Прапануем вашай увазе разважанні ірландскага езуіта Брэндана МакМануса, які на ўласным досведзе паказвае, наколькі актуальным з’яўляецца спадчына святога Ігнацыя, які жыў у XVI стагоддзі.

***

Я пражыў цудоўнае жыццё як езуіт. Да ўступлення ў ордэн працаваў у камп’ютарнай галіне, а паходжу з сям’і фермераў у Фермане (Паўночная Ірландыя). Найбольш каштоўныя думкі наконт жыццёвага досведу і працэсу прыняцця рашэнняў прыйшлі да мяне дзякуючы ігнацыянскім духоўным практыкаванням.

Гледзячы з перспектывы часу, я пішу сабе 15-гадоваму, ахопленаму ідэямі, памкненнямі і жаданнямі, аб тым, што я знайшоў карыснага для сябе ў правілах святога Ігнацыя (у тэксце спасылкі на правілы вылучаны тлустым шрыфтам).

1. У жыцці няма памылак, а толькі ўрокі

Няма такой рэчы, як дрэнны досвед: ёсць магчымасці для самааналізу і ўзрастання. Практыка рэфлексіі, разважання і спагаднага позірку на мінулае дапамагае ўсвядоміць, што адбылося, і зрабіць адпаведныя высновы. Навешваючы на пэўны свой вопыт цэтлік «дрэннага» або «няўдалага», мы ствараем дыстанцыю і не даем яму магчымасці навучыць нас чаму-небудзь.

Некаторыя з самых важных урокаў у жыцці я атрымаў з досведу, які першапачаткова адкідаў або лічыў жахлівым, напрыклад, гора ад страты аднаго з бацькоў.

Трэба сустрэцца з непажаданымі сітуацыямі тварам у твар і праходзіць праз іх. Напрыклад, разумець стан жалобы па блізкіх як шлях, які трэба прайсці. Гэта парадаксальным чынам дазволіць нам вызваліцца ад яго і дапамагаць іншым людзям. Калі паглядзець на цяжкія сітуацыі ў больш шырокай перспектыве, адкрыецца іх сапраўдны сэнс: яны з’яўляюцца крокамі на нашым шляху.

Бог ёсць ва ўсім, асабліва ў тым, што здаецца глыбокім правалам.

Photo by VisionPic .net from Pexels

2. Жыццё — гэта шлях, а не пункт прызначэння

Памятаю, адзін брат езуіт сказаў мне, што многія людзі спачатку засяроджваюцца на задавольванні патрэбы, дасягненні мэты, поспеху, грошай, славы і г.д., але пазней яны пачынаюць шукаць сэнс і імкнуцца зрабіць штосьці значнае, каб дапамагчы свету.

Такім быў і мой досвед працы ў камп’ютарнай прамысловасці, дзе я хутка займеў пажаданыя, як мне здавалася, грошы і статус, але гэтае дасягненне стала разбуральным досведам унутранай пусткі і падштурхнула мяне да пошуку сапраўднага паклікання, якое я знайшоў у святарстве.

Па сутнасці, падобны вопыт паказвае, што ў кожным з нас ёсць нешта ўнікальнае, чым мы можам падзяліцца, а шчасце ў тым, каб працаваць над гэтым дзеля дабра іншых. Тым не менш, падчас пошуку гэтага сэнсу нямала дарог могуць стаць тупікамі.

Бог прысутны ў найглыбейшых, а не ў павярхоўных нашых жаданнях.

 Фота: Juhasz Imre / Pexels

3. Шчасце — унутры

Нашая культура так часта трапляе ў «пасткі» поспеху, дабрабыту і спажывальніцтва, што маладыя людзі пачынаюць бачыць сэнс жыцця ў знешніх рэчах. У тым, каб нешта мець: працу, машыну, партнёра, маёмасць, дом, прыгожае цела, татуіроўку і г.д. Аднак гэта «правераны рэцэпт» плыткага і сумнага жыцця па ўсіх духоўных і агульначалавечых мерках. Гэтыя рэчы не наталяюць сэрца, не задавольваюць прагненні чалавека, колькі б маркетынгавых і рэкламных метадаў не выкарыстоўвалася для іх абвяшчэння.

