Фізічныя хваробы, як у хранічнай, так і ў вострай форме, часам знясільваюць і прыгнятаюць нас так моцна, што мы пакідаем усе свае звычайныя заняткі, у тым ліку малітву. Боль, дыскамфорт і стомленасць не толькі знішчаюць фізічныя сілы арганізма, але становяцца выпрабаваннем нашых унутраных рэсурсаў: эмацыйнай раўнавагі, здольнасці разважаць і духоўнай уважлівасці.
Між тым, у складаны перыяд жыцця патрэба ў малітве толькі ўзрастае. Трэба прызнаць, што ў стане хваробы і нямогласці мы лягчэй робім памылкі, з-за эмацыйнай напружанасці вяртаемся да няспелых паводзінаў, прапускаем важныя падказкі сваёй інтуіцыі і правальваемся ў роспач. У такія часы нам трэба моцна трымацца за малітву, а не кідаць яе.
Асабіста мяне галаўны боль ад сінусіту робіць зуісм недзеяздольнай, і я ведаю, як мізэрна мала я схільная маліцца падчас пагаршэння здароўя. Таму малітва павінна быць простай, кароткай і канкрэтнай. Чаму б не дастасаваць прагляд дня да часу хваробы?
Крок 1. Убачыць сябе ў Божай прысутнасці, занураным у Божы любячы позірк. Я высветліла, што мне лепш стуліцца ў ложку, а замест таго, каб шкадаваць сябе, уявіць, што Бог глядзіць на мяне зверху ўніз, як бацька і маці глядзяць на сваё хворае дзіця. Я скручваюся абаранкам, плачу ці жалюся, калі адчуваю ў гэтым патрэбу, а таксама малюся прыкладна так: “Пане, я адчуваю сябе так дрэнна!” Выглядае суцэльным самашкадаваннем, але скіраванае да Бога, яно становіцца сцверджаннем веры ў Бога, які клапоціцца пра кожнага з нас.
Крок 2. Успомніць адну светлую добрую рэч за апошнія 24 гадзіны. Адчуваючы сябе жахліва, мы схільныя заўважаць у жыцці толькі благое. Менавіта гэтага вораг чалавечай натуры хоча ад нас дабіцца – сыходу ў поўны негатыў. Тым не менш, магло стацца і так, што сёння сонца заходзіла ў мой пакой, альбо быў момант палёгкі і нават, магчыма, не адзін, альбо хтосьці аказаў дробную паслугу, альбо… Памятанне дабра – зброя супраць роспачы. Падумайце, што добрага адбылося за мінулыя суткі, і скажыце: “Дзякую Табе, Пане. Я ведаю, што цуд, прыгажосць і дабро робяць сваю справу”.
Крок 3. Прасіць Бога паказаць, што можна палепшыць. Я кажу “палепшыць”, таму што няма карысці ў самаасуджэнні падчас пакутлівага жыццёвага досведу. Езус ясна даў зразумець, што хвароба не з’яўляецца Божай адплатай за нашыя грахі. Калі вы ўспомнілі гнеўную заўвагу, якую зрабілі членам сям’і, то можаце вызначыць яе як грэх, што будзе правільна. Аднак затым папрасіце Бога паказаць вам, што ў вашых сілах зрабіць, каб хоць нешта палепшыць. Магчыма, вы спрабуеце ахапіць больш працы, чым дазваляе стан здароўя, і гэта выклікае ў вас гнеў і расчараванне? Адмовіліся ад дапамогі сям’і, сяброў і калег? Ці не больш духоўнай карысці прынесла б вам малітва псальмамі, чым чытанне пасланняў св. Паўла? Ці ўдалося б вам лепш адпачыць, калі б вы паспрабавалі зачыніць электронную пошту і сацыяльныя медыя за дзве гадзіны перад сном? Акрамя таго, “паляпшэнне” можа быць такім жа простым, як паўтарэнне фразы: “Не ўсё залежыць ад мяне” на працягу ўсяго дня, калі адчуваеце спакусу прызначыць сябе адказным за сваё аздараўленне і адчуваеце віну за мізэрныя вынікі намаганняў.
Крок 4. Падумаць, што спатрэбіцца заўтра. Чарговая медыцынская працэдура альбо доўгі шлях да фізіятэрапеўта, неабходнасць афармлення дакументаў, звязаных з лячэннем. Паглядзіце сумленна на праблемы, інакш кажучы, на выклікі заўтрашняга дня, а потым прынясіце іх Богу ў малітве, просячы дапамогі ў канкрэтных рэчах.
Крок 5. Падзякаваць Богу за Яго любоў, якая ахінае і падтрымлівае, якім бы чынам яна ні выяўлалася. Часам гэты крок будзе чыстай дысцыплінай – у тыя моманты, калі вы не адчуваеце, што Бог любіць вас, а ў галаве круцяцца пытанні, ці не ігнаруе Ён вас, ці не забыўся пра вас. Нават у такія дні паспрабуйце сказаць: “Дзякуй. Я веру, што Ты мяне любіш; дапамажы майму нявер’ю”.
Вініта Хэмптан Райт
Крыніца: An Examen for Times of Illness