Што агульнага звязвае гэтых двух святых Паўсюднага Касцёла, акрамя аднолькавага імя?
Св. Ігнацый Лаёла, заснавальнік Таварыства Езуса, адчуваў духоўную роднасць з Ігнацыем з Антыёхіі, біскупам і мучанікам. Менавіта ў яго гонар Ініга дэ Лаёла змяніў сваё імя на “Ігнацый”. “Найцудоўны святы, да якога я маю (ці жадаю мець) асаблівую пашану ў Пану нашым”, – так выказваўся аб Ігнацыі з Антыёхіі заснавальнік ордэна езуітаў.
Аб жыцці Ігнацыя, якога называлі яшчэ Тэофорос – з грэцк. “той, хто нясе Бога”, або “несены Богам”, Лаёла даведаўся з кнігі “Flos Sanctorum”. Яго моцна ўразілі словы біскупа Антыёхіі: “Мая любоў укрыжавана” (з яго ліста да рымлянаў). Але Ігнацый Лаёла змяніў цытату наступным чынам: “Езус, мая любоў, укрыжаваны”.
У гэтай жа кнізе Лаёла прачытаў пра легенду, якая кажа, што рымскія каты, ускрыўшы сэрца біскупа Ігнацыя, убачылі залатыя лістары IHS. Гэтую манаграму ён выбраў у якасці пячаткі і герба новазаснаванага Таварыства.
Рыбадэнейра (іспанскі пісьменнік, езуіт) пісаў, што Лаёла зрабіў гэта з-за глыбокай павагі да Ігнацыя з Антыёхіі: “Унутры яго гарэла полымя той любові да Найсвяцейшага Імя Езуса, якое, як мы чытаем, палала ў грудзях біскупа-мучаніка Ігнацыя. І айцец наш Ігнацый жадаў прыпадобніцца гэтаму святому не толькі іменем, але і дзеяннем”.
Святы Ігнацый з Антыёхіі, маліся за нас!