Сёння мы адзначаем свята Марыі, Маці Таварыства Езуса. Ва ўсіх ключавых момантах існавання Таварыства Езуса прысутнічала Марыя: калі Ігнацый пакінуў сваё мінулае жыццё, то напярэдадні ўрачыстасці Звеставання Пана ў 1522 г. чуваў у малітве перад Чорнай Мадоннай у Мансэрат усю ноч; ва ўрачыстасць Унебаўзяцця 1534 года ён склаў свае першыя абяцанні, і першую святую Імшу цэлебраваў у касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі на Божае нараджэнне 1538 года. Праз сем месяцаў пасля афіцыйнага зацверджання Таварыства папам Паўлам IV, Ігнацый і яго пяць першых сяброў святкавалі гэтае новае нараджэнне, складаючы свае абяцанні пры алтары Маці Божай у базыліцы святога Паўла за мурамі 22 красавіка 1541 г.
Ігнацый быў абраны генеральным настаяцелем за два тыдні да гэтага, і менавіта ён узначаліў святую Імшу, якую першыя таварышы цэлебравалі разам. Як Марыя дапамагла нарадзіцца Езусу, так Яна садзейнічала нараджэнню супольнасці братоў і святароў, якія стануць спадарожнікамі яе Сына.
Гэты прыгожы абраз Маці Божай Спадарожніцы, напісаны ў часы позняга Сярэднявечча, знаходзіўся ў невялікай капліцы, дзе Ігнацый часта маліўся. Калі новазаснаванаму Таварыству Езуса ўдалося пабудаваць свой першы касцёл, Il Gesù, яны зрабілі гэта на тэрыторыі ранейшай капліцы. Ігнацый захаваў абраз, і зараз ён знаходзіцца ў паўночнай капліцы касцёла Il Gesù. Гэта сімвал не толькі Маці, якая нарадзіла Езуса, але і Маці, якая суправаджае Сына і Ягоных вучняў на шляху іх сумеснага падарожжа да Айца. Марыя ідзе з намі.
Малітва, звязаная з гэтым абразом, таксама называе Марыю не толькі нашай Маці, але Маці пілігрымуючага народу. Святы Ігнацый у “Духоўных Практыкаваннях” заахвочваў прасіць Марыю, каб Яна прывяла нас да Сына. Як цудоўна, што мы падчас сваёй вандроўкі да Бога, можам разам прасіць Марыю захоўваць нас побач з Сынам і дапамагчы нам стаць, як Яна, прытулкам для іншых людзей, чакаючы з пакорным сэрцам усяго ад Езуса, Яе Сына і нашага Пана.
“Няхай Марыя працягвае клапаціцца аб Таварыстве Езуса, каб кожны яго член мог несці ў сабе “вобраз” Укрыжаванага Хрыста дзеля ўдзелу ў Яго Уваскрасенні”. (Папа Бэнэдыкт XVI, 22 красавіка 2006г.).
Марыя, Маці Таварыства Езуса, маліся за нас.
Сайман Бішап SJ
Паводле The feast of Mary, Mother of the Society of Jesus
***
Малітва да Маці Божай
Маці Марыя,
Будзь для мяне прыкладам аддання і ўдзелу.
Ствары ўва мне
сэрца сумленнае і чыстае,
сэрца, што дае прытулак іншым,
сэрца велікадушнае і рашучае, здольнае пераадолець цяжкасці,
заўсёды гатовае пачаць зноў,
сэрца пакорнае,
што ўсяго чакае ад Езуса,
Твайго Сына і нашага Пана.
Амэн.