адукаванай руплівасцю ў выхаванні свецкіх і жывым пачуццём хрысціянскай сацыяльнай справядлівасці.
Літургічны ўспамін св. Альберта Уртада – 18 жніўня.