Ісці ўглыб сябе, быць у гармоніі з самім сабой, не трымацца занадта за рэчы, спачуваць іншым і любіць аддана — непараўнальна цяжэй, але менавіта гэта прыносіць сапраўднае задавальненне.

Варта карыстацца рэчамі гэтага свету ў той меры, у якой яны вядуць нас да Бога.

Фота: Radu Florin/Pexels

 

 

4. Лепшае — вораг добрага

Ігнацыянская духоўнасць дапамагае зразумець, што перфекцыянізм і ідэалізм, хоць і здаюцца нам добрымі, часта вядуць да адчаю і расчаравання. Усё пачынаеца няблага: з прагнення дасканаласці, але ў рэшце рэшт ператвараецца ў недасяжны ідэал, якім мы бясконца дакучаем сабе, пакутуючы, што не можам яго дасягнуць. Больш прадуктыўна будзе «прызямліць» гэтыя ідэалы і разгледзець іх у святле чалавечых магчымасцяў.

Можна пачаць з аналізу існуючай рэчаіснасці і паступова выпрацоўваць наступныя крокі на выбраным шляху. Час ад часу важна задаць сабе пытанне: «Ці гэта сапраўды добра?» або «Куды гэта мяне прывядзе?», каб не пайсці за спакусай ідэалізму ці недасягальнай дасканаласці.

Вядома, супрацьлеглая скрайнасць — прыняць існуючы стан рэчаў і проста плысці па цячэнні. Гэта не выйсце. Зазвычай ёсць трэці варыянт, «сярэдзінны шлях», які ідзе паміж дзвюма скрайнасцямі.

Злы дух спакушае пад выглядам анёла святла.

Фота: Ursus Wehrli

 

 

5. Параўнанне вядзе да расчаравання

Я памятаю, наколькі мяне ўразіла гэтая фраза, пачутая ад майго амерыканскага сабрата падчас аднаго праекта з удзелам маладых людзей, якіх мы разам суправаджалі.Параўнанне сябе з іншымі людзьмі і ацэньванне сябе паводле знешніх прыкмет так глыбока ўвайшлі ў нашае жыццё, што мы перасталі заўважаць, наколькі часта мы гэтым займаемся і як разбуральна гэта на нас уплывае.

Проста паглядзіце на цяперашнія часопісы, тэлепраграмы, рэкламу, рэаліці-шоў і ўэб-сайты знакамітасцяў: усе яны ствараюць навязлівую карціну таго, як жывуць іншыя людзі. На жаль, параўнанне гэтай карціны з нашым ладам жыцця выклікае занепакоенасць, незадаволенасць і нават зайздрасць. Ёсць правераны спосаб стаць няшчасным: параўнаць сябе з іншымі і высветліць, што яны несумненна мацнейшыя, спрытнейшыя, разумнейшыя, больш кампетэнтныя і г.д. (і да таго ж заўсёды гатовыя даць параду).

Спатрэбіцца вялікая адвага для таго, каб не пайсці за гэтай прывабнай спакусай і не трапіць у пастку. Сапраўднага шчасця мы дасягнем, калі з пакорай прызнаем і годна ацэнім свае моцныя бакі і таленты, адзначаючы іх унікальнасць і асаблівасць, каб убачыць, якім чынам з іх дапамогай мы можам зрабіць свет лепшым.

Сапраўдная свабода заключаецца ў тым, каб жыць паводле нашай праўдзівай сутнасці.

  Фота: Sharon McCutcheon/ Pexels

6. Будуй свой дом на скале, а не на пяску, каб ён мог вытрымаць непазбежныя навальніцы

У будаўніцтве важна закласці добры падмурак. Хоць гэты этап можа здавацца нудным і няўдзячным, але першы ж крызіс выявіць яго неабходнасць.

Напрыклад, такім падмуркам з’яўляецца назапашванне асабістай устойлівасці, якая дапаможа выстаяць падчас навальніцы: парады псіхолага, духоўныя практыкі (медытацыя, разважанне, усведамленне). Гэта карысна для таго, каб у выпадку непазбежных траўматычных сітуацый бачыць перспектыву і ўмець браць пад кантроль узбураныя эмоцыі. Навальніцы або крызісы рана ці позна паслужаць праверкай трываласці падмурка.

