Гамілія на ХVІ звычайную нядзелю, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея
Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плод, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік? Ён жа сказаў ім: Варожы чалавек зрабіў гэта. Тады слугі сказалі яму: Хочаш мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў засекі мае.
Мц 13, 24–30
Ты злы! (ці я?..)
У сённяшніх прыпавесцях Пана Езуса зноў чуем пра зерне і яго ўзрастанне, але, у адрозненне ад прыпавесці пра добрага сейбіта, якую чулі ў мінулую нядзелю, даведваемся, што існуе таксама яго (і наш) вораг, які сее дрэннае насенне ў Божым свеце. Евангелле дае нам тлумачэнне слоў Езуса: пры дапамозе алегорыі наш Пан адказвае на пытанне, чаму ў свеце існуюць разам дабро і зло, чаму Бог проста не вынішчае несправядлівасць і грэх. Але мы закліканы зрабіць дадатковы высілак асабістай інтэрпрэтацыі, каб засвоіць значэнне таго, што наш Пан хоча данесці да нас сваім вучэннем, і зрабіць адпаведныя высновы, якія закрануць нашы адносіны і дзеянні.
Перш за ўсё паспрабуем зразумець розніцу паміж «сынамі Валадарства» і «сынамі злога» ў тлумачэнні прыпавесці. Мы, напэўна, маем свае меркаванні пра тое, хто належыць да другой катэгорыі: людзі, які паступаюць несправядліва, якія не паважаюць законы Божыя і чалавечыя, якія не слухаюць голасу свайго сумлення — або і проста тыя, хто нам не падабаецца.
Нам здаецца, што менавіта яны — той самы «каласоўнік», і, напэўна, нам хацелася б разам са слугамі гаспадара выпалаць яго.
Але гаспадар забараняе ім і ўдакладняе, што гэта наогул не з’яўляецца адказнасцю тых слуг, а іншых — жняцоў (якія з’яўляюцца анёламі Божымі, як тлумачыць Езус) падчас Апошняга Суду. Справа ў тым, што толькі тады будзе насамрэч бачна, «хто ёсць хто», і, як паказвае гісторыя многіх хрысціянаў, у тым ліку святых, у іх жыцці дзякуючы міласэрнасці Бога адбылося «навяртанне пасля грахоў», як кажа кніга Мудрасці ў першым чытанні. Таму адзін з урокаў гэтай прыпавесці — заклік да неасуджэння іншай асобы (хоць мы маем права і адказнасць асуджаць несправядлівыя дзеянні).
Дабро і зло навокал – і ў нашым сэрцы
Усведамленне дзякуючы словам Езуса той праўды, што ў свеце дзейнічае вораг — злы дух, прымушае нас паглядзець на іншую рэчаіснасць: наша ўласнае сэрца з’яўляецца тым «полем», на якое трапляе і добрае зерне, і спакусы. Мы, напэўна, маем жаданне быць добрымі людзьмі, «сынамі і дочкамі Валадарства», але рэчаіснасць адрозніваецца ад нашага жадання: мы паддаемся спакусам — і ў нашым жыцці расце і добрая пшаніца, і каласоўнік. Нават нашыя найлепшыя старанні не забяспечваюць поўнай свабоды ад таго, каб мы рабілі ад часу да часу дрэнныя ўчынкі, крыўдзілі іншых словам, мелі благія думкі.
Хіба, слухаючы вучэнне Езуса, мы павінны нічога не рабіць з гэтым «каласоўнікам» у нашым «полі», хіба нам трэба проста мірыцца з яго прысутнасцю, дазваляючы яму свабодна расці? — Такая інтэрпрэтацыя супярэчыць і сэнсу гэтай прыпавесці, і наогул вучэнню Езуса.
У нас ёсць абавязак супрацьстаяць злу, якое нас спакушае, але «вырваць яго з коранем» — не наша справа.
Толькі з дапамогай Гаспадара мы можам спадзявацца на дасягненне поўнай свабоды, і не паводле нашых чаканняў і нашых тэрмінаў, а тады і такім чынам, як гэта вырашыць Пан. У тым, як мы бачым сваё вызваленне і духоўнае дабро, нам трэба даверыцца Богу і адмовіцца ад такога імкнення да дасканаласці, дзе мы, па сутнасці, кіруемся нашым перфекцыянізмам і жаданнем «даказаць», якія мы добрыя.
Часта нашыя намаганні, у якіх мы спадзяемся выключна на ўласную сілу волі замест таго, каб у пакоры шукаць і прымаць дар Божай ласкі і супрацоўнічаць з ёю, вядуць да таго, што разам з каласоўнікам мы вырываем і пшаніцу. Прыкладам такой сітуацыі можа быць такое змаганне з пыхай і амбіцыйнасцю, у выніку якога хтосьці губляе наогул гатоўнасць дзейнічаць і праяўляць ініцыятыву, няправільна разумеючы сэнс сціпласці і пакоры.
Логіка росту: запрашэнне да цярплівасці
Вобразы гарчычнага зерня і закваскі падкрэсліваюць той урок, што ўжо змешчаны ў прыпавесці пра каласоўнік: нам патрэбная цярплівасць, каб усвядоміць дзеянне Бога і дапамагаць Яму нашым уласным высілкам. Наша культура цісне на нас, каб чакаць хуткіх вынікаў за кароткі час, але рост — як фізічны, так і духоўны — патрабуе свайго часу. Цярплівасць — сапраўды цнота, якая набліжае нас да Бога, і ад Яго мы ёй вучымся: у Божых руках знаходзіцца вечнасць.
Божая цярплівасць асаблівым чынам праяўляецца ў Яго міласэрнасці да нас і гатоўнасці заўсёды вярнуць нам надзею і падбадзёрыць, каб, нягледзячы на чарговую няўдачу, мы ўставалі і спрабавалі зноў.
Сапраўдная мудрасць — у тым, каб зразумець, які крок (найчасцей малы) мне трэба зрабіць сёння, каб прыняць і садзейнічаць таму ўзрастанню, сілу і энергію якому дае Божы Дух. Часта найлепшая «стратэгія» ў нашым жыцці як вучняў Хрыста — гэта не агрэсіўнае супрацьдзеянне злу і граху, а ўзмацненне таго, што з’яўляецца іх супрацьлегласцю: тых цнотаў, якія наўпрост адваротныя заганам. Напрыклад, таму, хто мае схільнасць да «злога языка», варта практыкавацца ў тым, каб казаць, наадварот, добрыя рэчы пра іншых.
«Адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае, раскажу ўтоенае ад стварэння свету»: Езус тлумачыць нам таямніцу Божага Валадарства, якое толькі ў нязначнай сваёй частцы даступнае нашаму звычайнаму ўспрыманню. «Жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу» (Кал 3, 3), і нам трэба прызвычаіцца да таго, што наш сапраўдны скарб адкрыецца цалкам толькі ў свеце, дзе іншыя законы.
А пакуль што паўсюль і ў нас саміх мы вучымся бачыць з дапамогай святла Божай ласкі парасткі Божага Валадарства, не заўважальныя ў вачах гэтага свету, якія ў духу веры з’яўляюцца нашым галоўным багаццем.
Віктар Жук SJ