Гамілія на VI Велікодную нядзелю, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Яна
Езус сказаў сваім вучням: Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе.
Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім і вы ўва Мне, і Я ў вас.
Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго і аб’яўлюся яму.
Ян 14, 15-21
Любоў робіць здольнымі захоўваць запаведзі
«Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі». У сваім тэстамэнце, які Пан Езус пакідае вучням падчас Апошняй вячэры, наш Пан вельмі рэалістычна падкрэслівае, што любоў — не проста нейкае пачуццё, адчуванне ці жаданне, няхай нават самае прыгожае. Калі любоў не ўцелаўляецца ў канкрэтных дзеяннях і паводзінах, яна рызыкуе застацца нейкай абстракцыяй — і фальшам.
«Любоў трэба больш паказваць не на словах, а ў справах», — казаў святы Ігнацый Лаёла. Але калі ўважліва прыслухаемся да слоў Пана Езуса, пачуем у іх два розныя магчымыя спосабы разумення. Паводле першага, Езус патрабуе ад нас «даказаць» нашу любоў да Яго праз выкананне запаведзяў, паказаць «на самай справе», што наша сувязь з Ім сапраўдная, а не эфемерная. «Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне», — кажа далей Езус.
Але ёсць і іншы спосаб успрыняцця сувязі паміж любоўю і вернасцю слову Пана: выкананне запаведзяў залежыць ад таго, ці ў нас ёсць любоў, інакш жа выконваць іх немагчыма і не мае сэнсу.
Любоў робіць нас здольнымі заставацца вернымі Богу.
Запаведзь любові дзеля свабоды
З іншага боку, любоў да Бога была найважнейшай запаведдзю Старога Запавету (і Пан Езус у чарговы раз уносіць навізну, калі кажа любіць Яго так, як Бога — таксама як і мець веру ў Яго адначасова з верай у Бога). Таму варта спыніцца над тым, як мы ўспрымаем запаведзі: як тое, што нехта нам навязвае, і адначасова абмяжоўвае нашы магчымасці і свабоду, ці, наадварот, як тое, што вядзе нас да свабоды, дазваляе нам дасягнуць паўнаты як асобы?
Успомнім, што Дэкалог пачынаецца словамі Ягвэ: «Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з няволі». Бог не вызваляе Ізраэля з прыгнёту егіпцян дзеля таго, каб зрабіць іх нявольнікамі ў другі раз. Наадварот, Ягвэ паказвае свайму народу шлях свабоды; іншая справа, што гэты шлях — не заўсёды лёгкі… І менавіта прымаючы дар збаўлення, дар свабоды — інакш кажучы, дар Божай любові, — карыстаючыся ім правільна і паглыбляючы яго, Ізраэль у сваю чаргу паказваў сваю любоў да Бога. Запаведзь любові мае свае карані не ў нашым уласным высілку волі, але ва ўсведамленні той праўды, што Бог першы палюбіў нас і ніколі не перастае любіць.
Дар Духа, каб мы ўмелі любіць
Калі мы шчыра паглядзім на сябе, убачым, што нашая здольнасць любіць вельмі абмежаваная. Дзякуючы гэтаму ўсведамленню лепш разумеем сваю вялікую патрэбу ў тым, каб з намі быў Суцяшыцель, якога абяцае Пан Езус, — Дух праўды, які нагадвае нам словы Божай праўды, нагадвае нам пра любоў, з якой мы паходзім, якой жывем і да якой імкнемся. У габрэйскай мове Старога Запавету, як, зрэшты, і ў беларускай мове, слова «дух» этымалагічна звязана з «подыхам», «дыханнем».
Такім чынам, можам сказаць, что для нашай душы, якая імкнецца любіць і жыць па-Божаму, прысутнасць Святога Духа неабходная так, як нашаму целу неабходнае дыханне, каб жыць.
Напэўна, нам варта часцей усведамляць гэтую прысутнасць Духа, які працягвае місію Уваскрослага Пана ва ўсе часы і ў кожным месцы, якога мы заўсёды можам паклікаць, каб дапамог нам сваёй жыватворчай моцай.
«Суцяшыцель» у лацінскім перакладзе Евангелля гучыць як advocatus, і ў арыгінале значэнне гэтага слова — менавіта «адвакат», той, хто пакліканы быць побач, каб падтрымліваць перад абвінаваўцам, хто не дазваляе, каб мы адчувалі сябе пакінутымі. Менавіта прысутнасць Духа-Суцяшыцеля дае нам моц супрацьстаяць свету, не ў сэнсе прыгожага Сусвету, створанага Богам, а зла, якое прысутнічае ў ім і спакушае кожнага чалавека. Але, як папярэджвае св. Павел эфесцаў, мы можам таксама «засмучаць Духа Святога» (пар. Эф 4, 30), калі ідзем не за Яго натхненнямі, а за эгаістычнымі, «зямнымі» жаданнямі.
Дух Святы, які жыве ў нас
«Ён у вас будзе», — кажа Езус пра Духа-Суцяшыцеля. Якая ж гэта дзіўная таямніца, вартая захаплення: унутры маёй асобы прысутнічае агонь Божага Духа! «Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?» — піша святы апостал Павел (1Кар 3, 16). Гэтая таямніца — крыніца радасці і падзякі ў сэрцах дзяцей Божых. Мы пазнаём прысутнасць Духа Святога не толькі дзякуючы веры ў словы Евангелля, але і таму, што Яго дзеянне прыносіць плады Духа ў нашым жыцці: любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, спагадлівасць, дабрыню, велікадушнасць, вернасць, лагоднасць, сціпласць, умеркаванасць, чыстасць (Гал 5, 22-23).
Менавіта Дух Святы, уцелаўляючыся ў нашых здольнасцях, жаданнях, думках, пачуццях, словах і дзеяннях, надае канкрэтную форму любові, якая праламляецца ў бясконцым мностве сітуацый.
«Любі — і рабі, што хочаш», — казаў святы Аўгустын пра свабоду любові. Пан Езус дае нам запаведзь любові і адначасова пакідае вялікую прастору для нашай крэатыўнасці, якую натхняе Ягоны Дух — Дух Уваскрослага Пана. Пазнаўшы дзеянне Суцяшыцеля, мы атрымліваем здольнасць быць суцяшыцелямі для іншых: дзяліцца Божым спакоем, радасцю, надзеяй — і любоўю.
Няхай Дух Святы напаўняе сабой усе нашы адносіны з іншымі, няхай будзе сапраўднай повяззю ў нашых сем’ях і ўсіх іншых супольнасцях, часткай якіх з’яўляемся. Амэн.
Віктар Жук SJ