«Няведанне Пісання — гэта няведанне Хрыста», цытуе Папа Францішак вядомае выказванне святога Гераніма ў сваім апостальскім лісце Aperuit illis, у якім была абвешчана Нядзеля Божага Слова. Гэтае істотнае сцвярджэнне нагадвае, што для вернікаў жыццёва неабходна мець кантакт з Божым Словам, прымаючы якое мы знаходзім збаўленне. Сёлета першае ў гісторыі Касцёла святкаванне гэтай асаблівай літургічнай падзеі дае выдатную магчымасць паразважаць над тым, як мы можам паўней чэрпаць са «скарбніцы Слова» (Aperuit illis, 2), якім насычаецца нашае духоўнае жыццё.
Запрашэнне Папы Францішка датычыцца як цэлебрацыі Слова ў літургіі Касцёла, так і самастойнага чытання Бібліі вернікамі. Варта адзначыць, што ў абодвух аспектах для нас ёсць велізарная прастора для ўзрастання. Паўтараючы словы Другога Ватыканскага Сабора, Папа Францішак нагадвае аб непарыўнай сувязі паміж Святым Пісаннем і Эўхарыстыяй: «Касцёл заўсёды шанаваў Божае Пісанне, як і само Цела Пана, паколькі, асабліва ў святой Літургіі, ён няспынна бярэ са стала Божага слова і Цела Хрыстовага хлеб жыцця і ўдзяляе яго вернікам» (Dei Verbum, 21).
Папа Бэнэдыкт XVI у паслясінадальнай адгартацыі Verbum Domini (2010 г.) прыводзіць словы святога Гераніма: «Евангелле — гэта цела Хрыста <…> Калі маем дачыненне з [эўхарыстычнай] таямніцай, і падае крошка, адчуваем сябе загубленымі. Калі ж слухаем Божае слова, і яно пранікае ў нашыя вушы, а таксама цела Хрыста і Яго кроў, а мы думаем пра штосьці іншае, якая ж вялікая небяспека нам пагражае?» Далей Бэнэдыкт XVI піша: «Хрыстус, сапраўды прысутны ў постацях хлеба і віна, аналагічна прысутнічае ў Слове, якое абвяшчаецца ў Літургіі» (п. 56).
Адным са знешніх знакаў, які прапануецца здзейсніць у Нядзелю Божага Слова, з’яўляецца «інтранізацыя Бібліі».
Застаецца пажадаць, каб Святое Пісанне, як гэта ўжо прынята ў многіх нашых касцёлах, у кожнай святыні знаходзілася на асаблівым месцы з не меншаю пашанаю, чым табэрнакулюм, дзе захоўваецца Цела Хрыста.
Абвяшчэнне Божага Слова на нядзельнай Эўхарыстыі — асаблівы момант сустрэчы кожнага верніка са звернутым да нас збаўчым пасланнем. Несумненна, выключная адказнасць за дапамогу ў засваенні пачутага Слова ляжыць на прапаведніку, чыя задача — растлумачыць Пісанне і паказаць сувязь слова з сённяшняй рэчаіснасцю.
Аднак і ў саміх вернікаў ёсць шмат магчымасцяў узбагаціць уласны досвед сустрэчы з Хрыстом, які прыхозіць у сваім Слове ў прысвечаны Яму дзень тыдня. Перш за ўсё, маецца на ўвазе асабістая малітва, натхнёная нядзельнымі чытаннямі; інакш кажучы, прабыванне з Панам, які прамаўляе праз Святое Пісанне. Час для гэтай малітвы можна выбраць як перад Імшою, так і пасля яе.
Сёння існуе мноства рэсурсаў, якія дапамогуць лепш зразумець біблійны тэкст і паразважаць над ім. Гэта датычыцца і штодзённых літургічных чытанняў. Калі мы шукаем лучнасці са Словам на кожны дзень, самы просты спосаб — звярнуцца да літургічных чытанняў дня. Нават калі не заўсёды ёсць магчымасць прыняць удзел у святой Імшы, такі спосаб дазваляе далучыцца да ласкі, якую Бог спасылае свайму Касцёлу ў Літургіі.
Аднак перш, чым абмяркоўваць іншыя практычныя парады адносна індывідуальнага чытання Бібліі, варта яшчэ раз нагадаць, чаму Божае Слова — такая неабходная частка нашага жыцця ў Духу.
Біблія пачынаецца з таго, што Бог ўсё стварае сваім Словам: «І сказаў Бог… і сталася». Евангеліст Ян паўтарае за аўтарам Кнігі Быцця: «На пачатку было Слова… усё праз Яго сталася», — з той розніцай, што ён абвяшчае Слова, якое сталася Целам. «Тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, — <…> абвяшчаем вам <…>, каб радасць нашая была поўнай», — піша той жа аўтар (1 Ян 1, 1–4).
Гэтым Словам Жыцця, паводле якога мы створаныя, ёсць Божы Сын і адначасова ім ёсць тое «так», сказанае Богам жыццю кожнага з нас. Для хрысціяніна спасціжэнне Божага Слова пачынаецца праз знаёмства з Уцелаўлёным Словам, якім Ён паўстае перад намі ў Евангеллі і які з’яўляецца «сола», самым галоўным элементам ва ўсёй «сімфоніі» стварэння (пар. Verbum Domini, 13), ва ўсёй гісторыі Сусвету. У Яго святле — святле Сына, пасланага ў свет, — мы ўспрымаем усё астатняе як раздзелы адзінай гісторыі збаўлення. Вобразна кажучы, для хрысціян Езус — гэта «пераплёт», які трымае разам разрозненыя без Яго старонкі гісторыі, якая стала святой кнігай аб шляхах пошука чалавекам Бога і чалавека Богам. І ўсё ж кожнаму з нас важна тое, што гэтая святая гісторыя з’яўляецца правадніком для разумення нашага ўласнага існавання як часткі гісторыі збаўлення, каб у дыялогу з Богам праз Ягонае Слова жыццё набывала тую паўнату радасці, якой следам за Боскім Настаўнікам жадае для нас Ян у прыведзенай вышэй цытаце (пар. Ян 16, 22–24).