Адпаведным чынам, перыяды яснага надвор’я варта выкарыстоўваць для стварэння рэзерваў і ўмацавання тых месцаў, якія павінны годна вытрымаць цяжкія часы. Калі будаваць дом на пяску (інакш кажучы, не рыхтавацца да будучыні), наступствы любой неспрыяльнай сітуацыі могуць быць досыць сур’ёзнымі. Унутраныя рэсурсы, падрыхтаванасць, чуйнасць і веданне сябе вельмі спатрэбяцца ў складаныя перыяды жыцця.

У часы пакінутасці памятайце пра перыяды суцяшэння і не змяняйце разважліва прынятых рашэнняў.

Падмурак касцёла св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Фота: кс. Віктар Місевіч

7. Квітней там, дзе цябе пасадзілі

Адной з самых сур’ёзных псіхалагічных памылак з’яўляецца, напэўна, такое зманлівае меркаванне: «Калі б я толькі не апынуўся тут, гэтага б са мной не здарылася». Уся энергія і думкі, скіраваныя на жаданне, каб падзеі адбыліся іншым чынам, марнуюцца дарэмна і не дапамагаюць нам вырашыць праблему. Наш розум могуць апанаваць навязлівыя развагі аб тым, як усё магло б быць, калі б пайшло па-іншаму, але менавіта тут мы трапляем у пастку, таму што спрабуем пазбегнуць рэальнасці, а не займацца ёю.

Неабходна прыняць тую рэальнасць, у якой вы ёсць, памятаючы, што яна ніколі не стане ідэальнай, але заўсёды будзе ўтрымліваць у сабе альтэрнатывы і магчымыя рашэнні на выбар.

Калі я быў бой-скаўтам, нас вучылі, што ў навакольным асяроддзі заўсёды можна знайсці дастаткова сродкаў для вырашэння праблемы. Такім чынам, замест таго, каб з усіх сіл прагнуць, каб усё было па-іншаму, паглядзіце навокал і знайдзіце, што можа стаць карыснай прыладай.

Шлях святога Якуба (пілігрымка ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, якая прадугледжвае цэлы шэраг маршрутаў, некаторыя з якіх адрозніваюцца вялікай працягласцю і складанасцю — рэд.) прапануе сваю фармулёўку гэтай ідэі: «Шлях дае магчымасці».

Вы заўважыце, што крочыце па святой зямлі, калі маеце вочы, каб гэта ўбачыць.

Фота: Янез Север SJ

8. Асцерагайцеся карыстацца «чароўнай палачкай» для вырашэння праблем

Як духоўны кіраўнік я часта слухаю гісторыі людзей і часта сутыкаюся з ілюзорным пошукам эфектыўнага сродка: «чароўнай палачкі» ці цудадзейнага інгрэдыенту, які раптам вырашыць усе жыццёвыя цяжкасці.

Фільмы пра супергерояў, маніпуляцыйная рэклама і танныя тэлевізійныя сенсацыі падмацоўваюць падобныя ўяўленні. На жаль, нярэдка такі шлях вядзе да залежнасці, прымітывізму або шарлатанства.

Меркаванне, што нейкая адна рэч, калі толькі мы яе знойдзем, усё зменіць, дарэшты захоплівае ўяўленне людзей, паколькі інтэрнэт перапоўнены «імгненнымі» вырашэннямі і чароўнымі сродкамі. Аднак для большасці з нас, людзей, рэальнасць больш прыземленая і складаецца з працэсаў: мы павінны прыкладаць намаганні на розных узроўнях (фізічным, эмацыйным, адукацыйным, сацыяльным, духоўным і г.д.), выконваць абавязацельствы перад разнастайнымі інстытутамі, якія складаюцца з іншых людзей. Гэта можа быць павышэнне кваліфікацыі, мэтанакіраваныя трэніроўкі, курсы тэрапіі, рэгулярная малітва ці медытацыя.

