Гамілія на ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея
Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім:
Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку.
Мц 28, 16-20
Неба — дзе яно?
Дзе знаходзіцца неба? — Мне падабаецца задаваць дзецям гэтае пытанне, і звычайна мне адказваюць: высока ўверсе. Тады я задаю наступнае пытанне, больш складанае: на якой жа вышыні пачынаецца неба? Тыя дзеці, якія разбіраюцца ў геаграфіі, могуць растлумачыць, што атмасфера Зямлі мае розныя слаі, такія, як трапасфера (самы ніжні), стратасфера (з азонавым слоем), тэрмасфера і г.д., і паступова яна становіцца адкрытым космасам. Калі Юрый Гагарын адправіўся ў космас, савецкая прапаганда сцвярджала, што, паколькі ён не бачыў ніякага Бога, гэта было доказам таго, што Бога няма, таму што Бог жа жыве на нябёсах.
Сённяшняе першае чытанне з Дзеяў Апосталаў сапраўды кажа аб тым, як Езус узносіцца ўвышыню і знікае за аблокамі, і анёлы кажуць, што Ён узышоў на нябёсы.
Вядома, нашу веру падобныя аргументы, якія абапіраюцца на матэрыяльнае разуменне «нябёсаў», не здольныя пахіснуць, аднак сённяшняе свята — добрая нагода для нас паглыбіць сэнс нябеснай рэальнасці, як яе падаюць Пісанні.
Адна крайнасць прадстаўлена вучнямі з таго ж першага чытання: пасля таго, як яны сталі сведкамі ўнебаўшэсця Езуса, яны працягваюць глядзець увышыню, так што анёлам прыходзіцца «вярнуць іх да зямной рэальнасці»: «Галілейцы, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба?..» (Дз 1, 11). Можа быць і іншая крайнасць: паколькі Езус стаў нябачным, мы можам «забыцца пра нябёсы» і проста займацца сваімі зямнымі справамі — як мага больш добрасумленна ці проста як атрымліваецца. І многія людзі жывуць менавіта так, і, напэўна, час ад часу мы самі жывем так, не прымаючы пад увагу тую праўду, што нябёсы, «жыллё» Бога Айца, Пана Езуса і Святога Духа, — рэчаіснасць больш рэальная, чым часовыя рэчы гэтага свету.
Аднак калі мы ігнаруем гэтае нябеснае вымярэнне, тады адчуваем, што чагосьці не хапае, і хвала Богу, што ў нас ёсць гэта пачуццё, якое нагадвае нам аб тым, што па-сапраўднаму важна ў нашым жыцці, і паказвае, што наш канчатковы пункт прызначэння не знаходзіцца тут на зямлі.
Мы створаны для чагосьці значна большага, чым усё, што існуе ў гэтым свеце.
З Езусам і мы ў славе Божай
У кожным з нас ёсць імкненне, пустка, якая не можа быць запоўненая ніякім задавальненнем, прыемнасцю або гарантыяй, іншымі, чым сам Бог. Узышоўшы на нябёсы, Езус паказвае нам, што мы створаны ніяк не менш, чым для славы Божай. Езус не проста вяртаецца да Айца як «Сын Божы», як быццам пасля кароткачасовага «пагружэння» ў нашу чалавечую рэальнасць Ён цяпер пакідае сваю чалавечнасць. Не! Пан Езус вяртае ў славу Божую Яго ўласную і нашую чалавечую сутнасць. Што гэта значыць?
Першае пасланне Яна вучыць нас: «Цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што, калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць» (1 Ян 3, 2). Мы цяпер не бачым Бога, і ў нашых адносінах з Ім мы часам можам адчуваць сябе, як у гульні ў хованкі: мы задаемся пытаннем, чаму Бог не аб’яўляе больш адчувальна сваёй прысутнасці.
Ці ж можам чакаць, што Бог будзе паступаць згодна з нашымі чаканнямі, як вучні, якія пытаюцца ў Езуса (напэўна, з вялікім энтузіязмам): «Пане, ці не ў гэты час Ты адбудуеш каралеўства Ізраэля?» (Дз 1, 6). У іх было сваё ўяўленне пра тое, як далей павінны развівацца падзеі ў палітыцы, г.зн. у адносінах Ізраэля і Рыма, — і ў нас таксама ёсць свае планы і чаканні, калі мы маем справу з Богам: трэба быць шчырымі ў гэтым.
Вучні Езуса на працягу доўгага часу слухалі Яго пропаведзі аб Валадарстве Нябесным, і ў гэты апошні момант яны пытаюцца ў Яго аб каралеўстве Ізраэля! Ці не адбываецца падобнае з намі? — Яшчэ як!
Вось чаму нам трэба зноў і зноў слухаць Слова Божае, словы Езуса ў Евангеллі і супастаўляць нашыя праекты, нашыя чаканні з тым, што сапраўды важнае для Бога — і для нашай вечнасці.
Нам неабходна вяртацца да ўсведамлення таго, што Бог задумаў для нас нешта большае, чым мы можам сабе ўявіць.
Сапраўдны скарб
Езус вучыць нас збіраць скарбы ў небе: там, дзе «ні моль, ні ржа не знішчаць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць» (Мц 6, 20). Мы ведаем, што гэта за скарбы: гэта справы бескарыслівай любові і міласэрнасці, перш за ўсё ў дачыненні да «найменшых братоў і сясцёр Езуса», тых, з кім Ён атаясамлівае сябе ў прыпавесці пра Апошні Суд. Інакш кажучы, для дасягнення нябёсаў, нашага канчатковага пункту прызначэння, патрэбныя не проста летуценні, але і канкрэтныя дзеянні, і ў гэтым для нас лепшы прыклад, вядома, сам Езус, які «хадзіў, робячы дабро» (Дз 10, 38).
За межамі такіх «дзелавых адносін», г. зн. імкнення дасягнуць узнагароды (якое ў любым выпадку не варта выключаць, таму што ў канчатковым рахунку мы дзейнічаем у нашых уласных інтарэсах, калі хочам дасягнуць Божага абяцання) — акрамя гэтага, ёсць вымярэнне нашага сэрца, як вучыць Езус: «дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 21). «Дбайце пра большыя дары», кажа апостал Павел (1 Кар 12, 31).
Толькі Бог можа ачысціць нашыя сэрцы і «вылепіць» іх у адпаведнасці з сэрцам Езуса, але нам трэба хацець гэтага.
Дазволім сёння Божай любові прыцягнуць нас і нашы жаданні да нябёсаў. З надзеяй і радасным прадчуваннем будзем чакаць нашага канчатковага лёсу разам з Хрыстом у славе Бога Айца. Амэн.
Віктар Жук SJ
Мастак Paco Yao