П’ер Тэяр дэ Шардэн (Pierre Teilhard de Chardin) – несумненна адзін з найвыбітнейшых навукоўцаў ХХ стагоддзя: палеантолаг, філосаф і тэолаг. Калі ён памёр на Вялікдзень 1955 года, яго ведалі толькі ў вельмі цесным коле сяброў і спецыялістаў. Сёння ён належыць да тых дзеячоў сусветнай культуры, якіх немагчыма ігнараваць. Яго навуковыя працы складаюць адзінаццаць тамоў. Адны прадстаўнікі навуковага асяроддзя горача захапляюцца ім, тады як іншыя рэзка асуджаюць ягоныя “загадкавыя фантазіі”.

Тэяр нарадзіўся 1 мая 1881 года паблізу Клермона на поўдні Цэнтральнай Францыі ў глыбока веруючай хрысціянскай сям’і. У васемнаццаць гадоў уступіў у ордэн езуітаў. Яшчэ да свайго пасвячэння ў 1911 г. стаў выкладчыкам фізікі і хіміі ў езуіцкім калегіуме ў Каіры (1905-1908). Настаяцелі падтрымалі яго цікавасць да палеанталогіі і згадзіліся, каб ён атрымаў у Парыжы званне доктара ў 1914 года.

Падчас Першай сусветнай вайны ён кіраваў брыгадай санітараў-насільшчыкаў. Паміж баямі ён вёў ваенны дзённік, які адкрывае нам яго глыбокую адчувальнасць да фізічнага і псіхічнага болю чалавека.

З 1922 г. працаваў прафесарам геалогіі ў Парыжы. З 1926 г. удзельнічаў у некалькіх экспедыцыях у Кітай і Афрыку. Ён імкнуўся да сінтэзу хрысціянскай думкі пра стварэнне і антрапалагічна разуметай эвалюцыі. Адна з самых вядомых яго кніг мае назву “Боскае асяроддзе” (“Le milieu divine”).

У хуткім часе ўзніклі цяжкасці з касцёльнымі ўладамі, якія выказалі меркаванне, што яго вучэнне парушае дагматычныя пастулаты аб першародным граху і прыродзе Божай ласкі. Тэяру больш не дазвалялася публікавацца альбо публічна выступаць. Пасля вынікаў праверкі ягоных твораў праз Кангрэгацыю веравучэння ад 30 чэрвеня 1962 г. кіраўніцтва ордэна загадала Тэяру пакінуць Парыж і высокую акадэмічную пасаду. Тэяр прыняў гэтае рашэнне з поўнай паслухмянасцю і пераехаў у Нью-Ёрк. Там ён памёр на Пасху, 10 красавіка 1955 г.

У тую велікодную раніцу ён адправіўся ў катэдру святога Патрыка, каб прыняць удзел у літургіі. Пасля абеду сябры павялі яго на канцэрт і вярнуліся адвячоркам, каб па традыцыі выпіць гарбаты. Затым з ім стаўся смяротны інфаркт сэрца. Прысутны айцец з езуіцкага калегіума ўдзяліў яму апошняе намашчэнне.

На другі дзень Пасхі у дзевяць гадзін раніцы адбыўся абрад развітання. Айцы-езуіты ў белых комжах ўтварылі паўкруг на хорах вялікага касцёла. Касцёл быў пусты. Прысутнічалі толькі дзесяць верных сяброў. Не было ні прамоў, ні музыкі. Стаяла кранальная цішыня.

Тэяр быў пахаваны на могілках Сэнт-Андрэас у ста кіламетрах ад Нью-Ёрка, дзе езуіты хаваюць сваіх памерлых. Надвор’е ў той дзень было халоднае і пахмурнае. Дождж змякчыў зямлю, але магілы не ўдалося выкапаць. Таму труну часова пакінулі ў павеці. Адзіны букет сябра з Нью-Ёрка ўпрыгожыў труну. Больш нічога! Прысутнічалі толькі тры езуіты, адным з якіх быў яго блізкі сябра П’ер Лерой.

Другі Ватыканскі Сабор ініцыяваў больш пазітыўную ацэнку спадчыны Тэяра і ў пэўным сэнсе пераняў яго касмалагічны цэласны погляд, не адмаўляючыся ад дактрынальных агаворак.

***

Сваімі разважаннямі аб постаці Тэяра і яго ўплыве дзеліцца езуіт Крыстафер Карбаллі, астраном з Ватыканскай абсерваторыі.

Паціснуць руку Тэяру

П’ер Тэяр дэ Шардэн памёр у 1955 годзе. Я не меў ніякай магчымасці спаткацца з ім, але мне пашчасціла паціснуць руку чалавеку, які з ім працаваў. Я сустрэўся з чалавекам, які ведаў Тэяра.