Навяртанне, падобнае на досвед Саўла па дарозе ў Дамаск, або момант прасвятлення губляюць сілу без падтрымкі, успамогі і высілкаў: нават святому Паўлу спатрэбілася дзесяць гадоў пасля таго памятнага падзення, каб стаць Апосталам!

Зазвычай Бог аб’яўляецца не цудоўным чынам, а ў жыццядзейнасці чалавека, у «штодзённых» цудах.

Фота: Alicja /pixabay.com

9. Страх — кепскі дарадчык

Страх, трывога і непакой — звычайная частка нашай рэальнасці як чалавечых істот. Яны часта суправаджаюць нас як нейкая данасць, але толькі наш выбар дачынення з імі вызначае нас. У нашым постмадэрнісцкім свеце існуе тэндэнцыя аддаваць перавагу эмоцыям: «Калі штосьці падабаецца, зрабі гэта». Тым не менш, нягледзячы на тое, што часта такі падыход цалкам слушны, ёсць у ім відавочныя недахопы, звязаныя з раптоўнымі эмацыйнымі рэакцыямі.

Людзі, якіх часта ахоплівае страх, могуць «кананізаваць» гэтую эмоцыю настолькі, што яна стане дамінуючай у любым працэсе прыняцця рашэнняў.

Вядома, ёсць і супрацьлеглая рэакцыя, якая падштурхоўвае нас адкідаць страх і дзейнічаць неразважліва. Рэч у тым, што, у канчатковым рахунку, яны абедзве выкліканыя страхам і неўраўнаважанасцю: страх можа быць карысным індыкатарам, які дапамагае быць абачлівым у некаторых сітуацыях, аднак, даведзены да крайнасці, ён дэфармуе і паралізуе чалавека. У якасці высновы можна сказаць так: «Адчуваючы страх, усё роўна рабіць тое, што бачыцца лепшым».

Адважна рэалізуйце свае найлепшыя рашэнні.

Фота: Markus Spiske/ temporausch.com

10. Прасіць дапамогі — велізарная мудрасць

Складанасць і напружанасць сучаснага свету прывялі да тэндэнцыі хаваць усё ў сабе, што нагадвае спробу ўтрымаць ворак з малпамі, якія так ці інакш усё адно вырвуцца вонкі. Я асабіста бачыў, якое спусташэнне могуць учыніць у чалавеку эмоцыі, з якімі ён не разабраўся.

Варта адзначыць пазітыўны аспект сучаснага грамадства: сёння існуе мноства спосабаў дапамогі — ад тэрапеўтычнай да кансультацыйнай усіх відаў. Не ўсё мае аднолькавую каштоўнасць: пэўная асцярожнасць не будзе лішняй, але магчымасць у бяспечнай прасторы падзяліць свой цяжар з тым, каму давяраеш, прыносіць вялізную палёгку. Часта перашкодай з’яўляецца ганарлівасць, незалежнасць і страх выглядаць слабым, патрабуючым дапамогі.

Мудрасць святога Ігнацыя выявілася ў адным вельмі карысным правіле: трэба мэтанакіравана дзейнічаць супраць тых негатыўных імпульсаў, якія не даюць нам прыняць адпаведную дапамогу. Ва ўменні свядома і рашуча шукаць дапамогі і падтрымкі для саміх сябе месціцца вялікая мудрасць, яна робіць нашае жыццё нашмат лягчэйшым.

Бог знаходзіцца ў рэальным, па-сапраўднаму чалавечым дзеянні.

Фота: Getty Images

11. Шукаеш жаданае, вандруючы па свеце, а знаходзіш, вярнуўшыся дадому, дзе яно чакае цябе

Я памятаю, як у падлеткавым узросце моцна хацеў адасобіцца ад свайго ірландскага вясковага выхавання, лічачы яго прасцецкім і нявартым. Уявіце сабе маё здзіўленне, калі я, павандраваўшы літаральна па ўсім свеце, вярнуўся дадому і ацаніў тыя самыя рэчы, якімі грэбаваў раней.

