13-17 ліпеня 2020 ў Дзілі (Усходні Цімор) адбывалася сустрэча галоўных настаяцеляў Таварыства Езуса рэгіёну Азіі і Акеаніі. А. Артуро Соса SJ звярнуўся да ўдзельнікаў праз сродкі камунікацыі.
Сярод іншых пытанняў, ён закрануў тэму крызісу, выкліканага каранавірусам, што выявіў шмат несправядівых структур у свеце, якія моцна ўкараніліся і спрычыняюцца да цярпення людзей. Адсутнасць клопату пра чалавека і навакольнае асяроддзе спрычынілася да значнай сацыяльна-эканамічнай няроўнасці. Акрамя таго, – сцвердзіў а. Соса, – выклікае непакой будучыня дэмакратыі, якая знаходзіцца ў небяспецы ў выніку пандэміі, і каштоўнасць якой аспрэчваецца ў многіх краінах свету.
Перад абліччам гэтай трывожнай рэчаіснасці, нягледзячы на жыццё ў нявызначанасці, Таварыства Езуса не можа марудзіць з пошукам адказаў, што канкрэтна мы можам унесці і як рэагаваць на праявы крызісу, і больш за тое, як пераадольваць прычыны несправядлівасці і бачыць шляхі структурных зменаў.
Ці можам дапамагчы змяніць адносіны паміж людзьмі, прыродай і Богам? Наш адказ, – падкрэсліў генеральны настаяцель, – павінен улічваць перспектыву, прапанаваную Глабальнымі апостальскімі прыярытэтамі. Уласцівы ім дух распазнавання павінен дапамагчы нам распазнаць знакі часу, знакі Духа і ўзмацніць нашую еднасць.
Далей а. Артуро Соса засяродзіўся на значэнні ігнацыянскага юбілейнага года, абвешчанага на 2021-2022 гг. Генеральны настаяцель бачыць у ім магчымасць для паглыбення нашага разумення Глабальных апостальскіх прыярытэтаў Таварыства Езуса. Тэма навяртання, якая займае ў іх цэнтральнае месца, у кантэксце пандэміі набывае яшчэ большае значэнне. Мы можам разглядаць ігнацыянскі юбілейны год як магчымасць паскорыць крокі да справядлівасці і прымірэння для ўсяго чалавецтва.
Паводле jezuici.pl. Больш на старонцы Генеральнай курыі Таварыства Езуса (англійская, італьянская, французская, іспанская мовы).