Мікалай Ленчыцкі (Mikołaj Łęczycki), або (лацінізаваная форма) Nicolaus Lancicius, святар, гісторык, тэолаг, архівіст, педагог, аўтар мноства аскетычных і палемічных твораў.
Мікалай Ленчыцкі нарадзіўся 10 снежня 1574 г. каля Нясвіжа ў сям’і друкара-кальвініста. У 1591 г. прыехаў у Рым, дзе да 1601 г. вывучаў рыторыку, філасофію і тэалогію. Уступіў у Таварыства Езуса ў Кракаве 17 лютага 1592 г., атрымаў святарскае пасвячэнне 14 красавіка 1601 г. ў Рыме. У 1601-1606 гг. працаваў у цэнтральным архіве Таварыства. Вярнуўшыся ў Польшчу, прывёз з сабой вялікую колькасць рэліквій, якія перадаў у езуіцкія касцёлы на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Чэхіі і нават Нідэрландаў. У 1607-1609 гг. з’яўляўся прафесарам Святога Пісання, тэалогіі і габрэйскай мовы ў Вільні, затым – прафесарам палемічнай тэалогіі ў Львове (1609-1614). У 1615 г. прымаў удзел у працы VII Генеральнай Кангрэгацыі ў Рыме і да 1617 г. заставаўся ў цэнтральным архіве Таварыства, дзе прыводзіў да ладу лісты і распараджэнні мінулых генералаў ордэна.
Пасля вяртання ў Польшчу быў рэктарам у Калішы (1617-1620). Падтрымліваў праект заснавання калегіума ў Кракаве сумесна з Кракаўскай Акадэміяй, а затым быў рэктарам калегіума св. Пятра ў Кракаве (1621-1631). Тады ж адкрыў езуіцкія школы ў Кракаве і вёў вострыя дыскусіі з Акадэміяй у справе зацверджання гэтых школ. У 1631 стаў правінцыялам Літвы, працягваючы ўдзельнічаць у спрэчках аб кракаўскіх школах і аб стаўленні да праваслаўя. У 1635 г. выехаў у Ольмюц у Чэшскай правінцыі і з 1637 г. чытаў у Чэхіі лекцыі па кананічнаму праву і праводзіў практыкаванні па аскетыцы. З прычыны наступлення шведскага войска вымушаны быў часта пераязджаць. У 1639 г. паблізу Кутней Гары ў выніку нападу страціў нямала каштоўных рукапісаў.
У 1643-1649 гг. быў інструктарам ІІІ прабацыі ў Нясвіжы. У 1645 быў дэлегатам на VIII Генеральнай Кангрэгацыі Таварыства ў Рыме. У 1649-1652 гг. з’яўляўся духоўным айцом Дому ў Браневе, а з 1652 – у Коўне, дзе і памёр 30 сакавіка 1653 г. Падчас вайны ў 1655 г. яго труна была спалена, а попел выкінуты ў раку Нёман.
Ленчыцкі, якому не давялося асабіста ведаць св. Ігнацыя, рупліва збіраў усе звесткі аб жыцці святога, якія мелі на сабе боскую пячатку і вылучаліся цудоўным і незвычайным характарам. Калі ў 1605 г. Папа Павел V распачаў працэс бэатыфікацыі Ігнацыя, плённы гісторык Ленчыцкі і тагачасны рэктар Германскага калегіума Таварыства ў Рыме Філіпо Рынальдзі (Рынальдзіні) па даручэнні Генерала Клаудыё Аквавівы заняліся складаннем ілюстраванай біяграфіі св. Ігнацыя.
Даследванні: Balbinus B. Vita V. P. Nicolai Lancicii S.J. Pragae 1690; Iparraguirre I. De P. Lancicii vita spirituali novis illustrata documentis: AHSI 21 (1952), pp. 60-83.