Гамілія на V Нядзелю Вялікага посту, Год А
Чытанне святога Евангелля паводле Яна
Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты. Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы. Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы».
Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе». Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю». Вучні ж сказалі Яму: «Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?» Езус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету. А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла». Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго». Вучні Яго сказалі: «Пане, калі заснуў, то выздаравее». Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон. Тады Езус проста сказаў ім: «Лазар памёр. І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго». Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці разам з Ім!»
Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў. Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень». Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?» Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».
Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: «Настаўнік тут, Ён кліча цябе». Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго. Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта. Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць. Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!» Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?» Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі». Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!» А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!» І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць». Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.
Ян 11, 1-45
Аповед евангеліста Яна пра ўваскрашэнне Лазара за два тыдні перад Вялікаднем больш непасрэдна, чым дагэтуль літургічныя чытанні, рыхтуе нас да святкавання галоўнага свята нашай хрысціянскай веры — Пасхі Смерці і Уваскрасення Пана Езуса Хрыста.
З іншай перспектывы, які ж актуальны гэты аповед, калі ўспомнім пра эпідэмію, якая ахапіла амаль увесь свет і якая забірае тысячы чалавечых жыццяў. Многія вяртаюцца да нармальнага існавання (некаторыя з іх, з дапамогай сучаснай медыцыны, амаль як Лазар, які вярнуўся «з таго боку»)…
У каментарах да таго, што адбываецца навокал, часта можна пачуць меркаванне, што пасля гэтай эпідэміі наш свет не будзе такім самым, як раней. Гэта напэўна «знак часу», на які Касцёл — усе мы як яго вернікі — павінны знайсці адказ у духу веры, і Евангелле Хрыстова для нас у гэтым першая дапамога і крыніца.
Так, Евангелле ў эпізодзе з Лазарам нагадвае нам пра рэчаіснасць смерці, якой не пазбегне ніводзін чалавек. Евангеліст Ян прадстаўляе ва ўсёй трагічнасці супольнасць людзей перад абліччам смерці, робячы гэта як сапраўдны майстар і мастак, дазваляючы ўважліваму чытачу адчуць смерць усімі пачуццямі: глядзець унутраным зрокам на дэталі драматычнай сцэны; услухацца ў гора і адчай у галасах сясцёр Марты і Марыі; амаль адчуць горыч іхніх слёз; уявіць смурод мёртвага цела; адчуць велізарны цяжар каменю, які закрывае магілу…
Прынамсі для кагосьці з нас гэтыя элементы евангельскай сцэны нагадваюць цяжкія моманты смерці нашых блізкіх ці сяброў… Хіба найбольш вымоўнай чалавечай рэакцыяй перад абліччам смерці з’яўляецца плач — выраз бездапаможнасці, бязраднасці.
Нават сам Езус плача: Яго слёзы па сябры лучаць нашага Пана з усімі людзьмі, якія перажываюць горыч расстання са сваімі блізкімі. Яны паказваюць салідарнасць Божага Сына з лёсам чалавецтва — нашай гісторыяй, да якой дакранулася смерць.
Але слёзы Езуса — не выраз бязраднасці: гэта слёзы міласэрнасці, якія паказваюць Яго жаданне і гатоўнасць перамяніць чалавечы лёс. Тое, што Езус робіць для Лазара, — знак таго, што Ён зробіць, каб збавіць ад смерці ўсё чалавецтва, кожнага з нас. Езус не баіцца «адчуць пах» смерці — Ён настойвае на тым, каб адкрыць магілу, нягледзячы на пратэст Марты, бо сваім голасам, тым голасам, які ўсё паклікаў да існавання, Ён адзіны мае ўладу вярнуць свайго сябра да жыцця.
Тое, што евангеліст Ян апісвае як дзеянні Хрыста «фізічна» тады для Лазара, мае для нас значэнне ў больш шырокім, больш глабальным і глыбокім сэнсе. Бо смерць у яе фізічным вымярэнні, паводле Пісання, — не галоўная праблема чалавека. Што больш важна і трагічна — духоўная смерць; такое існаванне, пры якім чалавек не жыве Божым жыццём, а гніе ўнутры, нібыта мярцвяк.
