Пане Езу,
якія нашыя слабасці Ты ўгледзеў, што Цябе змусілі, тым не менш, паклікаць нас да супрацоўніцтва ў Тваёй місіі?
Дзякуем Табе за пакліканне і молім не забывацца на абяцанне быць з намі да сканчэння веку.
Нас часта ахоплівае пачуццё, што мы ўсю ноч працавалі дарэмна, – магчыма, забываючыся што Ты з намі.
Мы просім, каб Ты прысутнічаў у нашым жыцці і працы сёння, заўтра і ў будучыні, якая яшчэ не настала.
Напоўні любоўю гэтае нашае жыццё, якое мы аддаём Табе на службу.
Забяры з нашых сэрцаў эгаістычныя развагі аб тым, што “нашае”, што “маё”, бо яны, пазбаўленыя спачування і радасці, заўсёды выключаюць іншых.
Прасвятлі нашыя розум і сэрца і не забывайся прымушаць нас усміхацца, калі справы ідуць не так, як мы хацелі.
І ў канцы дня, кожнага з нашых дзён, дай нам адчуць сябе глыбей з’яднанымі з Табой і здольнымі лепш спасцігаць і адкрываць большую радасць і большую надзею.
Молімся аб гэтым усім сярод той рэчаіснасці, дзе мы знаходзімся.
Мы слабыя і грэшныя людзі,
але мы – Твае сябры.
Амэн.
Адольфо Нікалáс SJ (29.IV.1936 – 20.V.2020), генеральны настаяцель Таварыства Езуса ў 2008-2016 гадах.