Айцец Віктар Жук SJ, пробашч парафіі Святога Уладзіслава ў Віцебску, вярнуўся з трэцяй прабацыі айцоў-езуітаў у Філіпінах. Пра Касцёл у Філіпінах і дзейнасць езуіцкага ордэна пойдзе гаворка ў гэтым інтэрв’ю.
— Айцец Віктар, езуіцкая фармацыя даволі доўгая і напружаная. Як так атрымалася, што месцам Вашай трэцяй прабацыі сталі Філіпіны?
— Сапраўды, была магчымасць перажыць яе дзе-небудзь у Еўропе ці Амерыцы, але мне хацелася апынуцца ў больш місійнай рэальнасці, але з традыцыяй еўрапейскай культуры. Філіпіны якраз аказаліся такім месцам. Хрысціянства там з’явілася ў XVI стагоддзі праз служэнне іспанскіх місіянераў. Сёння гэта пераважна каталіцкая краіна. Вернікі актыўна практыкуюць сваю веру. Сталіца Філіпін горад Маніла нават падзелены на некалькі дыяцэзій.
— Як выглядала Ваша прабацыя? Чым Вы займаліся?
— Я правёў у Філіпінах шэсць месяцаў. Са мной было яшчэ дзевяць братоў-езуітаў і два айцы-інструктары. Прыкладна палова часу давялося правесці па-за супольнасцю. Адзін месяц – гэта былі духоўныя практыкаванні, яшчэ месяц – пастырскі вопыт у гарах сярод філіпінскіх туземцаў. Прабацыя неабходная, каб падсумаваць свой манаскі і святарскі досвед і пабачыць, у якім кірунку ісці далей.
— Чым адметны Касцёл у Філіпінах?
— Кідаецца ў вочы, што вернікі прыходзяць на набажэнствы сем’ямі, а таксама што ўсе парафіяне, незалежна ад свайго ўзроўню даходаў, прымаюць актыўны ўдзел у фінансаванні парафіі. Яны ў гэтым сэнсе надта адказныя. Вельмі вялікая павага існуе да святароў. Ёсць пабожны звычай, калі пасля св. Імшы дзеці падыходзяць да ксяндза, бяруць яго руку і дакранаюцца ёй да свайго ілба. Гэта такая форма бласлаўлення. Хоць са споведдзю часам бываюць праблемы, бо колькасць людзей агромністая і святары не паспяваюць быць даступнымі для кожнага.
— А як з апладысментамі ў касцёле?
— Насамрэч яны вельмі папулярныя, гэта элемент лакальнай культуры. Кожная св. Імша заканчваецца менавіта імі. Гэта такая форма ўрачыстай радасці ад сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі. Філіпінцы вельмі непасрэдныя, з іх твару амаль не сыходзіць усмешка. Асаблівасцю мясцовай традыцыі ёсць таксама літургічныя танцы, працэсіі ў танцах. Мяне моцна ўразіла іх традыцыя прыносіць на ахвяраванне дароў менавіта тое, што яны самі сабралі ў сябе на полі. У еўрапейскай традыцыі людзі прыносяць у якасці ахвяраванняў толькі грошы. На Філіпінах – гэта таксама плён сельскагаспадарчай працы, які пасля св. Імшы святар раздае тым, хто мае найбольшую патрэбу.
— Якая на Філіпінах сітуацыя з пакліканнямі да святарства і манаскага жыцця?
— Філіпіны – гэта краіна выспаў. У ёй налічваецца больш за 7000 выспаў, хоць сумарна тэрыторыя не нашмат большая за Беларусь. Дарэчы, там сто мільёнаў насельніцтва. Зразумела, для такой колькасці вернікаў і з улікам асаблівасцяў тэрыторыі неабходна шмат святароў. І гэтыя пакліканні ёсць. Яны пераважна ў дыяцэзіяльных семінарыях. Каб чытачы “Каталіцкага Весніка” маглі сабе ўявіць памеры Касцёла ў Філіпінах, прывяду адзін прыклад. У Маніле на працэсію Black Nazarene (Чорны Назаранін – маецца на ўвазе працэсія з фігурай Езуса Хрыста цемнаватага колеру, Які нясе крыж) збіраецца мільён вернікаў. Нават цяжка сабе ўявіць такі натоўп. На шчасце, яшчэ ні разу ніхто не загінуў у такой масе людзей, хоць траўмаванні, напэўна, бывалі.
— Што Вы можаце сказаць пра грамадства ў цэлым? Які ўзровень даходаў людзей?
— Філіпінскае грамадства, на жаль, надта рознае ў фінансавым плане. Існуе вялікая адлегласць паміж найбяднейшым класам і сярэднім. І многае тут залежыць ад адукацыі, якая ў Філіпінах амаль заўсёды платная. Бедныя бацькі не могуць даць сваім дзецям адукацыю, а гэта значыць, што і з добрай працай у іх будуць праблемы. Адсюль і вялікая працоўная міграцыя ў іншыя краіны. Каля 10 працэнтаў філіпінцаў працуюць за мяжой. Гэта, у сваю чаргу, стварае прэцэдэнты іх несправядлівага выкарыстання і эксплуатацыі.
— Што было самым цяжкім падчас гэтай прабацыі для Вас?
— Часам было даволі горача, можна сказаць, што гэта было сапраўднае выпрабаванне. Мясцовая ежа мае свае асаблівасці, да яе таксама трэба было прызвычаіцца. Хоць колькасць садавіны проста вялізная! Такіх фруктаў, якія я еў на Філіпінах, у Беларусі зусім няма. Мне нават цяжка распавесці пра іх смак, бо не магу ні з чым параўнаць. Давялося паесці слімакоў. Для мяне такая ежа – гэта экзотыка. На адной выспе была праблемная камунікацыя з мясцовымі жыхарамі, бо яны амаль не ведалі англійскай мовы. А калі мы не разумеем адно аднаго – гэта вельмі цяжка ў плане душпастырства.
— А чым у асноўным займаюцца езуіты на Філіпінах?
— У нас там даволі вялікі абсяг дзейнасці. Вядома, гэта адукацыя. Езуіты ўтрымліваюць і развіваюць універсітэты. Адзін мой сабрат працуе сярод туземцаў і яго ідэя – аднавіць лес на выспе. Справа ў тым, што ў 70-х гадах ХХ ст. лес быў высечаны на патрэбы прамысловасці, і гэта моцна паўплывала як на экалогію, так і на мясцовыя плямёны, каторыя там жывуць. Каб захаваць іх самабытнасць і паспрыяць развіццю рэгіёна, цяпер мы аднаўляем гэты лес.
— Ну, а ў Беларусі ў Вас заданне аднаўляць лес людскіх сэрцаў. Жадаю Вам у гэтым поспехаў і Божага бласлаўлення!
— Дзякуй вялікі!