Гамілія на ХІ звычайную нядзелю, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея
Езус, убачыўшы натоўпы людзей, злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра. Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.
І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Забядэя і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.
Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях паганцаў не ідзіце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Найбольш ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.
Мц 9, 36–10, 8
Пад позіркам Езуса
Вяртаючыся сёння да чытання Евангелля паводле Мацвея ў нядзелі звычайнага літургічнага перыяду, мы трапляем на пачатак новай часткі ў гэтым Евангеллі: раздзела, які прысвечаны місіі Езуса і Яго вучняў.
«Убачыўшы натоўпы людзей, Езус змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра». Езус бачыць і адчувае патрэбу людзей: варта спыніцца і пастарацца адчуць гэты позірк Езуса, поўны любові і міласэрнасці; позірк, які глядзіць на натоўп, але прагне ўбачыць кожны твар і кожнае сэрца паасобку — не толькі ў той дзень ў Галілеі, але і ў кожны час і ў кожным месцы — таксама сёння. Адчуваць сябе як пакінутыя авечкі — напэўна, не самая прыемная рэч для нашага гонару і жадання быць самадастатковымі, але нам варта памятаць, як хутка і лёгка мы можам заблукаць, калі слабне сувязь з крыніцай нашага духоўнага жыцця, калі Дух Божай любові не сілкуе нас. Як лёгка тады мы забываемся пра нашу годнасць Божых дзяцей і шукаем розных кампенсацый у рэчах гэтага свету, якія насамрэч не здольныя даць таго, чаго прагне наш дух!
Езус разумее, што, будучы чалавекам, сваімі ўласнымі стараннямі Ён не можа заспакоіць такую вялікую патрэбу. Ён, Сын Божы, які мае ўладу над злом і хваробамі, прымае чалавечыя абмежаванні. Але наш Пан не трымаецца сваёй улады раўніва: Ён гатовы падзяліцца ёй з тымі, хто будзе Яму дапамагаць несці вызваленне і аздараўленне. (Калі мы паглядзім у Евангеллі на верш, які папярэднічае сённяшняму літургічнаму ўрыўку, прачытаем, што ўлада Езуса і ўлада, дадзеная вучням, — дакладна тая самая). Гэта ўлада, як кожная ўлада ад Бога, пакліканая служыць дабру іншага і не адбіраць яго вольнасць і годнасць.
Вучні, апосталы, святары
Дазваляючы вучням выконваць місію аздараўлення і вызвалення, дзеля якой Ён сам прыйшоў, Езус спаўняе прароцтва, якое мы чуем у сённяшнім першым чытанні: выбраны Богам народ — гэта народ святароў, гэта значыць тых, хто з’яўляецца пасрэднікамі Божага любячага дзеяння для дабра ўсіх народаў і ўсяго стварэння. У сакрамэнце хросту кожны ахрышчаны становіцца часткай гэтага «валадарства святароў», якія не толькі самі атрымліваюць дары і ласкі Божыя, але і становяцца здольнымі несці іх іншым.
Усе хрысціяне маюць «агульнае святарства» менавіта ў гэтым сэнсе (хоць у Касцёле ёсць таксама святарства «службовае», звязанае з пасвячэннем тых, хто мае заданне цэлебраваць паводле адпаведнай дысцыпліны сакрамэнты — асаблівыя знакі Божай ласкі). Святарства кожнага верніка — гэта адначасова пасланніцтва, альбо апостальства (апостал значыць «пасланец»), на ўзор Дванаццаці, пра якіх чуем у сённяшнім урыўку. Мы бачым ператварэнне вучняў у апосталаў, паводле словаў евангеліста, але апосталы не перастаюць быць вучнямі: яны ўвесь час вучацца ў Настаўніка, і мы, вучні Езуса ХХІ стагоддзя, таксама ніколі не перастаем вучыцца ў Яго.
Каб гэтыя разважанні пра ідэнтычнасць нас, хрысціянаў, не гучалі абстрактна, падумаем, як мы можам рэалізаваць — ці, магчыма, ужо практыкуем нашу ідэнтычнасць як вучняў–апосталаў–святароў: калі гатовыя глядзець на прыклад самога Езуса і Яго паслядоўнікаў, каб навучыцца выйсці насустрач патрэбе іншага чалавека; калі прымаем даручэнне несці сведчанне сваімі паводзінасмі, словам і чынам пра тое, што Бог ёсць Любоў, і мы жывем ёю; калі праз нас, праз нашыя рукі і вусны да нашага бліжняга ці іншай Божай істоты цячэ струмень увагі, дабрыні, апекі — інакш кажучы, калі мы становімся пасрэднікамі Божай любові, дзелячыся тым матэрыяльным ці фізічным дарам, што самі атрымалі са шчодрых рук Айца. Як бачна, гэтыя нашыя розныя «функцыі» нераздзельныя: важна тое, што яны вынікаюць з нашай жывой сувязі з Езусам, які сам выбірае нас, кліча па імені і давярае нам быць «соллю зямлі і святлом свету» (пар. Мц 5, 13–14).
Заняць актыўную пазіцыю
Гледзячы на тое, якое вялікае «жніво» і ўсведамляючы веліч патрэбы, Езус у першую чаргу кажа вучням маліць Айца, Гаспадара жніва, каб Ён паслаў работнікаў на жніво. Сам Езус для нас — прыклад малітвы да Айца ў кожнай патрэбе, у кожнай сітуацыі (евангеліст Лука ў паралельным урыўку пра выбар апосталаў кажа, што Езус перад гэтым праводзіць ноч у малітве, гл. Лк 6, 12). Пачынаць з малітвы, са звароту да Бога — добры лек ад нездаровага «гераізму», самадастатковасці, паставы «зраблю ўсё сам».
Але адразу пасля малітвы наступае час для дзеяння: Езус пачынае з дванаццаці першых вучняў, якія становяцца «работнікамі на жніве». Таксама і наша малітва аб уласных патрэбах ці за тых, каго сустракаем на сваім шляху, не можа спыняцца ў пасіўнасці. Малітва азначае і гатоўнасць дзейнічаць, супрацоўнічаць з той ласкай, якую мы шукаем і просім ад Бога.
Вучні, пасланыя Езусам, не проста абвяшчаюць набліжэнне Божага Валадарства, але і здзяйсняюць справы, якія сведчаць пра тое, што Валадарства Бога сапраўды блізка: выганяюць нячыстых духаў, лечаць хваробы…
Моц Езуса здольная прыносіць плады і сёння, хоць гэта можа выглядаць інакш, чым у апосталаў; і Езус таксама і сёння гатовы дзяліцца сваёй моцай, калі мы гатовыя супрацоўнічаць з ёй і дадаць наш уласны высілак — гатовыя вучыцца ў Яго, а таксама вучыцца выкарыстоўваць дзеля дабра Божых дзяцей і дзеля хвалы Божай тыя сродкі, якія нам дае сучасная цывілізацыя. Але пачатак нашага дзеяння, нашай місіі — ва ўменні глядзець, як Езус: глядзець без асуджэння, з любоўю і міласэрнасцю, не адводзячы вачэй ад патрэбы іншага і не дазваляючы бездапаможнасці і боязі перамагчы гатоўнасць дзейнічаць. Няхай Пан дапаможа нам пачуць і паверыць у тое пасланніцтва, якое Ён сам даручае нам сёння. Амэн.
Віктар Жук SJ