Гэтыя словы — не песімістычны дыягназ ці пагроза, каб прымусіць нас жыць у страху. Эпідэмія каранавірусу можа нам паслужыць урокам: існуюць і духоўныя «вірусы», якімі можам заразіцца, калі не ўмеем забяспечыцца, абараніцца, калі ў нас слабы імунітэт і хварэем рознымі хранічнымі духоўнымі хваробамі, не прытрымліваемся добрых парад духоўных лекараў…
Таму тое, што Евангелле расказвае пра становішча Лазара і пра яго вяртанне да жыцця, якое выконвае Езус, — гэта не пра будучае ўваскрашэнне цела напрыканцы часоў, пра якое ўзгадвае Марта і ў якое мы таксама верым і якога чакаем. Гэтае Евангелле — пра духоўны стан чалавецтва і кожнага з нас, якім патрэбна збаўленне. Бог дае нам магчымасць разам з Мартай вызнаць Езуса Месіяй, Збаўцам, нашым уваскрасеннем і жыццём: вызнаць не проста аўтаматычна, паўтараючы нейкую формулу, але вельмі асабіста, так, як сам Езус звяртаецца асабіста да мяне і цябе. Не выпадкова Ян кажа пра Лазара як пра сябра Езуса.
Зноў жа, не только Лазар, але кожны вучань Езуса — Яго сябар. Ці прывычная для нас такая думка, такое стаўленне да Езуса як да сябра? Наша хрысціянская вера не можа быць чымсьці іншым, як не асабістымі адносінамі з Панам Езусам, нашым Братам і Сябрам і адначасова нашым Збаўцам. Касцёл праз літургію гэтай нядзелі дае нам магчымасць сустрэць Езуса ў Евангеллі менавіта як таго, хто ўваскрашае свайго сябра, вяртае яго да святла жыцця.
Хачу цяпер падзяліцца з вамі тым спосабам, які святы Ігнацый Лаёла пакінуў у «Духоўных практыкаваннях», каб перажыць малітоўную сустрэчу з Езусам праз словы Евангелля. Ігнацый, у духу шматвяковай веры Касцёла, зыходзіць з таго, што Евангелле — гэта жывое слова збаўлення, у якім ёсць месца для кожнага, хто верыць.
Мы можам «увайсці» ў яго, «апынуцца ўнутры»: Ігнацый прапануе рабіць гэта праз нашае ўяўленне, затрымліваючыся на евангельскім аповедзе пры дапамозе нашых «унутраных пачуццяў» — зроку, слыху, нават дотыку, нюху, смаку, — і такім чынам дазволіць, каб Добрая Навіна закранула ўсю маю істоту. Кожны з элементаў евангельскай сцэны мае глыбокае сімвалічнае значэнне, гэта значыць мае ўладу Божай ласкай перамяняць нашае жыццё. Хачу цяпер разам з вамі затрымацца над некаторымі дэталямі нашага ўрыўку, дазваляючы, каб яны знайшлі водгук у нашай рэчаіснасці.
У нашай малітве звяртаем увагу на галасы, словы, гукі, інтанацыі. Чуем папрокі спачатку Марты, а потым Марыі да Езуса: «Калі б Ты быў тут, не памёр бы наш брат», або, іншымі словамі, «дзе Ты быў, калі мы больш за ўсё ў Табе мелі патрэбу?» Так можна перафразаваць гэтае пытанне, і, напэўна, большую частку нашых папрокаў у адрас Бога: «Чаму Ты бяздзейнічаеш, як Ты дапускаеш такое?»
Часта мы заглушаем у сабе такія пытанні, таму што нас навучылі, што непрыстойна так звяртацца да Бога, бо «на ўсё воля Божая», хоць гэтую волю мы не разумеем і яна нам здаецца жорсткай. Але Езус выслухоўвае папрокі сясцёр, і Ён гатовы выслухаць і нашыя папрокі: лепш іх выказаць, чым трымаць заціснутымі ў сабе, інакш аднойчы мы можам выбухнуць.
Але нам таксама трэба вучыцца ўслухоўвацца ў адказ Езуса. Давайце бліжэй прыслухаемся да дыялогу Марты з Езусам: «Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой». Гэта папрок, звернуты ў мінулае, якое ўжо немагчыма змяніць. Пасля таго, як Езус запэўнівае Марту: «Уваскрэсне брат твой», Марта перамяшчаецца ў далёкую будучыню: «Веру, што ўваскрэсне пры канцы часоў». А Езус просіць яе верыць і спадзявацца на Яго тут і цяпер.
Мы таксама часта жывем або ў шкадаванні аб мінулым, або ў летуценнях пра будучыню, у той час як галоўнае — гэта быць у гэтым моманце і верыць у Хрыста, які дзейнічае тут і цяпер.