«Слова Божае жывое і дзейснае» (Гбр 4, 12), і гэта тое Слова, праз якое Бог звяртаецца да кожнага асабіста. Мы вучымся выразна слухаць голас Бога і адказваць Яму на працягу ўсяго жыцця. «Чалавек, які будуе на гэтым слове, будуе дом свайго жыцця на скале», — піша Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да вобраза з Евангелля паводле Мацвея (гл. Мц 7, 24), і дадае: «Божае слова фактычна схіляе нас змяніць нашую канцэпцыю рэалізму: «Рэалістам з’яўляецца той, хто ў Божым слове распазнае фундамент усяго». Гэта неабходна асабліва ў наш час, калі бачнай становіцца нетрываласць многіх рэчаў, на якіх мы будуем жыццё, на якія мы схільныя спадзявацца» (Verbum Domini, 10).
Такім чынам, «ведаць Пісанне» азначае не проста спасцігнуць розумам змест, але дазволіць, каб Божае Слова трапіла ў глыбіню нашай істоты, стала асновай нашага ўспрымання і ўсіх жыццёвых рашэнняў. Каб гэта адбылося, трэба навучыцца малітоўна, г.зн. у дыялогу з Панам, чытаць і засвойваць Стары і Новы Запавет.
Пытанне «як гэта зрабіць?» заслугоўвае асобнай увагі, але не варта адкладаць сустрэчу з Богам у Яго Слове з-за «няўмення маліцца»: самае важнае — гэта прыняць у духу веры тое, што Пан любіць мяне і звяртаецца асабіста, жадаючы штосьці сказаць, і са свайго боку быць гатовымі адказаць Яму па меры магчымасці.
«Дзень, прысвечаны Бібліі, не можа быць „раз у год“, але ў кожны дзень года, бо мы павінны абавязкова паглыбляць знаёмства са Святым Пісаннем і Уваскрослым», — кажа Пана Францішак. Магчыма, мы згаджаемся з тым, што несумненна гаворка ідзе пра штосьці карыснае, але… узнікаюць самыя розныя «але»: на гэта патрэбны час (а дзе яго ўзяць?); невядома, з чаго пачаць; усё гэта складана…
На падобныя адгаворкі можна адказаць, што ў канчатковым рахунку нашыя рашэнні, у тым ліку наконт размеркавання часу, залежаць ад нашых прыярытэтаў. Аднак няхай гэта не стане папрокам: пачаць можна (і варта) з малога, але ўсё ж без дробязнасці. Вышэй ужо згадваўся адзін просты спосаб: звярнуцца да літургічных чытанняў дня. У Сеціве цяпер можна знайсці грунтоўныя каментарыі, даведацца пра біблійны кантэкст і г.д. — варта толькі захацець.
Пытанню складанасці будзе прысвечаны асобны артыкул, у якім мы пагаворым аб тых «ключах», якія паспрыяюць больш адпаведнаму і лёгкаму ўспрыманню тэкстаў Бібліі, напісаных у розныя эпохі і ў розных літаратурных жанрах. Пакуль адзначым, што сам працэс вызначэння і фармулявання сваіх цяжкасцяў і перашкод, а потым удумлівы пошук адказаў — гэта частка шляху «ведання Пісання», прычым досыць захапляльная яго частка.
Акрамя ўсяго пералічанага, могуць узнікнуць супраціў і страх «наткнуцца» ў святых тэкстах на тое, што стане папрокам ці сапраўдным выклікам для нашага цяперашняга ладу жыцця. «Божае слова нястомна нагадвае нам пра міласэрную любоў Айца, які заклікае сваіх дзяцей жыць у любові,» — піша Папа Францішак (AI, 13), і менавіта з такой верай нам трэба адкрываць Біблію. Заклік жа да навяртання, які гучыць са старонак Пісання, — гэта заклік да праўдзівай свабоды і чалавечнасці: наш Айцец не пагодзіцца з тым, каб мы гібелі і марнелі замест таго, каб далучыцца да паўнаты Яго жыцця.
Адносна ўнутранага супраціву можна адзначыць, што ён нагадвае нам аб неабходнасці духоўнага змагання, калі гаворка ідзе аб нашым імкненні і спробах ісці ў духоўным жыцці наперад. «Сыне, калі збіраешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да выпрабавання» (пар. Сір 2, 1). Супрацьстаянне спакусе — выдатная магчымасць для духоўнага росту.
«Нябачны Бог у сваёй бязмернай любові звяртаецца да людзей як да сяброў і гаворыць з імі, каб запрасіць да супольнасці з Ім і прыняць у яе» (DV, 2). Бог выкарыстоўвае мноства шляхоў, каб быць у дыялогу з намі, спасылаючы разнастайныя знакі сваёй прысутнасці і любові. Святое Пісанне з’яўляецца Яго асаблівым спосабам расказаць нам пра гісторыю збаўлення і прывесці да веры, што кожны з нас — таксама частка гэтай гісторыі. Пастараемся ж не змарнаваць той новы шанц, якім Пан праз свой Касцёл хоча адарыць нас, запрашаючы да дыялогу з Ім.
а. Віктар Жук SJ
Пераклад і рэдакцыя: Тэрэса Клімовіч, Мікола Гракаў /catholic.by