Гэта сталася ў пачатку лета 1977 года, калі я амаль скончыў курс тэалогіі ў Каледжы Хэйтроп Лонданскага ўніверсітэта. Я пісаў дысертацыю на тэму параўнання тэалагічнай і навуковай метадалогіі, калі адзін з маіх кіраўнікоў прапанаваў мне з’ездзіць у Уімблдон і паразмаўляць з айцом Уільямам Катбертам Донэлі, тэолагам-езуітам, які апошнюю частку жыцця правёў у Зімбабвэ ў якасці выкладчыка семінарыі і вярнуўся ў Англію з прычыны пагаршэння здароўя. І чаму я павінен быў захацець яго ўбачыць? Таму што Кат, як яго называлі езуіты, не толькі сустракаўся з Тэярам, але і працаваў з ім у Рыме на працягу 1948 года, калі Генеральны настаяцель ордэна езуітаў папрасіў Тэяра пастарацца зрабіць яго творы, у прыватнасці “Феномен чалавека”, прыймальнымі для Ватыкана. Іх спроба была няўдалай, але я памятаю, як Кат загараўся, калі я распытваўся яго аб тым досведзе.

Вядома, Кат не распавёў мне падрабязнасцяў іх сумеснай працы, але выказваўся такім чынам, што было зразумела: Тэяр, найвыдатнейшы настаўнік, не спрабаваў нікому навязаць сваіх поглядаў, таму працаваць з ім было лёгка. Кат таксама адзначыў, што Тэяр глыбока разумеў адрозненні паміж навукай, філасофскім мысленнем і тэалагічнай рэфлексіяй. Нягледзячы на безумоўную ўзаемасувязь гэтых дысцыплін, не варта іх змешваць. З той пары, чытаючы творы Тэяра, я ўлічваў гэтую асаблівасць. Штосьці падобнае я стараўся ўцелаўляць падчас сваіх навуковых даследаванняў: звяртаўся да філасофскіх аргументаўі адначасова інтэгруючы тэалагічную перспектыву.

Мне б хацелася цяпер закрануць тыя аспекты думкі Тэяра, якія дапамаглі мне ў жыцці і служэнні як езуіта і астранома.

Нашыя ўзаемаадносіны з Сусветам

Пасля курса тэалогіі ў Лондане я паехаў ва ўніверсітэт Таронта, каб распачаць дактарат у галіне астраноміі дзеля непасрэднай падрыхтоўкі да працы ў Ватыканскай абсерваторыі. Факультэт астраноміі ўніверсітэта быў першым у Канадзе, і я не пашкадаваў аб сваім выбары месца навучання. Курсы ахоплівалі шырокі спектр тэмаў і дапамаглі мне вывучаць Сусвет ва ўсіх яго аспектах.

У свой час Тэяр напісаў аб нашых узаемаадносінах з Сусветам наступныя словы:

Дагэтуль пераважае погляд, што цела <…> – фрагмент сусвету, частка, поўнасцю адлучаная ад рэшты і перададзеная духу, які прыдае яму форму. У будучыні мы скажам, што Цела – гэта сама Універсальнасць рэчаў… Мая матэрыя – не частка свету, якой я поўнасцю валодаю: гэта поўня Сусвету, якой я валодаю часткова [1].

Воблік Сусвету, які адкрывае сучасная астраномія, ад першага неймаверна інтэсіўнага выпраменьвання ў Вялікім Выбуху да ўзнікнення першаснага вадарода і гелія і далей цераз ядзерны сінтэз у зорках усіх элементаў, з якіх створана Зямля і ўсё на ёй, з’яўляецца захапляльнай гісторяй таго, як мы літаральна зроблены з “зорнага пылу”. Нашыя целы насамрэч запазычваюць (partialiter) плады Сусвету. (Partialiter – часткова, totaliter – поўнасцю, лацінскія тэхнічныя тэрміны былі знаёмыя Тэяру з твораў святога Тамаша Аквінскага.) Гаворка ідзе менавіта пра “запазычанне”, паколькі кожныя сем гадоў наша цела падвяргаецца поўнай змене асобных атамаў. Мы і Сусвет сапраўды адно; тым не менш Тэяр разумеў, што мы – штосьці большае, чым маса атамаў. Усё, у тым ліку само нашае цела, ёсць ззяннем або дыяфаніяй (з гр. пранізанасцю, прасвечваннем) духа і, на дзіва, гэта той самы Дух, праз якога Цела Хрыста ззяе ў цэлебрацыі кожнай Эўхарыстычнай літургіі.

