Прыслухацца да глыбокіх прагненняў свайго сэрца і не толькі марыць, але працаваць аддана і адважна, дарэшты давяраючы Богу – няпростая задача.
Жаданні павінны здзяйсняцца. Радасць, якая напаўняе сэрца, калі спаўняецца штосьці запаветнае, сведчыць аб гэтым вельмі яскрава. Яна трывае доўга, асабліва калі збываюцца жаданні глыбокія і невыказныя.
Тэма чалавечых жаданняў такая багатая і шматузроўневая, што прыйдзецца многае абмінуць, каб сказаць хоць нешта канкрэтнае. Сёння нас будзе цікавіць сувязь таго, чаго прагнем, з Божай воляй. Добра было б на самым пачатку глянуць на сваё жыццё і адзначыць, як змяняліся жаданні з часам, што сталася з дзіцячымі марамі, як досвед няшчасця або, напрыклад, бацькоўства ці іншай формы адказнасці паўплываў на нас.
Сапраўдныя жаданні з’яўляюцца голасам Бога ў сэрцы чалавека. Калі давяраем Пану, то можам разам з Ім зазірнуць унутр сябе, бо менавіта там жыве прагненне любові, спакою, свабоды, вечнага жыцця, моцнага сяброўства – са сваім Стварыцелем, у першую чаргу. І хоць далёка не для ўсіх глыбокіх жаданняў знойдуцца адпаведныя словы, усе яны добрыя, бо паходзяць ад Бога. Яны паказваюць, хто мы ёсць, кім можам стаць. Найлепш гэта бачна ў той час, калі чалавек выбірае, кім стаць. Так жаданне служыць людзям або больш грунтоўна вывучаць штосьці дапамагаюць адкрыць сваё пакліканне, будучую прафесію.
Прагненні сэрца павінны збывацца, калі гэта Божая воля, хіба не? Цікавае пытанне. За сваё жыццё, напэўна, не раз даводзілася пачуць, што трэба і самому штосьці зрабіць дзеля ажыццяўлення мар. Аднак гэтае “штосьці” не працуе, іначай адкуль жа балючае пачуццё няздзейсненасці, якое ўсё часцей ахоплівае людзей пад святы? Што ж, можа, і праз смутак Бог хоча нешта сказаць чалавеку…
Магчыма, мы не чуем сваіх жаданняў на самой справе? Змагаемся за тое, што “трэба, каб было”? Вось у малітве “Ойча наш”, навучаныя Панам Езусам, просім аб вялікіх дарах: быць Божымі дзецьмі, атрымаць жыццё і хлеб, міласэрнае прабачэнне, свабоду ад крыўды на іншых, выратаванне ад спакус і зла… Просім, атрымліваем – і што далей?
Пад Ерузалемам Езус распавёў прыпавесць пра дзесяць слуг, якім гаспадар даручыў немалыя грошы, каб пусцілі іх у абарот. Некаторым удалося памножыць багацце, а хтосьці не стаў нават спрабаваць і намагацца, бо міну (1 кг срэбра або золата) “трымаў у хустцы”. Якое ўсё ж незвычайнае параўнанне выбірае Хрыстос – Божыя дары з грашыма… Паслухмяны слуга павінен быў выйсці з маёнтка, знайсці, куды інвеставаць сродкі. Яму давялося рызыкнуць і даверыцца, працаваць, выпрабоўваць розныя шляхі, трымаць вочы і вушы адкрытымі, каб не прапусціць зручны момант. А таксама мусіў зведаць горыч паражэнняў і страты, але, падлічыўшы прыбытак, ён радаваўся і з удзячнасцю ўзгадваў пройдзены шлях ды людзей, якія спадарожнічалі на шляху. Які рух! Якая праца!
І вось, напрыклад, вера як дар, які мы атрымліваем. Што з ім рабіць, каб выканаць волю Дарыцеля? Па-першае, спытаемся ў сябе: ці вера з’яўляецца глыбокім жаданнем сэрца? Часам варта задацца такім пытаннем. Менавіта энергія жадання прыводзіць у рух чалавека. “Верыць – значыць верыць Яму, верыць, што праўдай ёсць тое, што Ён нас любіць, што жыве, што здольны ўваходзіць патаемна, што нас не пакідае, што перамяняе зло ў дабро сваёй моцай i бясконцай крэатыўнасцю. Значыць верыць, што Ён як Пераможца ідзе праз гісторыю, а разам з Ім ідуць Яго «пакліканыя, выбраныя і верныя» (Ап 17, 14)”, – піша папа Францішак у адгартацыі “Evangelii gaudium”.
