Аскеза

Руплівы за кароткі час дасягне таго, чаго гультай не дасягне і за многія гады.

Бог ва ўсім

Калі чалавек пакіне самога сябе, каб цалкам увайсці ў Свайго Стварыцеля і Пана, то ў святым суцяшэнні і няспыннай засяроджанасці ён пазнае, як нашае вечнае дабро існуе ва ўсім стварэнні, пераказваючы ўсяму – цераз Сваё бясконцае быццё і дзеянне – жыццё і падтрымку.

Воля Божая

Непараўнальна лепш, калі Стварыцель і Пан сам явіць Сябе душы, якая Яму аддалася, занурыўшы яе ў Сваю любоў і хвалу, і паказваючы ёй шлях, ідучы па якому яна магла б найлепшым чынам служыць Яму.

Воля

Хто сапраўды прагне, таму нічога не цяжка, і тым больш, калі ён здзяйсняе гэта дзеля любові да Езуса Хрыста Пана нашага.

Давер

Нямногія людзі падазраюць, што Бог зрабіў бы з іх, калі б яны дарэшты аддаліся кіраўніцтву Яго ласкі.

Дзеянне

Ніколі не варта адкладаць добрай справы, апраўдваючыся яе нязначнасцю і мяркуючы, што ў зручны час можна будзе здзейсніць нешта большае.

Калі справы гэтага свету робяцца нядбайна, гэта не мае вялікага значэння, але неахайнасць у Божых справах недапушчальная.

Духоўнае кіраўніцтва

У духоўных справах няма большай памылкі, чым старацца кіраваць іншымі па ўласным шаблоне.

Здароўе

Калі ў вас будзе здаровае цела, зможаце зрабіць шмат.

Маёмасць

Вы павінны клапаціцца аб тым, каб нічога з таго, што вы маеце, не валодала вамі.

Езуіты

Таго, што задаволіла б іншых, недастаткова для вас. Таму, хто жадае дасягнуць толькі асабістага збаўлення, няма месца ў Таварыстве. Каму такі лад жыцця не падыходзіць, той не падыходзіць нам.

Езус

Езус, любоў мая, укрыжаваны.

Індывідуальнасць

Для кожнага чалавека лепшым з’яўляецца тое, у чым Пан Бог наш адкрываецца яму найбольш поўна і перадае яму Свае святыя дары ласкі. Таму што Ён бачыць і ведае, што для кожнага найлепш і будучы усёведным паказвае чалавеку яго шлях.

Любоў

Дзе любоў, там адбываюцца вялікія справы; дзе не адбываецца нічога вялікага, там няма любові.

Любоў належыць укладаць больш у справы, чым у словы.

Думайце перш за ўсё аб тым, што Пан ваш любіць вас, у чым я не маю сумневу, і адказвайце Яму ўзаемнай любоўю.

Веліч душы ў тым, як яна любіць.

Моладзь

Назіранне паказвае, што моладзь вельмі схільная да таго, каб успрымаць і захоўваць у памяці першыя ўражанні – няважна, добрыя ці благія.

Малітва

Варта мець на ўвазе, што чалавек дагаджае Богу не толькі малітвай; інакш усе малітвы, якія доўжацца менш за 24 гадзіны ў суткі, былі б занадта кароткімі. Чалавек павінен аддаваць сябе Богу настолькі, наколькі гэта магчыма! Насамрэч Богу часцей больш даспадобы іншыя справы, чым малітва, і Ён нават радуецца, калі чалавек ад яе адмаўляецца; яшчэ больш радуецца, калі чалавек толькі скарачае малітву. Несумненна, трэба маліцца пастаянна, але ў межах разумнага, як гэта рабілі святыя і Божыя мудрацы.

Хоць вучоба і не дазваляе вам удзяляць малітве шмат часу, яго нястачу можна пакрыць, выконваючы ўсе практыкаванні як несупынную малітву, здзяйсняючы ўсё для служэння Богу.

Не багатыя веды насычаюць і задавольваюць душу, а ўнутранае адчуванне і смакаванне рэчаў.

Недасканаласць

Толькі напрыканцы зямнога жыцця чалавек вызваліцца ад сваіх/недахопаў, калі аднойчы Бог наш Стварыцель і Пан дашчэнту спаліць ўсе нашы недасканаласці ў полымі Сваёй вечнай любові.

Ушанаванні

Прымаць ушанаванні – значыць быць уласным далакопам.

Перашкоды

Асабліва мяне прыгнятае тое, што на гэтым свеце вельмі мала людзей (можа зусім ніхто) поўнасцю ўсведамляюць, колькі яны са свайго боку робяць перашкод і замінаюць таму, што наш Пан хацеў бы зрабіць у іх душы.

Супрацьстаянне/барацьба

Цяжкасці – найлепшыя акалічнасці для нас.

Мова

Не кажыце нічога дарэмнага. Пад гэтым я разумею словы, якія не прыносяць нікому карысці і не маюць намеру прынесці яе.

Не кажыце нічога, што можа ачарніць ці навесці паклёп на іншых; таму што калі я адкрываю смяротны грэх, аб якім ніхто не ведае, я сам цяжка грашу; калі паўсядзённы, то грашу прабачальна; калі я кажу аб памылцы іншага, то сам раблю памылку.

Рэформа

Калі зменіцца нашае сэрца, то не варта здзіўляцца таму, што праз нас зменіцца і свет.

Свабода духа

Не звяртай увагі на меркаванні людзей, а захоўвай унутраную свабоду духа, каб кожны раз ты мог зрабіць і супрацьлеглае таму, што ты робіш.

Слабасць

Не звяртайце ўвагі на дрэнныя, нячыстыя ці цялесныя думкі, маладушнасць ці нерашучасць, калі яны прыходзяць да вас супраць волі. Таму што, каб гэтага не было зусім ці хаця б часткова, ніколі не ўдалося дасягнуць ні св. Пятру, ні св. Паўлу. Аднак, калі не ўсяго, то сапраўды многага дасягне чалавек, які не робіць з гэтага праблемы.

Імкнуцца да большага

Кожны раз задавольвайцеся толькі найлепшым.

Умеркаванасць/ умярцвенне

Таму, хто сапраўды адрокся ад сябе, дастаткова чвэрці гадзіны для таго, каб у малітве злучыцца з Богам.

Кожны павінен мець на ўвазе, што ў духоўных справах ён зможа дасягнуць поспеху настолькі, наколькі ён пакіне сваё самалюбства, сваволю і своекарыслівасць.

Даведацца больш:

Біяграфія святога Ігнацыя Лаёлы

Святы Ігнацый Лаёла – заснавальнік Таварыства Езуса: штрыхі да партрэта

На фота – статуя св. Ігнацыя ў езуіцкім цэнтры “Лаёла Хаус” у Антарыё, Канада. Скульптар William McElcheran