Літургія Сусвету

Тэлескопы ўніверсітэта Таронта знаходзіліся адзін зусім блізка, на поўнач ад Таронта, а другі далёка на поўдні, у Чылі. Гэты апошні размяшчаўся на ідэальнай назіральнай пляцоўцы і быў добра абсталяваны. Ён ператварыўся ў “ахоўніка дысертацыі”, калі мая першапачатковая тэма зайшла ў тупік з-за непагадзі, у якую я трапіў у Паўднёвай Афрыцы. Тэлескоп універсітэта Таронта быў размешчаны ў Лас-Кампанасе ў пустыні Атакама, месцы нават больш сухім, чым стэпы Азіі, у якіх Тэяр складаў сваю “Літургію Сусвету”. З часу свайго знаходжання ў гэтай пустыні я зусім не здзіўлены, што “Літургія” была ўлюбёным творам жанчыны, якая здзейсніла пасмяротнае выданне твораў Тэяра і добра яго ведала, Жаны Марцье (Jeanne Mortier) [2]. Тэяр ахвяраваў на алтары ўсёй Зямлі “усю працу і цярпенне свету”, а я мог бы адгукнуцца прнашэннем уласных назіранняў у тэлескоп, спалучаным з расчараваннем пахмурных начэй, надзвычай цяжкіх начэй у Паўднёвай Афрыцы. Сімвалізм хлеба, які з’яўляецца нашай стваральнай працай, і віна, нашага болю, мы спазнаем непасрэдна, але асаблівым чынам, калі яны перамяняюцца (пераісточваюцца) праз…

Прамяністае Слова <…>, дзякуючы якому ўсе нашыя <…> сутыкненні з Сусветам злучаюцца ў адно. Над кожнай жывой істотай, якая павінна ўзнікнуць, расці, квітнець, даспець на працягу дня, зноў прамаўляй словы: Гэта Цела Маё. І над кожнай смяротнай сілай, якая напагатове чакае, каб раз’ядаць, высушваць, знішчыць, прамаўляй зноў свае словы Запавету, якія ўтвараюць найвышэйшую таямніцу веры: Гэта Мая Кроў [3].

Калі людзі пытаюцца ў мяне, як гэта ёсць, што мая галоўная святарская праца – займацца астраноміяй, то менавіта бачанне Тэяра, якое інтэгруе дзеянне святой Імшы з усім нашым чалавечым досведам, дапамагае растлумачыць сутнасць. Сапраўды, Тэяр назваў кожнага навукоўца ў пэўным сэнсе святаром, таму што “любая даследчая праца, якая выконваецца ў служэнні Хрысту і такім чынам садзейнічае ўзрастанню Яго містычнага цела, прымае ўдзел у Яго паўсюдным святарстве” [4].

Сэрца свету

У размовах, якія закранаюць ідэю ўзаемадзеяння матэрыі і энергіі, я часта карыстаюся цытатай Тэяра: “У цэнтры Матэрыі, Сэрцы Свету – Божае Сэрца” [5]. Мяне ўразіла, што Тэяр лічыў матэрыю дынамічнай. Камень не проста ляжыць на зямлі, ён поўны энергіі, дзейнасці, бо складаецца з нестатычных атамаў. Крыніцай гэтай энергіі ёсць Хрыстус, сэрца Сусвету. Хрыстус з’яўляецца і канчатковым адзінствам і мэтай, Амегай Сусвету.

Гэты дынамічны пункт гледжання дапамог мне адгукнуцца на прапанову калегі-астранома – тады я быў у Таронта і адносна недалёка ад Новай Англіі – і прыехаць на штогадовую канферэнцыю Інстытута рэлігіі ў эпоху навукі (IRAS), якая адбывалася ў месцы з вымоўнай назвай – на Зорны вострве” ў Нью-Гэмпшыры. Я быў рады на тыдзень апынуцца ў асяроддзі людзей, якія ўспрымалі эвалюцыю сур’ёзна, і таму гэтыя штогадовыя сустрэчы сталі для мяне рэгулярнымі.

Эвалюцыя не абмяжоўваецца астраноміяй. Яна ўключае ўсе аспекты, якія складаюць Вялікую гісторыю Сусвету: геалогію, біялогію, палеанталогію, антрапалогію, даследаванні ў галіне экалогіі, эканомікі і інш., а таксама гісторыю чалавецтва. Сам Тэяр удзельнічаў у адкрыцці “Пекінскага чалавека”, сінантропа, прыклада Homo erectus, які жыў каля ¾ мільёна гадоў таму. H. erectus быў досыць спрытны ў разуменні і авалоданні навакольным асяроддзем. Ён быў цалкам двухногім, выдатным паляўнічым. Пазней, як мяркуюць, прадстаўнікі роду Homo, уключаючы наш уласны від, Homo sapiens, эвалюцыянавалі ў Афрыцы, а не непасрэдна з H. erectus. У пошуках пачаткаў таго, што мы называем чалавечай адчувальнасцю, гэта значыць здольнасцю адчуваць і ўспрымаць па-чалавечы, археолагі вярнуліся ў Афрыку, у эру мезаліта, каб выявіць першыя парасткі рэлігіі, мастацтва і нават майстэрства сярод гамінінаў, якія былі бліжэй, чым H. erectus, да лініі сучаснага чалавека.

