Пасля святарскага пасвячэння ў Рыме ў 1937 годзе для рускай місіі Вальтэра Цішэка накіравалі служыць у Альбертын (на той час гэта была Усходняя Польшча). У верасні 1939 года пачалася вайна. Карыстаючыся блытанінай, Цішэк паехаў з польскімі перасяленцамі ў Расію, спадзеючыся аказваць ім духоўную дапамогу. Але адразу пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз у чэрвені 1941 года Цішэк быў арыштаваны НКУС. Вярнуцца на Радзіму яму дазволілі толькі праз 20 год. Сабраты па ордэне і родныя лічылі яго мёртвым, адпраўлялі Імшы за супакой яго душы. Таму той момант, калі ён з самалёта ступіў на зямлю, можна назваць “вяртаннем з мёртвых”.
Вальтэр Цішэк нарадзіўся ў 1904 годзе. Ён рос упартым і свавольным задзірай – лідэрам вулічнай кампаніі, якая наўмысна пачынала бойкі і ганарылася гэтым. Ва ўзросце 14 год Вальтэр нечакана – верагодна пад уплывам маці і дзякуючы яе малітвам – вырашыў стаць святаром. Бацька яму не паверыў: ён лічыў, што святары – святыя Божыя людзі, а ягоны сын – хто заўгодна, але не адзін з іх. Маці падтрымлівала намер сына, і ў верасні Цішэк паступіў у семінарыю.
Натхнёны прыкладам св. Станіслава Косткі, прываблены цяжкасцямі, Вальтэр вырашыў стаць езуітам. Цішэк быў прыняты ў навіцыят у верасні 1928 года. Толькі раніцай у дзень ад’езду ён паказаў бацьку ліст правінцыяла аб сваім залічэнні, чым справакаваў вялікую сварку.
Недахопы характару Цішэка кідаліся ў вочы навіцыяў, і неўзабаве настаяцель а. Вэбэр вымушаны быў сказаць Вальтэру, што той павінен пакінуць Таварыства Езуса. Агаломшаны Цішэк адмовіўся. Пасля доўгай размовы з ім і абацанняў, што ён выправіцца, Цішэку дазволілі застацца ў Таварыстве. У пачатку 1929 года навіцыям зачыталі ліст Папы Пія XI, які клікаў езуітаў-добраахвотнікаў у рускую місію. Слухаючы пасланне Папы, Цішэк зразумеў, што доўгія пошукі скончыліся, і Пан адкрыў яму ягонае пакліканне. Вальтэр адразу ж прапанаваў сваю кандыдатуру і, склаўшы першыя абяцанні, у 1930 годзе атрымаў згоду на падрыхтоўку для рускай місіі, скончыў курс філасофіі і летам 1934 года выправіўся ў Рым, каб вывучаць тэалогію і ўсходні абрад. У 1938 годзе яго як святара ўсходняга абраду пасылаюць у Польшчу на працу ў парафіі ў Альбертыне: ехаць у Расію ў той час было занадта небяспечна.
Аднак хутка пачалася Другая сусветная вайна, Гітлер напаў на Польшчу, і натоўпы польскіх бежанцаў рынуліся ў Савецкі Саюз. Сярод іх быў і Цішэк, які ўбачыў у гэтых падзеях магчымасць споўніць Божую волю і служыць там, дзе ён заўсёды хацеў.
У 1940 годзе Цішэку і рускаму езуіту Віктару Новікаву (Нестрову) ўдалося атрымаць дазвол на працу на Урале. Яны выехалі ў сакавіку, праехаўшы доўгую дарогу ў таварным вагоне разам з польскімі перасяленцамі, якія ратаваліся ад нямецкай акупацыі.
Разважлівасць падказвала ад самага пачатку быць асцярожнымі і пазбягаць размоў на рэлігійныя тэмы. Задачай Цішэка і Нестрова было высветліць, наколькі ўвогуле магчыма ў Расіі душпастырская дзейнасць. Служыць святую Імшу ў бараку было нельга, і таму ў вольны час яны ішлі ў лес, дзе алтаром быў звычайны пень. Пакуль адзін святар адпраўляў Імшу, другі сачыў за дарогай. Калі не ўдавалася выйсці за тэрыторыю лагера, яны па чарзе чыталі тэкст Літургіі, пакуль не вывучылі яго напамяць. Абодва выдатна разумелі, што ў любы дзень у іх могуць знайсці і канфіскаваць неабходныя для святой Імшы рэчы, але вырашылі, што да апошняй магчымасці будуць берагчы хлеб і віно.