Мае ўспаміны аб летнім жніве і прыгажосці прыроды сталі асновай для тысячы і адной гаміліі, а таксама непераўзыдзеных драматычных гісторый аб жыцці фермераў, аб сямейнай салідарнасці і цесным супрацоўніцтве дзеля агульнай справы. Я пачаў усведамляць, што іншыя не мелі падобнага досведу і той безлічы навыкаў і здагадак. Дзіўна, як штосьці настолькі прыземленае можа пераўтварыцца ў штосьці ўзвышанае; кожны мае штосьці, што можа прапанаваць іншым.

Вярніся да сябе і да той прыгажосці, якая ёсць у табе.

Фота: Уладыслаў Мігдалёнак

12. Існуюць не бязмежныя магчымасці, а магчымасці ў акрэсленых межах

Я чуў безліч спартовых і матывацыйных слоганаў, якія трансліруюць філасофскі погляд, што межаў няма. Тым не менш, жыццё паказвае, што яны ёсць. Напрыклад, як доўга вы можаце не спаць, хадзіць, абыходзіцца без ежы, цяжка працаваць і гэтак далей?

Менавіта абмежаванні сталі для мяне штуршком, каб даследваць магчымасці свайго цела, высветліць, як дзейнічаць у большай гармоніі з ім і ўбудаванымі папераджальнымі знакамі.

Я даведаўся, што чалавек можа здзейсніць неймаверныя рэчы, калі задавольвае такія базавыя патрэбы, як сон, харчаванне, адпачынак і падтрымка. На самай справе, пачуццё раўнавагі і перспектывы стала надзвычай карысным і дапамагло мне дасягнуць некаторых важных мэтаў падчас пілігрымкі (Каміно — Шлях святога Якуба), а таксама ў галіне супрацоўніцтва, рэалізацыі праектаў і сяброўстве.

Маё гарачае захапленне — Шлях святога Якуба — гэта «доўгая гульня», гэта вучнёўства; Каміно — сапраўдная школа пакоры і пашаны да межаў. Самахвальства людзей, пераважна маладых, што яны пройдуць удвая больш і паб’юць «рэкорд», ніколі не перастане мяне забаўляць, бо аднойчы я сам паспрабаваў так зрабіць, але ў выніку дасведчыў, якой бязглуздай з’яўляецца пыха!

Знайдзіце пачуццё раўнавагі і гармоніі ва ўсім.

Фота: CNS/ CaminoDocumentary.org

13. Самы цёмны час — перад світаннем

Натуральна, нам хочацца, каб усё атрымлівалася лёгка, хочацца пазбегнуць болю, наколькі гэта толькі магчыма. Парадаксальным чынам, найбольш цяжкія і балючыя падзеі майго жыцця сталіся і самымі каштоўнымі: адмаўленне ад працы ў ІТ-сферы з патыднёвай аплатай дзеля ўступлення ў ордэн езуітаў; адаптацыя да хаатычнага, але цудоўнага жыцця ў Паўднёвай Амерыцы; ацаленне падчас Каміно, якім я ішоў у памяць аб маім памерлым браце.

У кожным выпадку справы пагаршаліся перад тым, як палепшыцца.

Мне вельмі дапамог адзін артыкул, які я прачытаў у Калумбіі, на тэму працэсу ўваходжання ў іншую культуру. Мы наіўна мяркуем, што прагрэс уяўляе сабой лінейны рост, але насамрэч гэта крывая ў форме парабалы. Ёсць пачатковы перыяд, «мядовы месяц», калі ўсё здаецца цудоўным, потым адрозненні пачынаюць раздражняць, і нарэшце вы хочаце здацца і паехаць дадому, таму што ўсё занадта складана (самы ніз крывой), але калі не замнуцца ў сабе, а паспрабаваць інтэгравацца, — узнагарода будзе велізарнай з пункту гледжання новых навыкаў, выжывання і развіцця.

Па ўсёй верагоднасці, гэтую схему можна прыкласці амаль да любой перамены: усё робіцца горш перад тым, як стаць лепш (такі духоўны працэс некаторыя называюць «цёмнай ноччу» або «Крыжовым Шляхам»). Разуменне гэтага працэсу вельмі дапамагае, таму што чалавек тады ведае, чаго чакаць, настройваецца адпаведным чынам і, што асабліва важна, ведае, як даць рады ў сапраўды цяжкі час, праз які давядзецца прайсці, каб убачыць святло ў канцы тунэля.