Узаемазвязанасць

Нашая чалавечая адчувальнасць сфармавалася ў працэсе эвалюцыі і працягвае эвалюцыянаваць. У гэтым кантэксце мы прыходзім да больш крытычнага разумення ўзаемазвязанасці ўсяго ў Сусвеце.

У кожнай сферы мы пачнём пастаянна жыць у прысутнасці Цэлага і з думкай пра яго. З пункту гледжання чалавечай энергіі, няма нічога больш значнага, чым спантаннае з’яўленне і, у канчатковым рахунку, сістэматычнае культываванне “касмічнага пачуцця” такога рода. Дзякуючы такому пачуццю, людзі перастаюць быць самадастатковымі адзінкамі і працуюць дзеля агульнай справы [6].

Тэяр разумеў, што разам з узрастаннем пачуцця ўзаемазвязанасці ўсіх форм жыцця прыходзіць адказнасць. І гэта адказнасць не толькі за чалавечы прагрэс, але за прагрэс усёй экасістэмы, у якой мы існуем, якая ўтрымлівае нас і з’яўляецца часткай гісторыі эвалюцыі, Вялікай Гісторыі. Калі падчас Першай Сусветнай вайны ён быў санітарам-насільшчыкам, то ў акопах спазнаў тую таварыскасць, якая спадарожнічае агульнай справе. Падобным чынам салідарнасць і таварыства патрэбныя сёння для барацьбы са знішчэннем навакольнага асяродзя і злоўжываннямі ў сферы абмежаваных прыродных рэсурсаў. Бачанне Тэяра аб энергіі і адзінстве матэрыі можа быць карысным у дасягненні такога ўзроўню абавязацельстваў, які ахопіць усіх людзей, а не толькі некаторых экалагічна-уразлівых, як гэта адбываецца сёння.

Пошук Цэлага

Думка і духоўнасць Тэяра настолькі багатыя, што я ў гэтым артыкуле здолеў закрануць зусім малую частку ягонай спадчыны. Мой выбар засноўваўся на тых аспектах, якія былі і застаюцца важнымі для мяне як езуіта і астранома Ватыканскай абсерваторыі. Гэтыя аспекты асаблівым чынам датычылі пранізанасці духам усёй матэрыі. Менавіта гэта ўзаемасувязь робіць маю працу астранома, нават самую нудную, поўнасцю духоўнай і адначасова поўнасцю матэрыяльнай. Яны ператвараюць элементы прагрэсу Сусвету, чалавека і ўсяго астатняга ў Цэлае, якім ёсць Хрыстус.

Айцец Кат Донэлі ў канцы інтэрв’ю сказаў пра Тэяра: “Так, ён быў выдатным чалавекам. Знаёмства з ім было вялікім прывілеем.” Маёй мэтай было дапамагчы вам таксама крыху лепш пазнаёміцца з Тэярам у надзеі, што вам захацелася зрабіць уласны выбар з яго твораў, каб вы таксама маглі знайсці бачанне, якое стане падтрымкай для ўсяго, з чым вы сутыкаецеся, як у цяперашні час, так і ў будучыні.

Айцец Крыстафер Карбаллі SJ, Ватыканская абсерваторыя

[1] Pierre Teilhard de Chardin, Science and Christ (New York: Harper & Row, 1968), pp.12-13.
[2] Thomas King, Teilhard’s Mass (New Jersey: Paulist Press, 2005), p. ix.
[3] Teilhard de Chardin, The Mass on the World, in T. King, Teilhard’s Mass, p.148.
[4] Teilhard de Chardin, The Mass on the World, quoted from Toward the Future (New York: Harcourt Brace Jovanovich, 1975), p.16.
[5] Teilhard de Chardin, introduction to The Heart of Matter (New York: Harcourt Brace Jovanovich, 1978), p.15.
[6] Teilhard de Chardin, ‘Human Energy’ in Building the Earth (London-Dublin: Geoffrey Chapman, 1965), p.53.

Крыніца: Shaking hands with Teilhard

Галоўнае фота: Stock image