У нашым малітоўным сузіранні мы можам не проста ўбачыць, але і паспрабаваць адчуць цяжар круглага каменю, які аддзяляе свет жывых ад свету, у які перайшоў Лазар. Гэты камень вобразна кажа пра цяжар нашых праблем і жыццёвых цяжкасцяў; нам часта сапраўды цяжка зрушыць іх з месца… але ў канчатковым рахунку гэты камень, які закрывае магілу памерлага Лазара, паказвае на няўмольнасць смерці таксама ў нашай рэчаіснасці: смерці нашых блізкіх (якія часам адыходзяць ад нас нечакана занадта рана) і ў рэшце рэшт нашай уласнай смерці. Смерць азначае канец нейкага матэрыяльнага працэсу, нашых прывязанасцяў да канкрэтных фізічных рэаліяў; але, як гэта ясна відаць у нашым евангельскім эпізодзе, са шмат большым болем мы перажываем смерць як меч, які адсякае нашыя эмацыйныя сувязі.
Ёсць яшчэ адна дэталь, звязаная з гэтай рэальнасцю смерці, і яна таксама можа стаць прадметам нашай малітвы: пах, ці дакладней смурод ад плоці, якая раскладаецца, — ад яго хоча асцерагчы Езуса (і ўсіх прысутных) Марта.
З-за таго, што мёртвае цела выдзяляе пах смерці, яго мажуць духмянымі рэчывамі і ў рэшце рэшт ізалююць, хаваюць далей ад свету жывых.
Але Езуса не спыняе гэты смурод смерці; Яго не спыняе ўсё тое, што нам непрыемна ў нас саміх і што мы хаваем, не хочам чапаць ці выстаўляць напаказ; адмаўляем, што яно ёсць у нас. Аднак сіла і слава Божая праяўляюцца менавіта ў тым, што са смяротнага смуроду Бог праз Езуса, свайго Сына, утварае прыгожы пах жыцця.
І далей мы чуем нешта большае: не проста голас Езуса, які пераконвае або тлумачыць, а голас, які кліча памерлага Лазара па імені: голас, які мацнейшы за смерць, бо ўсё кліча да жыцця. І гэты голас звернуты таксама да нас, і асабліва тады, калі зло і смерць зацягваюць нас, трыумфуюць над намі; калі здаецца, што ўсё страчана і не мае сэнсу. Голас Езуса, які кліча таксама тваё імя, абуджае цябе да жыцця — не проста больш здаровага, паспяховага, эфектыўнага, але такога, якое мае цалкам новае — пасхальнае — вымярэнне. Жыццё вучняў Езуса, Яго сяброў, не можа быць іншым, як не пасхальным: гэта значыць, так, як наш Настаўнік, мы пакліканыя аддаць сваё жыццё, каб зноў яго атрымаць.
Яшчэ раз звярнуся да звестак, якія ў гэтыя дні мы чуем пра барацьбу з каранавірусам: некалькі дзён таму італьянскі святар адмовіўся ад вентыляцыі лёгкіх, якая падтрымлівала яго фізічнае жыццё, на карысць іншай, маладзейшай асобы. Аддаў сваё жыццё, каб наследаваць свайго Настаўніка. Гэта толькі адзін з, напэўна, тысяч прыкладаў гераічнасці — жыццяў, адданых дзеля бліжняга, не абавязкова ў смерці, але таксама ў самаадданым служэнні. І нам не абавязкова аддаваць сваё жыццё ажно да смерці — дастаткова ахвяраваць яго ў служэнні бліжнім.
Евангельскі аповед пра ўваскрашэнне Лазара рыхтуе нас да святкавання Таямніцы, да якой нас падводзіць увесь літургічны перыяд Вялікага посту, — да Таямніцы Уваскрасення Хрыста, у якім і мы ўваскрэснем для новага жыцця. Але ўжо ў гэтым жыцці нам дадзена магчымасць жыць пасхальнай таямніцай: сузіраць дзеянне Бога, якое змяняе смерць у жыццё. Нашая хвароба, слабасць, нашыя няўдачы, праблемы і цяжкасці, і нават смерць — гэта не параза, не трыумф зла, а шанц для таго, каб выявілася слава Божая — так, як гэта адбылося для Лазара, Марты і Марыі.
Адкрыем жа нашыя душы, каб мы маглі пачуць і адказаць на голас нашага Збаўцы, які кліча нас да жыцця.
Віктар Жук SJ
Упершыню апублікавана: catholic.by