Вы павінны прайсці праз досвед Крыжа ці Мукі, каб ацаніць каштоўнасць святла.

Фота: vaticannews.va

14. Верце ў большае

Безумоўна, многае залежыць ад таго, як вы ўспрымаеце сябе, свет і тое, што можна назваць «Божым планам». Што і казаць, у рэлігій ёсць свае недахопы, прыклады арганізацыйных правалаў ніколі не былі настолькі абуральнымі і катастрафічнымі, як ва ўлонні рэлігіі.

Я ж маю на ўвазе асабісты досвед, тое, што надае сэнс, дапамагае растлумачыць і жахлівыя трагедыі, і радасці жыцця, напаўняе значэннем нашыя ўчынкі. У адваротным выпадку ні ў чым няма сэнсу, як сцвярджаюць экзістэнцыялісты. Аднак жа я зразумеў, што існуе пласт сэнсу, які дасягаецца праз малітву і разважанне аб перажытым; ён паказвае ясны шлях, пераадольвае прэтэнзіі эга, дазваляе шчыра дапамагаць людзям і свету.

Ёсць істотная сувязь паміж нашым унутраным жыццём, Божай любоўю і служэннем у якасці Яго прыладаў у свеце. Спажывальніцтва і матэрыялізм у канчатковым рахунку вядуць да пусткі і не задавольваюць унутраны голад, таму што распрадаюць чалавечнасць і патураюць жорсткаму эгаізму. Ёсць іншы лад жыцця.

Даверцеся вышэйшай сіле; адкіньце сябе, станьце свабоднымі ад эга.

Фота: Elan Lyskov

15. Дазвольце жыццю вучыць сябе

Верагодна, гэта найбольш вычарпальнае выказванне, якое ахоплівае ўсе вышэйзгаданыя элементы. Ёсць энергія, або сіла (некаторыя называюць яе Боскай ці проста Богам), якая з’яўляецца галоўнай для жыцця і росквіту чалавека.

Хоць існуе шмат ідэй, нават ідэалогій аб тым, як трэба жыць і што з’яўляецца важным, яны не пазбаўляюць ад складанасцяў і выклікаў рэальнага жыцця.

Тое, як мы разыгрываем канкрэтныя карты: асабістыя абмежаванні, гены, характар, сям’ю, умовы і г.д., — вось што насамрэч вызначае нас. Часта гэта выяўляецца ў тым, якую вы абралі паставу: горычы або ўдзячнасці за тое, дзе вы апынуліся, а таксама ў тым, як вы ўзаемадзейнічаеце з наяўнымі варыянтамі. Я не адмаўляю вялізнага ўплыву сацыяльнай і культурнай няроўнасці, але, тым не менш, існуе паняцце фундаментальнага выбару — як мы падыходзім да праблемаў і магчымасцяў. Адказы часта знаходзяцца ў заблытанай і вельмі складанай рэальнасці, у якой мы існуем.

Папа Францішак кажа, што «Бог ёсць у рэальнасці», што Ён занураны і ўключаны ў штодзённасць жыцця. Нягледзячы на тое, што ўцёкі ў фантазію — цалкам магчымы варыянт, на самай справе там няма адказаў.

Калі толькі неверагодная заможнасць не вызваліла вас ад звычайных абмежаванняў (ізалявала ад рэальнасці), вам, як і большасці людзей, даводзіцца мець справу з перавагамі і недахопамі, адмоўнымі і станоўчымі элементамі, якія прапануюць цяжкія задачы і магчымасці. Жыццё мае свой спосаб выпрабаваць нас, даючы нам дылемы і крызісы, якія прымушаюць пільна даследваць і старацца распазнаць шлях цераз перашкоды. Хоць стаўкі вельмі высокія, а наступствы рэальныя і непазбежныя, звычайна выйсце ёсць, і надзея — нашае праводнае святло.

Бог заўсёды з намі.

Брэндан МакМанус SJ

Крыніца: 15 aphorisms I wish I knew at 15 (Ignatian rules of thumb)

Упершыню апублікавана на партале Catholic.by