Мы молімся аб дары веры і атрымліваем яго. Заклік “паглыбляйце веру” гучыць інакш, чым “зарабляйце” з прыпавесці Езуса. “Памнажай і развівай” напісана аб Божых дарах. Па сутнасці гаворка пра тое ж самае – рух і праца. Але галоўнае, што яшчэ не прагучала – мэта. Памятаем, што мы пакліканыя (і хочам) набліжацца да Бога, пазнаваць і любіць Яго ўсё больш. “Чалавек, калі губляе асноўны напрамак, які яднае яго жыццё, губляецца ў разнастайнасці сваіх жаданняў. Баронячыся ад чакання часу абяцання, ён распыляецца на тысячы хвілін сваёй гісторыі” (Lumen Fidei, 13). Магчыма, і гэта нам знаёма: раздрабленне на тысячы памкненняў, якія часам цягнуць у супрацьлеглыя бакі.
Па праўдзе, ніхто не зможа зрабіць ні кроку ў добрым кірунку, калі будзе разлічваць толькі на сябе. Бог кліча кожнага да жыцця ў веры, і гэта цалкам Яго дзеянне і праца. Бог адкідвае “пыхлівых сэрцам”, якія хваляцца, што могуць самі і дайсці, і дасягнуць, і заслужыць. Тым не менш (яшчэ раз вернемся да прыпавесці) дае чалавеку ўсё, але чакае яго ўдзелу. Выказванне “складзеныя рукі працы не зробяць” справядліва нароўні з “без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15, 5). Парадаксальна – як дзеянні могуць адначасова быць маімі і цалкам Божымі? Розум няздольны ахапіць гэта, хіба што ў тэорыі, тады як пыха будзе трымацца да апошняга, каб палічыць хоць штосьці ўласным дасягненнем.
Нашмат важней за нашы незразуменне і трывогі – давер і адвага. Можна не баяцца, бо канчатковы вынік намаганняў залежыць ад Бога. І ўсё ж працаваць трэба ў трымценні, ведаючы сябе, сваю недасканаласць і слабасць. Насамрэч у хрысціянстве хапае супрацьлегласцей. Напрыклад, “хто хоча сваё жыццё ўратаваць, загубіць яго” (Мк 8, 35), – гаворыць Езус, які сам ёсць сапраўдным Богам і сапраўдным Чалавекам. Як заўважыў англійскі пісьменнік і апалагет хрысціянства Гілберт Кіт Чэстэртан, “чысты белы колер стаіць побач з чыстым чырвоным, не апускаючыся да бледна-ружовага кампрамісу”.
Таму, жадаючы нешта асягнуць ці выправіць недахопы, вытрываць у прынятым рашэнні ці зрабіць штосьці іншае, згоднае з Божай воляй, мы ўваходзім у гэтую парадаксальнасць. Яна, дарэчы, можа запаволіць нашы крокі. А. Леанард Боўз SJ у сваёй кнізе “На парозе” прапанаваў незвычайны вобраз, які дапамагае захоўваць раўнавагу:
“Калі хочаш, мы ідзём па вузкім мосце праз жахлівую прорву, рызыкуючы сарвацца як з аднаго боку, так і з другога. Таму, падняўшы галовы і гледзячы на далёкі бераг, мы павінны ісці проста пасярэдзіне моста. Праца наша, таму мусім быць нястомнымі ў высілках, робячы так, нібы ўсё залежыць ад нас саміх. І яна Божая, таму можам быць перакананымі ў перамозе, спакойнымі, нібы бітва ўжо выйграна, і поўнымі даверу, нібы ўсё залежыць выключна ад Бога”.
Аб чым гавораць нашыя жаданні? У якіх з іх гучыць Божы голас і запрашэнне?
Тэрэса Клімовіч
Упершыню апублікавана ў газеце “Слова Жыцця” № 22 (528) 2019