Гамілія на ХVII звычайную нядзелю, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея
Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.
Мц 13, 44–46
Валадарства Божае ў цэнтры жыцця
Сёння ў чарговы раз Пан Езус звяртаецца да нас з навучаннем пра Валадарства Нябеснае праз прыпавесці. Цікава адзначыць, што вобразамі ў прыпавесцях з’яўляюцца не толькі рэчы, прадметы, але і дзеянні, як, напрыклад, у сённяшнім урыўку чуем пра пошук, куплю-продаж, прыняцце рашэнняў, распазнаванне правільнага шляху… Праз гэтыя вобразы Пан Езус сёння падкрэслівае, што рэчаіснасць Божага Валадарства — самае важнае і каштоўнае ў жыцці чалавека, ёй варта прысвяціць усё астатняе.
Валадарства Божае не можа быць «адной з многіх» рэчаў у нашым жыцці; яно не можа быць проста «прыправай» для ўсяго іншага.
Гаворка нават не пра тое, каб «паставіць Бога на першае месца» — бо ў рэшце рэшт гэтага «першага» месца будзе заўсёды замала. У аповесці Поля Янга «Хаціна» Асобы Святой Тройцы такім чынам тлумачаць галоўнаму герою Макэнзі сітуацыю з вызначэннем прыярытэтаў: «Калі ты паставіш Бога наверсе, што гэта будзе азначаць на самай справе і ў якой ступені будзе дастаткова?.. Я не хачу атрымаць толькі частку цябе ці частку твайго жыцця… Я не хачу быць першым у спісе тваіх каштоўнасцяў, я хачу быць у цэнтры ўсяго».
Валадарства Божае ў рэчаіснасці нашага жыцця, наш асабісты запавет з Богам ахоплівае ўсе яго вымярэнні, а не абмяжоўваецца нейкай адной — «рэлігійнай» ці «духоўнай» — сферай. Хіба гэта гучыць дзіўна, калі мы верым, што Бог — наш Творца і Збаўца «на ўсе 100%», а не часткова — на 20, 50 ці нават 99%, і што гаворка не пра нейкі абавязак, «навязаны» нам звонку, а пра тое, каб знайсці сапраўдны сэнс і паўнату нашага жыцця?
Валадарства вакол і ўнутры нас
Валадарства Божае і яго набліжэнне было ў цэнтры прапаведвання Пана Езуса. У малітве, якую Ён нам пакінуў, мы кожны раз просім: «Ойча… прыйдзі Валадарства Тваё». Што канкрэтна мы маем на ўвазе, вымаўляючы гэтыя словы? Святы Павел піша Рымлянам, якія спрачаюцца пра правілы адносна чыстых ці нячыстых страваў: «Валадарства Божае — гэта не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым» (Рым 14, 17). Справядлівасць Валадарства азначае перадусім правільныя адносіны: у першую чаргу з Богам, а далей з бліжнімі, з самімі сабой і з матэрыяльным светам.
Такім чынам, Валадарства становіцца рэчаіснасцю ў людской супольнасці, у грамадстве. Знешнія праяўленні — гэта наступствы таго, што адбываецца ўнутры чалавека, таму Езус увесь час кажа звяртаць увагу на нашыя сэрцы. Сэрца чалавека — гэты цэлы асобны «маленькі сусвет», можна назваць яго «філіялам Валадарства». Будаўніцтва Валадарства Нябеснага пачынаецца менавіта там.
Так, як для купца, які шукае прыгожых пярлін, для кожнага чалавека яно азначае асабісты пошук таго, што насамрэч найбольш каштоўна, на што варта скіраваць увесь свой высілак, жаданне і энергію.
Цікава, што ў Евангеллі ад Яна першыя словы Езуса — гэта пытанне, скіраванае да Ягоных будучых вучняў: «Чаго шукаеце?» (Ян 1, 38) Андрэй са сваім сябрам выказваюць жаданне ўбачыць, дзе жыве Настаўнік, і застаюцца з Езусам у той дзень. Гэты эпізод — запрашэнне і для нас усвядоміць, што Валадарства — гэта не нейкая безасабовая рэчаіснасць, а што яно ўцелаўляецца ў асобе Улюбёнага Сына Божага, які адкрывае нам у Сабе нашу ідэнтычнасць і наш шлях у гэтым жыцці як улюбёных Божых дзяцей.
Радасць і прыгажосць — арыенціры на шляху да Валадарства
Цікава, што Пан Езус, кажучы пра скарб Валадарства, падкрэслівае радасць, якую адчуваю чалавек, калі знаходзіць яго. Таксама св. Павел ва ўзгаданым урыўку (і ў шматлікіх іншых месцах) кажа пра радасць у Духу Святым як вымярэнне Божага Валадарства. Святы Ігнацый Лаёла, успамін якога будзем адзначаць на гэтым тыдні, у правілах распазнавання розных духоўных рухаў удакладняе, што спакуснік можа прапанаваць чалавеку і «падробку», фальшывую радасць, якую нібыта мы можам атрымаць ад нейкага хуткага задавальнення, але што ў даўжэйшай перспектыве прыносіць расчараванне і сум.
Прыпавесць пра нерат, у якой Езус тлумачыць падзеі ў канцы свету, кажа і пра наша жыццё сёння: мы павінны ўмець аддзяліць і адкінуць у нашых думках, словах і ўчынках добрае ад дрэннага, тое, што дапамагае будаваць Валадарства, ад таго, што гэтаму перашкаджае. Сапраўдная радасць, не мімалётная і павярхоўная, а глыбокая і трывалая, з’яўляецца для нас знакам ад Бога і крытэрыем для распазнавання, ці мы знаходзімся на правільным шляху, каб пашыраць і ўмацоўваць рэчаіснасць Божага Валадарства ў нашым асабістым жыцці і ў сваім атачэнні.
Папа Францішак у сваім навучанні часта нагадвае пра радасць, якая адзначае вучняў Хрыста: сваю першую апостальскую адгартацыю ён назваў «Радасць Евангелля», а пазней звярнуўся да вернікаў з іншым пасланнем пра пакліканне да святасці «Радуйцеся і весяліцеся».
Але хіба важнейшым з’яўляецца яго асабістае сведчанне шчырай радасці, якой ён дзеліцца з іншымі, хоць і добра ўсведамляе цяжкасці і выклікі, якія стаяць перад чалавецтвам.
Ці будзе радасць прысутнічаць у жыцці — справа нашага выбару. Ад кожнага з нас залежыць, ці пойдзем мы насустрач таму, што яе прыносіць, ці будзем імкнуцца да сапраўднай прыгажосці, якая адзначае вучняў Езуса, шчодрых у сваім адказе на Ягоны заклік. Толькі калі мы будзем памятаць пра каштоўнасць таго дару, які атрымалі, калі будзем мець досвед радасці ў Духу Святым, у нас будзе жывым і гарачым імкненне падпарадкаваць усе вымярэнні нашага жыцця славе Божага Валадарства. Пане, дай нам гэтую ласку! Прыйдзі Валадарства Тваё! Амэн.
Віктар Жук SJ
Фота: Agung Pandit Wiguna/Pexels