У 1941 годзе Цішэка і Новікава арыштавалі. Цішэку на шматлікіх допытах задавалі адны і тыя ж пытанні, білі гумовымі дубінкамі, спрабуючы зламаць супраціўленне, часам змяшчалі на нявызначаны тэрмін у маленькі цёмны і задушлівы пакой. Следчыя, ведаючы яго сапраўднае імя, нацыянальнасць і факт, што ён прыбыў у Расію па фальшывых дакументах, прад’явілі абвінавачванне ў шпіянажы. Праз два месяцы Цішэка адправілі ў Маскву, на Лубянку, дзе ён і прабыў амаль 5 гадоў. Пасля аднаго з допытаў святара прымусілі падпісаць прызнанне аб датычнасці да шпіянажу. Цішэка прыгаварылі да 15 гадоў выпраўленчых работ.
Час на Лубянцы пасля падпісання прызнання ён разглядае як уласны чысцец: гады допытаў і выпрабаванняў, пасланых Богам, скончыліся ачышчэннем яго душы. Ён адкрыў, што раней быў схільны спадзявацца больш на самога сябе, чым на Бога. Аднак адданне сябе дарэшты Божай волі павінна ўвайсці ў звычку, што магчыма толькі ў выніку доўгай практыкі. У гэтым сэнсе турма стала добрай школай. Цішэк называе той перыяд “досведам ачышчэння”, які змяніў яго жыццё. На ўсе сітуацыі, у якіх ён потым апынецца, ён будзе глядзець, як на Божую волю. Перш ён верыў Пану, успрымаў Яго любоў і дабрыню, але да пэўнай ступені. “Толькі дайшоўшы да поўнага краху сваіх уласных сіл, – піша Цішэк, – я нарэшце здаўся”.
Доўгае падарожжа цягніком і рачным буксірам скончылася ў Дудзінцы. Такім чынам а. Вальтэр трапіў у Нарыльскі папраўча-працоўны лагер. Там ён сустрэў польскага святара а. Каспера. З яго дапамогай пасля пяцігадовага перапынку Цішэк час ад часу мог адпраўляць святую Імшу і весці душпастырскую працу: спавядаць і ўдзяляць Камунію. Да красавіка 1955 года, не даседзіўшы 3 месяцы, амаль цалкам адбыўшы свой пятнаццацігадовы тэрмін, Цішэк выходзіць на свабоду.
Ён змог узнавіць сваё святарскае служэнне, аднак, толькі на кароткі час. У пачатку 1957 года Цішэку катэгарычна загадалі спыніць незаконную дзейнасць. Вялікі пост 1958 года стаўся найбольш напружаным перыядам у яго святарстве. У Вялікую сераду яму загадалі пакінуць Нарыльк і выехаць у Краснаярск. Цішэк ад’язджаў з вялікім смуткам, бо за столькі год (з 1946-га) прывязаўся да людзей, сваіх парафіян. Цяпер яго прымусілі пакінуць іх.
У Краснаярску з яго пашпартам і дакладным статусам спачатку трывала нявызначанасць, таму некаторы час яго не турбавалі. Ён прыняў парафію і прысвяціў сябе яе аднаўленню. Аднак неўзабаве, разабраўшыся, яго выслалі ў Абакан, у Хакасію.
У 1963 годзе КДБ запатрабавала ад а. Вальтера Цішэка звольніцца з працы ў Абакане і прыехаць у Маскву. Яму далі на гэта тры дні, і ён вылецеў, нават не здагадваючыся аб прычыне такога раптоўнага рашэння. Па ўзаемнай дамоўленасці ўрадаў ЗША і СССР Вальтера Цішэка абмяняюць на двух асуджаных савецкіх шпіёнаў. Айцец Вальтэр, правёўшы амаль дваццаць тры гады ў Савецкім Саюзе, у асноўным у турмах і сібірскіх лагерах прымусовых прац, 12 кастрычніка 1963 года вяртаецца на радзіму.
А. Вальтэр Цішэк памёр 8 снежня 1984 года. У Ватыкане ідзе працэс яго беатыфікацыі.
“Ніводнага імгнення нельга марнаваць, ніводнай магчымасці нельга прапускаць, таму што кожны момант у жыцці мае мэту, кожны з іх ёсць у Божым плане. Падумай пра свой дзень, сённяшні ці ўчарашні. Падумай пра тую працу, якую рабіў, пра людзей, якіх сустрэў, момант за момантам. Што гэта ўсё значыла для цябе і якое значэнне мела для Бога? Ці гэтае пытанне гучыць занадта лёгкім, ці мы проста баімся задаць яго, баючыся адказу, які мы павінны даць?” Вальтэр Цішэк SJ